Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апытаньне: пра якія машыны мараць гарадзенцы?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Якую машыну вы хацелі б мець у ідэале? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт.

Спадарыня: “Мне больш падабаюцца францускія машыны, яны вельмі элегантныя. Я думаю, што гэта магла б быць “Пэжо” ці “Рэно” — больш такі жаночы варыянт. Можа, канечне, для нашых дарог яны не зусім адаптаваныя, але ў горадзе, думаю, на іх можна нармальна езьдзіць, бо гарадзкія дарогі ў нас не такія кепскія”.

Спадарыня: “Якую б машыну я хацела? “Жыгулі”, яна ў нас ёсьць, гэта самая надзейная машына з усіх, якія я ведаю: заходнія ўсе ламаюцца, а гэтая езьдзіць”.

Спадар: “Я ня ведаю нават, у мяне ўжо ёсьць машына, мары мае збыліся. “Аўды-100” мяне цалкам задавальняе, ежджу дзесяць гадоў, рамантаваць даводзіцца ня надта часта”.

Спадар: “Мэрсэдэс” — самая надзейная. У мяне ёсьць “Пэжо”, а хачу “мэрсэдэс”, але каштуе ён значна больш, тысяч пятнаццаць, напэўна, а мая машына за чатыры тысячы”.

Спадар: “Пра якую марыў, на такой ежджу — на “Опэлі”.

Малады спадар з дзіцём: “Якую марку я хацеў бы? Напэўна, якуюсьці сямейную, накшталт “Фольксвагена”. Гэта ня тое, што занадта дорага для мяне, я папросту мару…”

Спадар: “Найлепей я марыў бы набыць “Ламбарджыні” — італьянская марка, толькі ў нас невядомая. Вельмі дарагая спартыўная машына і вельмі добрая. За што падабаецца? За хуткасьць падабаецца. Хуткасьць, калі не памыляюся, каля 250 кілямэтраў за гадзіну. Толькі купіць нерэальна. Машыны ў мяне няма ўвогуле. Новую, я лічу, за нашыя заробкі ня купіш. А марыць можна заўжды”.

Ягоны прыяцель: “У мяне машына ёсьць, “БМВ-520”, і яна мяне задавальняе на ўсе сто адсоткаў”.

Малады спадар: “Можна сказаць, што мяне задаволіла б “Пэжо-406”, гэта нядрэнная машына, або “Шкода”, у яе нямецкая падвеска. Ня ведаю, але гадкі тры-чатыры трэба, каб сабраць грошы на такую”.

Сталы спадар: “БМВ” вельмі падабаецца, вельмі, японскія вельмі добрыя машыны таксама. У мяне “Жыгулі”, на жаль, пакуль што на заходнюю машыну грошай няма”.

Спадар: “Аўды-А-6”, яна дарагая, каля васьмі тысяч эўра каштуе. Купіць яе на наш заробак нерэальна, але калі напружыцца, сабраць грошы, то можна”.

Маладая спадарыня: “Мне, дапусьцім, падабаецца “Мэрсэдэс”. Але для мяне на дадзены момант нерэальна любую машыну купіць, мала зарабляю”.

Спадар: “Мне падабаецца джып “Нісан-Пэтрол” — добры ўседарожнік, аднак каштуе ён вельмі дорага і набыць яго не асабліва рэальна”.
XS
SM
MD
LG