Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі ўсе мы паздыхаем, дык уладу хто накорміць?”


Радыё Свабода Агляд тэлефанаваньняў на "Свабоду" — 23 лістапада, пятніца.

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з аўтографамі аўтараў. Тэлефон “Свабоды” ў Менску 266-39-52 працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


У Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў прынятая рэзалюцыя, якая асуджае Беларусь за парушэньне правоў чалавека. З гэтай нагоды выказваньні слухачоў:

Спадарыня: “Можна абурацца гэтай рэзалюцыяй ААН па Беларусі і папросту ня бачыць тут палітзьняволеных. Чужы боль не кранае, пакуль не адчуеш на сабе адваротны бок жыцьця.

Турмы перапоўненыя. Вось сядзяць Аўтуховіч зь Лявонавым. Маючы бізнэс, працавалі самі, давалі працаваць іншым. І чым яны небясьпечныя для грамадзтва, што нават на амністыю разьлічваць ня могуць?”

Наступнае тэлефанаваньне на тэму дачыненьняў улады й апазыцыі.

Пётар Сьцяпанавіч: “Слухаючы Радыё Свабода, часта чую, як затрымліваецца моладзь з дэмакратычных партыяў і арганізацыяў, абвінававаньне стандартнае — лаянка. Іх судзяць, даюць ад 3 да 15 сутак з адбываньнем у ізалятарах часовага ўтрыманьня ці прысуджаюць вялізныя штрафы.

Прычым пік затрыманьня прыпадае на правядзеньне важных палітычных кампаніяў. За выкананьне пляну міліцыянтаў узнагароджваюць.

Я падкажу адважным вартавым парадку месцы, дзе ня толькі можна выканаць плян па “лаянцы,” але і перавыканаць зь лішкам. Пераапранайцеся ў цывільнае і едзьце з восьмай да дзявятай у калгасы на палявыя станы, дзе праводзяцца плянэркі старшынямі калгасаў. Вы там такое пачуеце! Той моладзі, якую вы затрымліваеце, далёка да іх!

Наступны маршрут. У суботу вечарам едзьце на дыскатэкі, якія ладзіць БРСМ. Паміж танцамі там пачуеце ня толькі лаянку. А як па цёмных кутах паглядзіце, то і ня тое пабачыце.

Свае словы я пацьвярджаю пабачаным і пачутым. У калгас на ўборку бульбы я сёлета езьдзіў больш за месяц. На дыскатэках быў два разы з суседам. Ён сваю ўнучку сьцярог, а я яму дапамагаў. Дзьве-тры паездкі ў месцы, якія я вам падказаў, гарантуюць выкананьне пяцігадовага пляну. За гэта вам начальства ня толькі ўдзячнасьць аб’явіць, але і ўганаруе каштоўнымі падарункамі — а, можа, і мэдалямі.

Калі хочаце змагацца з лаянкай, змагайцеся, калі ласка, але ня толькі сярод актывістаў дэмакратычнага кшталту, а сярод усіх, не зважаючы на чыны і рангі”.

Працягваем праграму вершаванымі выказваньнямі пра адмену льготаў:

Спадарыня: “Пэнсію добрую я маю — Два разы схаджу ў краму, А пасьля адпачываю. Як у краму я пайду, Па прылаўках гляну, Радасьць маю ад таго, Што сьліну я глытаю. І на стале ў нас нягуста — На стале ў нас кожны дзень Буракі, морква, капуста. Ну а летам мы на дачы аддыхаем, Сьпіну добра мы раўняем. Моладзь наша пакідае родны дом. Наша моладзь уцякае за кардон. А навошта вам ільготы? Навошта лекі і яда? Нічога гэтага вам не дадуць. Затое, любыя мае, чакайце выбараў. Вас на машыне адвязуць”.

Беларус: “Да бунтоў не заклікаю, Толькі слова дайце мовіць. Калі ўсе мы паздыхаем, Дык уладу хто накорміць?”
XS
SM
MD
LG