Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пакрывае абавязковае страхаваньне эканомію на добраахвотным?


Ігара Карней, Менск Кіраваньне транспартным сродкам аўтаматычна трапляе ў шэраг заняткаў падвышанай рызыкі. Ніхто з кіроўцаў ды пешаходаў не можа адчуваць сябе цалкам бясьпечна. Але застрахавацца можна, для чаго існуюць працэдуры абавязковага і добраахвотнага страхаваньня. Наколькі эфэктыўная сыстэма страхаваньня ў Беларусі?

Ці можна застрахавацца ад “асацыяльных” паводзінаў?

2007 год ужо азмрочыўся ростам каэфіцыенту цяжкасьці наступстваў у выніку дарожна-транспартных здарэньняў. Колькасьць загіблых у суадносінах на 100 пацярпелых вырасла з 14,7 да 15,4. А па Менскай вобласьці гэты паказчык яшчэ вышэйшы – ажно 20 памерлых ад траўмаў на кожную сотню пацярпелых у ДТЗ.

Старшыня праўленьня Беларускай асацыяцыі экспэртаў і страхавальнікаў на транспарце Юры Важнік прычыны такога росту бачыць ня толькі ў агульнапрынятых “ківаньнях” на імклівы рост аўтапарку, але і ў “асацыяльных паводзінах” на дарозе:

“У многіх выпадках вінаваты, канечне, сам кіроўца, яго памылкі як апэратара. Чалавек можа проста элемэнтарна “празяваць”, можа элемэнтарна не сканцэнтравацца. Гэта адна вялікая частка. Вельмі часта яго правакуюць на гэта нейкія праблемы дарогі. А іншая вялікая частка, прычым для Беларусі яна складае больш за траціну, – гэта асацыяльныя паводзіны. Паводзіны, якія ўвогуле нельга прызнаць нармалёвымі. Гэта нецьвярозы стан, кіраваньне без правоў, альбо ўсё больш частыя ўцёкі зь месца здарэньня (за 8 месяцаў 2007-га кожны восьмы кіроўца, вінаваты ў ДТЗ – больш за 600 чалавек – зьнікалі зь месца). Вось галоўныя фактары ДТЗ, якія вырашаюцца ва ўзаемадзеяньні са страхавымі кампаніямі, судамі і г.д.”

І хоць палегчыць душэўныя пакуты сваякоў трагічна загіблых практычна немагчыма, але матэрыяльна падтрымаць у складаны момант закліканая галіна, што займаецца страхаваньнем выпадкаў грамадзянскай адказнасьці.

Ці трэба плаціць загіблым у ДТЗ?

У Беларусі абавязковае страхаваньне ўладальнікаў транспартных сродкаў уключае тры віды дамоваў. Па-першае, гэта дамова ўнутранага страхаваньня, якая дзейнічае на тэрыторыі Беларусі і якой ахопленыя ўсе аўтаўладальнікі. Па-другое, дамова памежнага страхаваньня для неграмадзянаў Беларусі, якія едуць з-за мяжы. Па-трэцяе, дамова страхаваньня “Зялёная карта” – для грамадзянаў краіны, якія выяжджаюць з краіны на сваіх аўто. Пагадненьне дзейнічае на тэрыторыі 44 краін і адразу можна сказаць: машыну зь беларускімі нумарамі за межы краіны без “Зялёнай карты” ня выпусьцяць.

Ці могуць прэтэндаваць на страхавыя выплаты сваякі загіблых ці пакалечаных у выніку аварый як у Беларусі, так і за межамі краіны? На пытаньне адказвае спэцыяліст аддзелу страхаваньня транспарту прадпрыемства “Белдзяржстрах” Ірына Доўнар:

“Справа ў тым, што страхуецца грамадзянская адказнасьць уладальніка, калі ён нанясе сваім транспартным сродкам шкоду. І калі загіблы кіроўца прызнаны вінаватым у ДТЗ, а таксама пацярпелі людзі ў ягонай машыне, то толькі пасажырам будзе выплачаная кампэнсацыя па жыцьці і здароўі, па грамадзянскай адказнасьці. Таму што яго грамадзянская адказнасьць была застрахаваная, ён нанёс шкоду, уключна зь людзьмі, якія былі ў машыне – сваім транспартным сродкам, сваёй няўвагай.

