Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Замяталін разьлічвае на “Оскара”


Уладзімер Глод, Менск На “Беларусьфільме” рыхтуецца стужка, якая мусіць, паводле дырэктара студыі Уладзімера Замяталіна, ня толькі атрымаць самыя высокія ўсясьветныя ўзнагароды, але і ўскалыхнуць увесь былы СССР. Фільм прызваны патлумачыць, чаму адбыўся развал Савецкага Саюзу, і як гэта адбілася на лёсе розных людзей. Аб грандыёзных плянах сёньня на прэсавай канфэрэнцыі расказаў галоўны чалавек у беларускім кіно –Уладзімер Замяталін.

Новы фільм Уладзімер Замяталін паабяцаў прадставіць “магчыма, ужо дзесьці на стыку 2008-га і 2009-га гадоў”. Магло б атрымацца і раней, але гэтаму перашкаджалі пэўныя прычыны, тлумачыць кіраўнік “Беларусфільму”:

“Калі б не пачатак 1990-х гадоў, час, які можна назваць згубленым, і не штурханьне ва ўсеабдымны бардак, лічу, што мы ўжо даўно атрымалі б “Оскар”. І ў нас велізарная колькасьць таленавітай моладзі не разьехалася б па ўсіх напрамках сьвету”.

Спадар Замяталін гаворыць, што для падрыхтоўкі вялікага фільму трэба многае зьмяніць у кінавытворчасьці. Да гэтага студыя “Беларусьфільм” 15 гадоў несла страты. І толькі сёлета атрымала першыя прыбыткі:

“Кінастудыя будзе зарабляць грошы. І будзе акумуляваць грошы на праект, які аднойчы, як гавораць, стрэліць і зьявіцца”.

Згаданы праект Уладзімер Замяталін называе “праектам вельмі сур''ёзнага маштабу і рангу”:

“Гэта тэма развалу Савецкага Саюзу насуперак грамадзкай сьвядомасьці. Тэма развалу не на роўні высокіх палітыкаў. Таму што там усё замешана на п’янцы, гарэлцы, уласным рэнамэ, уласным партфэлі, уласным палітычным бізнэсе.

Гаворка пойдзе пра лёс звычайных людзей, якія трапілі ў гэты вір. І там гаворка пойдзе пра афіцэраў і салдатаў спэцслужбаў. У якім яны апынуліся становішчы? Што яны рабілі на тэрыторыі Прыбалтыкі? Як афіцэры расстрэльвалі Белы дом? І галоўнае – чаму яны гэта рабілі?

Наколькі я ведаю, такога фільму пакуль няма. У Расеі саромеюцца сказаць пра гэта. А мы саромецца ня будзем. Мы скажам менавіта тое, што лічым патрэбным. Бо гэта мы носім на сабе грэх таго, што ў Белавескай пушчы гэтая ганьба адбылася”.

І такі сюжэт пацягне на Оскар? – пацікавіліся журналісты.

Кіраўнік “Беларусьфільму” ўпэўнены:

“Больш, чым на Оскар. На некалькі Оскараў”.

Я таксама пацікавіўся ў спадара Замяталіна:

“Вы ўжо пішаце сцэнар гэтага лёсавызначальнага для беларускага і ўсясьветнага кіно фільму?”

“Пішам, пішам”.

“Пішам ці пішаце – вы асабіста?”

“Не, я не пішу”.

“Значыць, гэта будзе нехта іншы?”

(Сьмяецца.) “Ужо піша чалавек. І вы яго цудоўна ведаеце”.

Віктар Дашук: “Эфэкт “Лістапада” для беларускага кіно нулявы”, 21.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG