Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі: “Краіну ніхто не прадаваў”


Іна Студзінская, Менск Учарашні паход чацьвёркі беларускіх музыкаў – Ігара Варашкевіча, Лявона Вольскага, Аляксандра Кульлінковіча і Алега Хаменкі – у адміністрацыю прэзыдэнта выклікаў вельмі неадназначную рэакцыю ў грамадзтве. Многія калегі-музыкі выступілі з рэзкім асуджэньнем хадакоў. Як рэагуе на крытыку лідэр “НРМ” Лявон Вольскі, як ён наагул ацэньвае вынікі перамоваў з уладамі?

“Наш паход няшчасны ў адміністрацыю такі розгалас выклікаў, што інтэрнэт літаральна аж раскаліўся. Гэта паказальнік таго, што ў краіне нічога не адбываецца. Гэта была абсалютна шараговая сустрэча. Папрасілі нас падысьці, мы падумалі і вырашылі схадзіць. Усё-такі лепш схадзіць, чым не схадзіць. Таму што была праблема з канцэртамі, сапраўды, і ёсьць. Я ня выключаю, што, можа, нічога і ня зьмяніцца. Ніхто не дамагаўся эфіраў на БТ альбо на ОНТ. Мне, напрыклад, яны і ня надта патрэбныя.

Не было да нас такой і адкрытай непрыязі, гэта ўжо было прыемна. Нават з павагай паставіліся. Можа быць, Саша Кульлінковіч, што ўласьціва яго натуры імпульсіўнай, крышачку эўфарычна адразу ж па гарачых сьлядах і нагаварыў... Насамрэч, ніхто ніякіх абяцанак не даваў, краіну ніхто не прадаваў. Наш паход зусім не азначае, што заўтра ўсе мы будзем сьпяваць на фэстывалі “Срэбраны грамафон”. Можа быць, будуць зрухі пазытыўныя ў бок канцэртовай дзейнасьці, на што я спадзяюся”.

“Мы ў адкрытую пра палітыку вельмі рэдка пісалі”

Карэспандэнтка: “А гэта не азначае, што сапраўды будзе цэнзура вашых тэкстаў, нейкая самацэнзура з вашага боку?”

“Якая цэнзура тэкстаў? Мы гэта праходзілі сто гадоў таму. Мы ў адкрытую пра палітыку вельмі рэдка пісалі, дарэчы. Мы пішам пра жыцьцё і ўсе ягоныя праявы. Прычым, я яшчэ раз паўтаруся, была вельмі адэкватная сустрэча. Я неаднаразова сустракаўся з чыноўнікамі яшчэ пры Савецкім Саюзе і на пачатку гэтай улады – гэта была непрабіўная сьцяна. Пагардліва да нас ставіліся заўсёды. Тут такога не было. Я ня ўпэўнены, што будуць нейкія зрухі насамрэч. Таму што ўсё залежыць ад самых вярхоў у нашай краіне.

Але тое, што нас выслухалі, ужо добра. Мінула тры гады. І, як ні дзіўна, складвалася такое ўражаньне, што ўсе ў нашым балоце былі вельмі задаволеныя сытуацыяй: вось нашы забароненыя музыкі, наш сьцяг, наша сумленьне, вось яны сядзяць галодныя. Вось у нас апазыцыя, вось у нас улада. Як толькі пачынае нешта зьмяняцца – тут жа зьяўляецца нейкая абураная рэакцыя: “Як яны маглі?!” Ды што мы такое зрабілі? (сьмяецца) Я не магу зразумець, у чым нонсэнс? Ня трэба было ісьці? Дык вы ж ня бачыце нас на канцэртах вялікіх практычна ўжо 3 гады!”

“Выклікалі канкрэтна забаронены сьпіс”

Карэспандэнтка: “Рэакцыя была неадназначная з боку вашых калегаў. Ці не пасварыць гэта вас паміж сабой?”

“Выклікалі канкрэтна забаронены сьпіс. То бок, прасілі сустрэцца. Эмацыйная рэакцыя Сьветы Сугакі? Можа быць, гэта ўзрост. Гэта справа кожнага – як рэагаваць, хадзіць – не хадзіць. Рэвалюцыя і музыка – гэта зусім розныя рэчы. Крытыка калегаў? Ну, яны маюць права на крытыку, калі ласка. Больш нэрвуе крытыка людзей, якія ня маюць ніякага дачыненьня да музыкі”.

Карэспандэнтка: “А што тычыцца вашага ўдзелу ў “ЭўраФэсьце” – сапраўды вы падавалі заяўку? Гэта праўда?”

“Нам тэлефанаваў Зьміцер Лукашук – гэта ягоная ідэя геніяльная. Адразу мы адмовіліся, але ён сказаў, што яны самі складуць усе паперы, якіх патрэбна безьліч. А потым мы асэнсавалі сытуацыю (а ў нас зараз з “Крамбамбуляй” вельмі насычаны пэрыяд, канцэрты розныя, альтэрнатыўныя здымкі), і мы б папросту ня здолелі зьявіцца на гэтым “ЭўраФэсьце”. У гэтым годзе проста рэальнай мажлівасьці няма. А так, у прынцыпе, каб разбавіць усю гэтую папсьню, было б някепска там паказацца, пасьмяяцца, па-добраму выпендрыцца. Але я спадзяюся, што наша месца там пачэсна зойме “Палац”, “Індыга”, Варашкевіч. Цяжка знайсьці для “ЭўраФэсту” проста час”.

Пагадненьня між адміністрацыяй прэзыдэнта і беларускімі музыкамі няма, 22.11.2007 Алег Хаменка: “Ніхто нічога ўзамен не паабяцаў”, 22.11.2007 Беларускія ўлады абяцаюць рок-зоркам адмену забароны на іх выступы, 21.11.2007
XS
SM
MD
LG