А калі сам загіблы кіроўца ня быў застрахаваны ад няшчасных выпадкаў, то і ягоныя сваякі нічога не атрымаюць. Калі ён пацярпелы – натуральна, па полісе вінаватага аплацяць. І, канечне, тыя атрымаюць людзі, якія пацярпелі ў іншай машыне. Але на такія здарэньні ёсьць добраахвотнае страхаваньне ад няшчасных выпадкаў кіроўцаў і пасажыраў, гэта асобны від. Калі чалавек па аўтаКАСКА сваю машыну страхуе, то мы прапануем яшчэ страхаваньне кіроўцы і пасажыра”.

Зь “Зялёнай картай” можна ўчыняць аварыі дзе заўгодна?

АўтаКАСКА – самы папулярны добраахвотны від страхаваньня аўтамабіля. Штогадовая сума страхавых адлічэньняў складваецца ў залежнасьці ад пераліку страхавых выпадкаў, новая гэта ці патрыманая машына і г.д. У сярэднім сума стартуе ад 350-400 даляраў на год і мае на ўвазе кампэнсацыю за пасьляаварыйны рамонт, а таксама выплату за яе пашкоджаньне ці крадзёж.

АўтаКАСКА можа распаўсюджвацца на тэрыторыі іншых краінаў, але страхавальнік пры падачы заявы мусіць пісьмова ўказаць гэтыя дзяржавы. Чым у пераліку іх больш, тым больш істотна карэктуецца кошт. Але, калі аварыя па віне беларускага кіроўцы здарыцца ў Літве, а АўтаКАСКА дзейнічае толькі на тэрыторыі Беларусі, страхавая кампанія плаціць ня будзе на той падставе, што ў заяве не была ўказана Літва. Таму, як кажа мая суразмоўца Ірына Доўнар, найлепшай гарантыяй тут “Зялёная карта”:

“У асноўным карыстаюцца паслугай легкавыя аўтамабілі: 15 дзён каштуюць 30 эўра. На месяц – 50 эўра. Гэта на ўсе краіны. І ў нас ёсьць тарыфы асобна на Ўкраіну і Малдову. Пры выезьдзе на адпачынак, што пераважна летам бывае, каб людзям было не накладна, распрацаваныя іншыя тарыфы, яны нашмат меншыя. Таксама даецца “Зялёная карта”, але адкрытыя толькі гэтыя краіны. Для легкавога аўтамабіля на 15 дзён каштуе 5 эўра, на месяц – 10”.

Карэспандэнт: “А што да сумаў страхавых выплат?”

“Страхавая сума па дамове страхаваньня “Зялёная карта” вызначаецца па ліміце краіны здарэньня. То бок, у кожнай краіне ўсталяваны свой ліміт адказнасьці. Дзесьці ён без абмежаваньняў, як у Заходняй Эўропе; ва Ўкраіне – 2, 5 тысячы даляраў. І там, дзе адбылося ДТЗ з удзелам нашага грамадзяніна, які вінаваты, мы і будзем несьці адказнасьць, плаціць па гэтым полісе – паводле законаў той краіны і ў вызначаным памеры. Карта каштуе аднолькава для кожнай краіны – 30 эўра заплаціў, і можаш трапляць у ДТЗ хоць у кожнай краіне. Але ўсюды мы будзем паводле свайго ліміту аплачваць”.

Паводле Міністэрства фінансаў, за першае паўгодзьдзе 2007-га 23 страхавыя кампаніі Беларусі, якія маюць права на аказаньне адпаведных паслугаў, сукупна атрымалі ўнёскаў па дамовах страхаваньня больш чым на 300 мільярдаў рублёў (доля “Белдзяржстраху” у агульным паказьніку – 177 мільярдаў). Выплаты страхавой кампэнсацыі склалі крыху больш за палову ад сабранага – 155 мільярдаў рублёў. Пры гэтым у структуры страхавых выплат на долю добраахвотных відаў страхаваньня прыходзіцца толькі 33%.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG