Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Барбары” Аруцюнава ў Менску


Радыё Свабода Мікалая Аруцюнава, лідэра папулярнай расейскага бэнду “Ліга Блюзу” немагчыма паблытаць ні з кім. Сёньня ён удзельнічае ў фэсьце “Блюз жыве ў Менску”. Перад імпрэзай зь ім сустрэўся Аляксандар Памідораў.

22 лістапада ў межах фэсту “Блюз жыве ў Менску” Мікалай Аруцюнаў выступіць у складзе новага супэрбэнду “Барбары Блюзу”. Акрамя Мікалая Аруцюнава, у склад “Барбараў Блюзу” уваходзіць цалкам гурт “Крама” на чале зь Ігарам Варашкевічам ды вядомы гітарыст Леанід Вярэніч.

Ужо некалькі год запар Мікалай Аруцюнаў мінімум два разы на год прыяжджае ў Беларусь, каб прыняць удзел у канцэртах ці запісах беларускіх музыкаў. Нядаўна ён гасьцяваў на прэзэнтацыі апошняга альбому гурту “Крама”. Сапраўднай нечаканасьцю для аматараў рок-музыкі стаў сумесны выступ Мікалая Аруцюнава зь лідэрам гурту “Крама” Ігарам Варашкевіч –“вэтэраны” па-беларуску засьпявалі “Бяжы, хлопец”.

Мікалай Аруцюнаў пагадзіўся адказаў на нашыя пытаньні.

Карэспандэнт: “Мікалай, вельмі прыемна бачыць вас так часта нашым госьцем. Як вы сябе тут адчуваеце?”

“З Беларусьсю ў мяне даўні “раман”. Можна нават казаць, што гэта каханьне з першага позірку, прынамсі, з майго боку. Ну, спадзяюся, што і іншы бок гэтаксама да мяне не раўнадушны. Ад пачатку гэтага стагодзьдзя я рэгулярна прыяжджаю ў Менск. Ужо ня памятаю, але за апошні час я ў Менску ўжо разоў пятнаццаць быў, а то і болей...”

Карэспандэнт: “А з чаго пачыналася творчае супрацоўніцтва зь беларускімі блюзавымі музыкамі?”

“Паколькі няма, скажам так, бюджэтнай магчымасьці прывозіць у Беларусь усю сваю каманду, я звычайна прыяжджаў адзін і граў сумесна з беларускімі музыкамі. Гэта былі такія своеасаблівыя “джэмы”: спачатку – хлопцы з “Крамы”, хтосьці асобна ці ўся каманда. Потым далучаліся іншыя. Карацей, вось так, крок за крокам, мы пачалі граць разам. Потым выявіліся якіясьці чалавечыя сымпатыі. То бок, з гэтых шматлікіх джэмаў, з гэтага сяброўства атрымаўся пастаянны праект.

Ня буду хаваць, што перадусім я сябрую з Ігарам Варашкевічам, таму што я з боку магу ацаніць ягоную музычную і чалавечую каштоўнасьць. Зрэшты, я гэтага не хаваю, я вельмі цаню яго песьні, бо песьні ў “Крамы” вельмі добрыя. Рэальна вельмі добрыя, моцныя песьні. І гэта лёс”.

На фэстываль «Блюз жыве ў Менску» зьбяруцца лепшыя блюзмэны Беларусі. На фэстывальнай афішы – Генадзь Старыкаў, Леанід Вярэніч, Вольга Аліпава, Юры Міхайлаў, Сяргей Трухановіч, Арцём Крычэўскі, Андрэй Плясанаў, гурты “Мадэра Хард Блюз”, “40 плюс мінус” ды іншыя. Фішкай фэстывалю – ужо згаданы супэрбэнд “Барбары блюзу”.
XS
SM
MD
LG