Лінкі ўнівэрсальнага доступу

• Чаму так мала беларускіх тэлесэрыялаў?


Іна Студзінская, Менск Тэма грамадзкага рэдактара тыдня Самы запатрабаваны прадукт сёньня на тэлевізіі – сэрыялы. Яны – клясычны ўзор пасьпяховага бізнэсу: фільм можна прадаць на многія каналы, хутка акупіць выдаткі і атрымаць прыбытак. Гэта вельмі хутка зразумелі ў Расеі, дзе вытворчасьць сэрыялаў стала індустрыяй. Усьлед пайшла Ўкраіна. Чаму ж ён не разьвіваецца ў Беларусі, дзе ёсьць вялізная кінастудыя “Беларусьфільм”, добрыя акторы і рэжысэры? Чаму ў Беларусі няма шоў-бізнэсу?

Беларускія кінэматаграфісты пачалі здымаць сэрыялы яшчэ ў 1970-я гады. Першай ластаўкай стала “Ўся каралеўская раць” з зоркамі савецкага кіно: Георгіем Жжонавым, Міхаілам Казаковым, Алегам Яфрэмавым, Алай Дзямідавай. У 1980-х зьнялі “Дзяржаўную мяжу”, “Плач перапёлкі”. А напачатку 1990-х зьявілася ідэя паставіць вытворчасьць сэрыялаў на паток, першымі ў колішнім СССР. Згадвае рэжысэр Юры Хашчавацкі:

“Я прапаноўваў здымаць сэрыялы на “Беларусьфільме”, гэта быў 1991 год, калі да гэтага ў Маскве яшчэ не дайшлі. Каб тады пачалі, зараз бы “рванулі” і былі наперадзе. І акторы былі б занятыя, праца была б ва ўсіх. А тады сядзелі, як мышы пад венікам, і ніхто не захацеў зрушыцца зь месца”.

Кінастудыя пайшла ў новыя рынкавыя адносіны іншым, прымітыўным шляхам: здавала ў арэнду ўсё, што магла, і за кошт гэтага жыла. У пэрспэктыву не заглядвалі, падсумоўвае Юры Хашчавацкі.

“Вот гэта сініца ў руцэ – грошы за арэнду памяшканьня і гэтак далей – пераважыла магчымасьці, палёт фантазіі. Не было вось гэтага прадпрымальніцкага нюху ў кіраўніка, не існавала яго, на жаль”.

Ю.Хашчавацкі: “Зараз рынак, канечне ж, ужо заняты”

Беларускія сэрыялы можна палічыць на пальцах адной рукі. Самая сур’ёзная і ўдалая праца – 33-сэрыйны “Гэты пракляты ўтульны дом”, які зьняў рэжысэр Уладзімер Арлоў. Чаму справа ня рушыцца й зараз?

“Няма грошай. І нікому ня хочацца гэтым займацца. Калі я пачаў здымаць гэты сэрыял, мне ўдалося спалучыць дзяржаўныя выдаткі на вытворчасьць і прыватныя сродкі, якія займалі 0,06% ад агульнай каштарысу фільма. Але гэта былі грошы, якія я павінен быў пакласьці ў рот галодным акторам. А пасьля майго сэрыялу забаранілі спалучэньне дзяржаўных і прыватных сродкаў. На гэтым усё скончылася”.

І тады прыйшлі расейскія кінематаграфісты, якія зьнялі на “Беларусьфільме” “Каменскую”, “Закон” і многія іншыя сэрыялы – бо тут працаваць значна таньней, чым ў Маскве. Размаўляем з намесьнікам дырэктара студыі па вытворчасьці Аляксандрам Цялушкам:

“Расейскія кампаніі – так, здымаюць”.

Карэспандэнтка: “А беларускія?”

“Зараз – не. Але часам здымаюць”.

На “Беларусьфільме” ёсьць пара-тройка ўласных сэрыялаў, створаных у асноўным сумесна з Расеяй: “Сяброўка-восень”, “Пяшчотная зіма”. Адзін зьняў тэлеканал ОНТ – “Тры талеры”, адзін БТ – “Маёр Ветраў” па кнізе Мікалая Чаргінца.

Дырэктар “Беларусьфільму” Ўладзімер Замяталін прызнаўся, што ў плянах кінастудыі ёсьць сэрыял, але на пытаньне хто здымае, пра што фільм – адказаў па-філязофску:

“Дзесяць сэрыяў будзе зьнята ў наступным годзе. Гэта будзе востры фільм. Пра жыцьцё”.

Што да масавай вытворчасьці сэрыялаў, Юры Хашчавацкі выказаў такое меркаваньне:

“А зараз рынак, канечне ж, ужо заняты. І даводзіцца абслугоўваць маскоўскія фірмы. Проста абслугоўваць фільмы, якія ствараюць тамтэйшыя рэжысэры, у якіх гуляюць тамтэйшыя акторы. А нашы акторы на падхваце, у масоўках. Як кажуць, цягнік сышоў...”

Таленавітыя беларускія рэжысэры акторы зьяжджаюць у Расею: Мікалай Пінігін, Анатоль Кот, Анатоль Кацянёў, Юлія Высоцкая...

“У Беларусі няма свайго шоў-бізнэсу”

Дарэчы, у расейскі шоў-бізнэс больш-менш пасьпяхова інтэграваліся і беларускія поп-зоркі: “Сябры”, Алена Сьвірыдава, “Ляпіс Трубяцкой”, Сярога, Натальля Падольская, Руслан Аляхно. Бо ў Беларусі няма свайго шоў-бізнэсу, сьцьвярджае прадусар тэлекампаніі “Карамболь” і выдавецтва “Вігма” Ўладзімер Максімкоў:

“У Беларусі шоў наагул нельга назваць бізнэсам, паколькі грошы наагул не круцяцца. Гэта кішэнныя грошы, то бок, артысты самі нешта сабе купляюць. А асноўны іх заробак – выступленьне на карпаратыўных вечарынках”.

Афіцыйныя асобы тлумачаць сытуацыю тым найперш, што Беларусь, маўляў, краіна маленькая. Сапраўды, тон шоў-бізнэсу задаюць Вялікабрытанія, ЗША, Эўропа ў цэлым, Японія. Аднак гэта зусім не азначае, дадаюць у міністэрстве культуры, што ў Беларусі няма таленавітых людзей. Вось меркаваньне апанэнтаў:

“Узровень шоў-бізнэсу не вызначаецца ўзроўнем таленту. Пад паняткам “шоў-бізнэс” маецца на ўвазе масавая культура. То бок тое, што максымальна прадаецца. А проста “раскруціць” можна і зэдлік. На некаторы час можна зрабіць зоркай і зэдлік”.

Так лічыць Уладзімер Максімкоў. Паводле яго, паказчык папулярнасьці – ня колькасьць кліпаў у тэлеэфіры, не ратацыя на радыёстанцыях, а магчымасьць сабраць поўную залю:

“На сольны канцэрт сёньня максымум 5-6 творчых адзінак ёсьць, якія могуць сабраць вялікую залю. Адзін канцэрт у год, напрыклад. “Монстры” кшталту “Сяброў”, “J_Mors”... Саша Саладуха зьбярэ залю раз у год, 100%. А ўсё астатняе – гэта маленькі самападман. У нас шоў-бізнэс, як у Жванецкага: “унутры сам усё вырабляе, унутры сам жа ўсё і спажывае”.
XS
SM
MD
LG