Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Разьвіваецца той бізнэс, які знаходзіцца пад “дахам” уладных структураў


Радыё Свабода Тэма грамадзкага рэдактара тыдня З амаль чатырох тысячаў юрыдычных асобаў і 29 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў, якія працуюць на тэрыторыі Гомельскай вобласьці, ня так-і шмат знойдзецца даволі пасьпяховых людзей, каб зараблялі яны ня проста на існаваньне, а на прыстойную будучыню сабе, сваім дзецям і ўнукам.

Вызначаюцца ў гэтым накірунку хіба толькі мясцовыя бізнесоўцы, звязаныя з замежнымі фірмамі, што дзейнічаюць у свабоднай эканамічнай зоне “Гомель-Ратон”. Тут у большай ступені вызначаны, як кажуць, правілы гульні: аддай дзяржаве належнае, астатняе – твая ўласная ініцыятыва.

Ну і ня маюць, канешне, асаблівых праблемаў тыя бізнэсоўцы, якія адкрыта працуюць зь мясцовымі ўладамі. У іншых выпадках выбівацца прадпрымальніку без апекаваньня ўладных чыноўнікаў надзвычай складана.

Быў, праўда, на Гомельшчыне прэцэдэнт, калі бізнэсовец ад зямлі – фэрмэр Міхаіл Шруб з Жыткавіцкага раёну – “ раскруціўся” ва ўмовах жорсткага прэсінгу прадстаўнікоў мясцовай улады. І фэрмэрская гаспадарка Шруба ўжо чатыры разы прызнавалася лепшай ў Беларусі.

Гаворыць спадар Шруб:

“На зямлі ў прынцыпе можна працаваць. На нашай зямлі можна займацца бізнэсам. Не папрашайніцтвам сацыяльным: “Дайце, мы прападаем, мы не жывем”, а бізнэсам. Карміць сябе, сваіх дзяцей, сваіх працаўнікоў, пералічваць падаткі ў бюджэт краіны – весці годнае жыццё. А той час, якія я губляю на барацьбу, скарыстаць на паездку на Канары ці хаця б у санаторый “Радон” – хоць бы раз за дзесяць гадоў. У дзяржавы шмат магчымасьцяў забясьпечваць кантроль за захаваньнем правоў людзей, не заводзячы сытуацыю ў тупік”.

Дробны бізнэс цяпер наогул кінуты на выжываньне. Патрабаваньне ствараць прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы пазбавіла яго магчымасьці разьвівацца. Большасьць дробных гандляроў рэгіёну праігнаравала гэтае чарговае новаўвядзеньне.

Меркаваньне на гэты конт індывідуальнага прадпрымальніка Ўладзімера з Гомеля:

“Нашы ўлады трымаюць усіх за дурняў. Праз месяц яны зноў зьменяць законы, і застанемся мы без кватэраў, без штаноў – без усяго”.

Індывідуальным прадпрымальнікам з новага году забараняецца мець наёмных працаўнікоў. Абмяжоўваецца трыма асобамі нават удзел у сямейным бізнэсе блізкіх сваякоў.
XS
SM
MD
LG