Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Мартыралёг “Свабоды”: Лукаш Дзекуць-Малей


Радыё Свабода Сто імёнаў, сто лёсаў, сто дзён

ДЗЕКУЦЬ-МАЛЕЙ Лукаш (1.10.1888, Слонімскі пав. Гарадзенскай губ. -- 20.1.1955, Гданьск, Польшча), пратэстанцкі прапаведнік, рэлігійны дзяяч, перакладчык, выдавец. З 1910 вернік баптысцкай царквы, зьвязаны з пратэстанцкім рухам. Вучыўся на Першых беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. Калі жыў у Санкт-Пецярбургу, два гады наведваў біблейскія курсы. У 1918 браў удзел у Беларускім сялянскім зьезьдзе ў Горадні, на якім абраны ў Гарадзенскую павятовую раду. Арыштаваны польскімі ўладамі 13.2.1919 за выступы ад імя Літоўскай дзяржавы. З 1920 адзін зь лідэраў Беларускага нацыянальнага камітэту і старшыня Беларускай школьнай рады ў Горадні. З пачатку 1920-х займаўся рэлігійнай дзейнасьцю; прапаведнік у Берасьці. У 1920-24 пераклаў на бел. мову з польскай і расейскай 17 рэлігійных брашур. Сумесна з А.Луцкевічам выдаў па-беларуску «Новы Запавет і Псальмы» (Гэльсынкі, 1931). Займаўся дабрачыннай дзейнасьцю. Арыштаваны 19.6.1941 савецкімі ворганамі бясьпекі. Падчас нямецкай акупацыі прасьвітар бел. баптыстаў. У 1942 выдаў у Менску малітоўнік па-беларуску. У канцы вайны пакінуў Беларусь. З 2-й паловы 1940-х г. жыў у Гданьску. Літ.: Picarda J. The haevenly fire: A study of the origins of the Byelorussian New Testament and Psalms // Божым шляхам. 1975, №1-2; Луцкевіч А. Дзёньнік // Полымя. 1991, №4-5; Гарбінскі БРД; ЭГБ, т. 3. (Крыніца: Леанід Маракоў. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы 1794—1991)

***

Ад 1 верасьня на сайце “Мартыралёг Беларусі” друкуюцца біяграмы ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў - усяго каля 60 тысячаў імёнаў людзей, якія былі расстраляныя, зьняволеныя ў канцлягерах, высланыя зь Беларусі ў гады савецкага тэрору.

Штодня ад 1 верасьня да 10 сьнежня – Усясьветнага дня правоў чалавека – у эфіры “Свабоды” мы узгадваем адно імя, успамінаем пра адно жыцьцё, расказваем пра адзін лёс з сотняў тысячаў, абарваных камуністычным рэжымам.

Сьпісы ахвяраў - на сайце martyraloh.org - даступныя праз сайт svaboda.org.
XS
SM
MD
LG