Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 23 лістапада


Юлія Шарова, Менск Агляд беларускага сеціва

У суполцы Жывога Журналу minsk_by зноў вяртаюцца да вынікаў сустрэчы беларускіх рок-музыкаў з кіраўніком галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім. Нехта Zhenjan_belorus піша: “...чаму не было ніякага гандлю? Мужыкам папросту прызначылі іхную цану! Ім папросту сказалі: “Мы вас пакажам па БТ, а за гэта вы будзеце сьпяваць “Слухай бацьку”. Дый годзе. Фраза: “Хлопцы, ня лезьце ў палітыку” значыць ня тое, што “Хлопцы, ня ўдзельнічайце ў выбарах”. Яна значыць: “Хлопцы, забудзьцеся на тое, кім вы былі, забудзьцеся на тых людзей, якія слухалі вас ужо не адзін год, плюньце на іхныя погляды, і тады, быць можа, мы дамо вам магчымасьць сьпяваць на разагрэве ў Анжалікі Агурбаш”.

Лідэр гурту NRM Лявон Вольскі ў сваім блогу камэнтуе сытуацыю вакол гэтай падзеі. Ён зьвяртае ўвагу на тое, што калі беларускія рок-гурты былі фактычна пад забаронай, грамадзкасьць нічога не рабіла дзеля таго, каб выказаць з гэтай нагоды сваё абурэньне: “Самае брыдкае – уражаньне, што ўсё гэта ўсіх задавальняла. Як задавальняе ўсіх (і Захад) цяперашняя сытуацыя ў краіне. Вось яны – чыстыя, сьветлыя нашыя забароненыя музыкі. Сядзяць без канцэртаў. Затое не заплямілі сябе супрацай. Пачакайце, дык мы ж тры гады таму былі на БТ і ОНТ, і на дзяржрадыё. Значыцца, ужо заплямілі? А наагул, правядзеньне канцэрту ў Палацы рэспублікі – гэта нармальна? Ці лепей да гэтага будынку і блізка не падыходзіць? А КЗ “Мінск”? Таксама цалкам дзяржаўная, уладная заля. Добра быць прафэсійным змагаром. А заадно працаваць праграмэрам”.

На форумах парталу TUT.by зьвярнулі ўвагу на выказваньні прадстаўніка беларускага МЗС Уладзімера Серпікава – ён выступіў сёньня на X Менскім форуме. Са словаў спадара Серпікава, Эўразьвяз ня хоча зразумець Беларусь, а ў эўрапейскіх палітычных колах сфармаваўся крытычны і аднабаковы погляд. У дачыненьні да Беларусі ўжываюць двайныя стандарты, а тым часам насельніцтва Беларусі падтрымлівае ўладу, а сама краіна зьяўляецца для Эўразьвязу прадказальным і надзейным партнэрам. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“Стандартная хлусьня, словы месцамі перастаўленыя, і тое не паўсюль... курс наперад... народ падтрымлівае... усё нейкі мітычны народ усё некага падтрымлівае... Наконт прадказальнасьці й надзейнасьці – моцна адпалена. Асабліва зіму 2007 памятаюць палякі. За месяцы, мусіць, прадказалі, што бацька кранік прыкрые”.

Блогер Pustasloy піша ў сваім сеткавым дзёньніку:

“А вось мяне турбуе рэкляма беларускіх лятэрэяў... Першы сюжэт: нібыта тата-чыноўнік (ці іншая асоба, блізкая да арганізатараў лятэрэяі) пытаецца ў дачушкі, ці сапраўды яна хоча гэты мэрсэдэс, а пасьля станоўчага адказу ўпэўнена выпраўляе яе да яго – “забірай, дачушка”. Другі сюжэт: бандыт прыходзіць у банк і кажа пра тое, што ў адрозьненьне ад папярэдніх разоў, сёньня ён атрымае грошы законна – у выйгрышы застаюцца бандыты...”
XS
SM
MD
LG