Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• “Дзяржава не скіравана на разьвіцьцё асобы, уласьніка...”


Радыё Свабода, Горадня Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Кампанія пераводу прадпрымальнікаў у прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы не пайшла паводле сцэнару ўладаў. Толькі 5% індывідуальных прадпрымальнікаў вырашылі скарыстацца паводле ільготнай схемы й перарэгістрацца да 10 лістапада. Большасьць прадпрымальнікаў не зьбіраюцца ствараць унітарныя прадпрыемствы.

На Гарадзенскім цэнтральным рынку зьнешне ўсё выглядае даволі спакойна. Але калі пачынаеш размаўляць з прадпрымальнікамі пра іх перарэгістрацыю ў новую форму ўласнасьці, адчуваецца, як зьмяняецца ў людзей настрой.

Нават тыя, хто й зараз працуе без наёмных работнікаў, сьцьвярджаюць, што калі ўлада ўзялася за тое, каб прадпрымальнікі зьмянілі форму ўласнасьці, то яна гэтага будзе дамагацца рознымі спосабамі.

Спадар: “З Украіны ўжо нельга нічога амаль прывезці, з Польшчы таксама. Застанецца закрыць давоз тавару з Расеі, і на гэтым усё спыніцца. Мы самі разьбяжымся, бо ня будзе чым гандляваць і ня будзе ў нас працы”.

Як кажуць самі прадпрымальнікі, застаецца альбо перарэгістраваць форму ўласнасьці, альбо мяняць працу. Але што за гэтым стаіць?

Першы прадпрымальнік: “Мне 37 гадоў, работу я ў горадзе нідзе не знайду, а ісьці на будоўлю ў якасьці вучня ў маім узросьце... Таму я бачу рэальна, што давядзецца разам з жонкай адчыняць шэнгенскую візу і на сезон выяжджаць у Гішпанію зьбіраць цытрусы. А дзяцей будзе даглядаць мая маці. Гэта самае рэальнае”.

Другі прадпрымальнік прыводзіць прыклад, як працуе ягоны брат, які паўгады таму перарэгістраваў форму ўласнасьці ва ўнітарнае прадпрыемства.

Другі прадпрымальнік: “Ён тры мясяцы быў у мінусе, потым, быццам, стаў рэнтабельна працаваць, але прыбытку гэта не дае, паколькі ўсе даходы зьядаюць падаткі, арэнда і іншае. За паўгады ён нічога не зарабіў. Ня ведаю, хто гэта зможа вытрымаць, хіба толькі адзінкі, а так...”

Наёмная работніца, якая яшчэ да новага году гандлюе жаночым адзеньнем у прадпрымальніка, са смуткам заўважае, што нават не ўяўляе, дзе ёй шукаць працу.

Спадарыня: “Работу, якая б добра аплочвалася, немагчыма знайсьці. Ісьці працаваць у дзяржаную краму – там заробкі малыя. А калі ў цябе яшчэ двое дзетак, дык ты наагул ня ведаеш, што тут рабіць”.

Аб новых зьменах формы ўласнасьці прадпрымальнікаў мы разважаем з былым прадстаўніком гарадзенскага аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Зьмітром Іваноўскім. Ён заўважае, што за гады незалежнасьці Беларусі так і не ўдалося прадпрымальнікам стаць так званым сярэднім клясай. Зрэшты, як, на яго думку, не ўдалося збудаваць незалежнай дзяржавы.

Пытаюся ў Зьмітра Іваноўскага: у чым, на яго думку, галоўная прычына таго, што не ўдалося?

Іваноўскі: “Само грамадзтва не зьмяніла ні стаўленьня да прыватнай уласнасьці, ні сыстэмы кіраваньня. Засталася тая самая савецкая дзяржава, якая й была. Яна ні эканамічна, ні палітычна не скіраваная на разьвіцьцё асобы, уласьніка...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG