Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Г.Бураўкін: “Мяжу ў адносінах паміж творцам і ўладай вызначае сам творца”.


Віталь Цыганкоў, Менск Вось ужо некалькі дзён у незалежнай прэсе і ў Інтэрнэце горача абмяркоўваецца сустрэча беларускіх рок-музыкаў з намесьнікам кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Алегам Праляскоўскім, што адбылася 21 лістапада. Ці трэба было музыкам хадзіць у Адміністрацыю? Дзе пралягае мяжа ў адносінах паміж уладай і творцам? На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае паэт Генадзь Бураўкін

Цыганкоў: “Сярод тых меркаваньняў, што гучаць цяпер у незалежнай прэсе, на форумах у Інтэрнэце – ёсьць і вельмі крытычныя. Некаторыя журналісты, нават прыхільнікі музыкаў сьцьвярджаюць, што яны не павінны былі ісьці да Праляскоўскага. Як вы ставіцеся да гэтага кроку рок-музыкаў?"

Бураўкін: “Я б не сьпяшаўся так катэгарычна адразу судзіць музыкаў за гэтую сустрэчу. У прынцыпе судзіць пра яе трэба будзе паводле яе вынікаў. Да чаго яна прывядзе, што яна дасьць? Мне хацелася б ведаць у дэталях, аб чым яны дамовіліся, і як яны дамовіліся. Бо ў творчасьці і мастацтве часта, як кажуць, менавіта ў дэталях хаваецца гэты самы д’ябал, які можа ўсё перакруціць.

Мяжа ў адносінах улады і творцаў вызначаецца перш за ўсё усё-такі творцамі. Кожны зь іх павінен вызначыць тое, дзе ва ўзаемаадносінах з чыноўнікамі нельга пераходзіць тую самую мяжу. Я гатовы зразумець нашых музыкаў, бо, вядома ж, ім хочацца, каб іх як мага больш чулі і ведалі. Гэта натуральнае пачуцьцё і жаданьне."

Цыганкоў: “Сапраўды -- якая розьніца, дзе прагучаць іхнія песьні? Калі яны прагучаць на дзяржаўных тэле-і- радыёканалах, сутнасьць гэтых твораў ад гэтага ня зьменіцца...”

Бураўкін: "Вядома, калі беларускія дзяржаўныя СМІ прадставяць свой эфір для тых жа “Палацу”, “Крамы”, “НРМ” – я толькі за гэта.

Іншая справа – чым гэтыя музыкі павінны аплаціць сваю прысутнасьць у дзяржаўным эфіры? Вось тут яны павінны прыняць рашэньне. Калі ад іх патрабуюць пазбавіцца сваіх прынцыпаў, груба кажучы, пераламіць саміх сабе, то яны павінны ўзважыць, ці вартая гэтая папулярнасьць такіх ахвяраў? І ці трэба ўвогуле такія ахвяры, каб завайваць большую папулярнасьць?”

Пагадненьня між адміністрацыяй прэзыдэнта і беларускімі музыкамі няма, 22.11.2007 Алег Хаменка: “Ніхто нічога ўзамен не паабяцаў”, 22.11.2007 Беларускія ўлады абяцаюць рок-зоркам адмену забароны на іх выступы, 21.11.2007
XS
SM
MD
LG