Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Гомлі падтрымаў забарону сацыяльных пікетаў


Радыё Свабода, Гомель Сёньня суд Цэнтральнага раёну Гомелю разгледзеў пазовы дзевятнаццаці гараджанаў да гарвыканкаму, які забараніў пікеты супраць адмены сацыяльных ільготаў.

Пэнсіянэр і адзін з заяўнікаў сацыяльнага пікету Леанід Удавенка так патлумачыў свае прэтэнзіі да гарвыканкаму:

“Выканкам зусім ня думае пра тое, што трэба захоўваць нейкія параграфы законаў. Ім глыбока абыякава, напляваць на ўсе гэтыя нашыя льготы. Яны не баяцца адказнасьці, нікому не даюць справаздачы.

Ільготы, якія хочуць адмяніць 17 сьнежня, датычаць мяне матэрыяльна ў першую чаргу. У мяне 260 тысяч рублёў пэнсія. Пры новым усплёску цэнаў, пры квартплаце больш як 100 тысяч рублёў на месяц, пры высокіх коштах на лекі — як жыць?

Нават праезд льготны хочуць адмяніць — прыйдзецца плаціць 26 тысяч. Для мяне пры маёй пэнсіі такія дадатковыя выдаткі вельмі заўважныя й значныя”.

Паводле сьведчаньняў у судзе многіх заяўнікаў, гарвыканкам, забараняючы пікеты, якія замаўлялі на 30 верасьня, парушыў ня толькі Канстытуцыю, але й Міжнародны пакт грамадзянскіх й палітычных правоў, падпісаны Беларусьсю.

Прадстаўніца гарвыканкаму ў судзе Паліна Лабанава патлумачыла, што адной частцы заяўнікам адмовілі ў пікеце, бо заяўку трэба падаваць за 15 дзён. Яны, маўляў, накіравалі заявы поштай 14 верасьня, а ў выканкам яны паступілі толькі 17-га. Два папярэднія дні – субота й нядзеля — выходныя, пошту ў гэты час у гарвыканкам ня носяць.

Іншай групе заяўнікаў гарвыканкам не дазволіў пікетаў нібыта таму, што яны не пазначылі сваіх прозьвішчаў і адрасоў у загалоўку замовы, а толькі ў тэксьце ці напрыканцы лістоў. А гэта нібыта парушае форму падачы замоваў.

Апошняя заўвага прадстаўніцы гарвыканкаму выклікала сьмех у залі: як жа гарвыканкам, ня ведаючы прозьвішчаў заяўнікаў, адказаў ім поштай, што пікеты забароненыя?

Спадарыня Лабанава наагул не магла патлумачыць, колькі масавых акцыяў гарвыканкам дазволіў, у прыватнасьці, дэмакратычным актывістам, і як выканкам зьбіраецца забясьпечваць канстытуцыйныя правы гараджанаў на свабоду мітынгаў, пікетаў ды іншых масавых акцыяў.

Яшчэ адзін пазоўнік да гарвыканкаму Пётар Борсук кажа:

“Яны проста баяцца за свае крэслы: ня дай бог, дазнаюцца пра гэта структуры Лукашэнкі, яны пазбавяцца сваіх пасадаў. Вось галоўная прычына”.

Выслухаўшы тлумачэньні бакоў, судзьдзя Сяргей Шыцікаў, які разглядаў пазовы да гарвыканкаму на забарону пікетаў, не задаволіў патрабаваньняў заяўнікаў, якія хацелі адмены рашэньня. Судзьдзя патлумачыў, што абгрунтаваньне пастановы дасьць паводле пісьмовай заявы ў суд.

Старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў, заяву якога таксама адхілілі, так пракамэнтаваў рашэньне судзьдзі:

“У Беларусі павінна быць незалежная судовая сыстэма. На жаль, цяпер суд цалкам падпарадкоўваецца ўладзе, і, зразумела, судзьдзя Шыцікаў ня мог пайсьці супраць гарвыканкаму”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG