Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рок-Кола”: пробны камень дыялёгу?


Дзьмітры Падбярэзскі, Менск Апошняй забаронай у дачыненьні да рок-музыкаў зрабілася рашэньне полацкіх уладаў спыніць гісторыю фэстывалю “Рок-Кола”. Наш карэспандэнт спрабаваў высьветліць, ці можа вядомая сустрэча рок-музыкаў з галоўным ідэолягам краіны паўплываць на сытуацыю ў Полацку.

Сваё рашэньне адносна фэсту “Рок-кола” полацкія ўлады сфармулявалі наступным чынам: “Адзначыць нездавальняючую падрыхтоўку фэстывалю беларускай музыкі 26-27 кастрычніка і лічыць немэтазгодным правядзеньне фэстывалю «Рок-Кола», бо яно не адпавядае гістарычнай, духоўнай спадчыне горада Полацка і праваслаўю”.

Цягам сямнаццаці год фэстываль зьбіраў спачатку ў Наваполацку, а апошнія тры гады — у Полацку дзясяткі калектываў зь Беларусі, Расеі, Украіны. Цяпер існаваньне найстарэйшага ў краіне рок-фэсту можа спыніцца.

Аднак, пасьля сустрэчы ў адміністрацыі прэзыдэнта, забарона фэстывалю пачынае выглядаць ужо як пэўнае непаразуменьне. Цяжка меркаваць, ці пасьпела дайсьці да Полацку інфармацыя пра гэтую сустрэчу. Прынамсі, галоўны арганізатар «Рок-Кола» Сяргей «Аніса» Анішчанка нічога пра гэта ня чуў, хоць зь ягоных слоў і вынікае, наколькі ён пакрыўджаны згаданай вышэй фармулёўкай:

«Ніякай інфармацыі, нічога ня ведаю пра якую-небудзь рэакцыю. Ня ведаю, пакуль ня ведаю. Я толькі маю на руках такія вось... я шкоджу праваслаўю!»

Сайт «Тузіну гітоў» зьвязвае рашэньне ўладаў з тым, што ў Полацку адразу пасьля сканчэньня апошняга фэстывалю адбылася зьмена кіраўніка мясцовага адьдзелу КДБ, і што менавіта ён ініцыяваў рашэньне пра забарону.

Адна з удзельніц «Рок-Кола», салістка групы “Indiga” Руся не хавае свайго зьдзіўленьня гэтым крокам полацкіх уладаў:

“Я не заўважыла там анічога такога антыправаслаўнага ці антыхрысьціянскага. Наадварот: усё гэтак мірна, сьветленька, і мне падаецца, што фэстываль “Рок-Кола” — гэта адзін з такіх вельмі шчырых па эмоцыях, сьветлых і чыстых. Я ня ведала, што былі менавіта такія афіцыйныя прычыны на забарону фэстывалю. Нават неяк дзіўна. А што ж тады ўлады прапануюць узамен? Таму стаўлюся да гэтага выключна нэгатыўна. Апошнюю “Рок-каранацыю” бачылі ўсе, “Басовішча” — далёка, а так было “Рок-Кола”. Зараз і “Рок-Кола” няма. Мне шкада...”

Сярод мноства часам надзвычай эмацыйных выказваньняў з нагоды “сустрэчы ў вярхах” можна сустрэць і такое: час пакажа, наколькі беларускія ўлады насамрэч зацікаўлены выправіць сытуацыю ў галіне рок-музыкі. У гэтым сэнсе гісторыя з забаронай “Рок-Кола” можа зрабіцца рэальным пробным камянём. Калі дыялёг насамрэч пачаўся, а не імітуецца, полацкія ўлады змушаныя будуць сваю забарону адмяніць. З гэтым згодная і Руся:

“Трэба пачакаць крышку, а там пабачым, адгукнецца гэтая сустрэча на полацкіх уладах ці не”.

Л.Вольскі: “Краіну ніхто не прадаваў”, 22.11.2007 Пагадненьня між адміністрацыяй прэзыдэнта і беларускімі музыкамі няма, 22.11.2007 Алег Хаменка: “Ніхто нічога ўзамен не паабяцаў”, 22.11.2007 Беларускія ўлады абяцаюць рок-зоркам адмену забароны на іх выступы, 21.11.2007
XS
SM
MD
LG