Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Грузія і Ўкраіна: хто далей пасунуўся на шляху рэформаў?


Юры Дракахруст, Прага Тры гады таму ва Ўкраіне перамагла “аранжавая” рэвалюцыя, за год да гэтага ў Грузіі адбылася “рэвалюцыя ружаў”. Абедзьве гэтыя падзеі спарадзілі шмат спадзяваньняў і надзеяў на тое, што ў гэтых дзьвюх краінах , а можа і ў іншых краінах пастсавецкай прасторы, усталюецца дэмакратыя. Як гэтыя пэрспэктывы выглядаюць зараз, праз некалькі гадоў пасьля гэтых рэвалюцый?

Фальсыфікацыя парлямэнцкіх выбараў у Грузіі ў 2003 годзе стала штуршком для масавых акцый пратэсту, якія прывялі да адхіленьня ад улады прэзыдэнта Эдуарда Шэварнадзэ. Аднак людзі змагаліся ня толькі за зьмену ўлады, яны хацелі кардынальнай зьмены ўсёй сыстэмы, адмовы ад ранейшых мэтадаў кіраваньня, прыходу сапраўднай дэмакратыі. І лідэры рэвалюцыі абяцалі ім гэта. Міхаіл Саакашвілі гаварыў ім тады:

Саакашвілі: “Нам трэба ўліць новую кроў у грузінскую палітыку, замяніўшы гэтыя мяхі з гноем і карумпаваных дэпутатаў, міністраў, чальцоў розных партый, якія ня дбаюць пра народ”.

Праз год фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў ва Ўкраіне таксама спарадзілі рэвалюцыйны выбух. Дзясяткі тысяч людзей пад аранжавымі сьцягамі выйшлі на вуліцы, на кіеўскі Майдан, каб абараніць свой выбар. Пад ціскам акцый пратэсту ўлады пайшлі на паўторнае галасаваньне, якое падцьвердзіла перамогу лідэра дэмакратычных сіл Віктара Юшчанкі.

На наступны дзень пасьля абвяшчэньня вынікаў фальсіфікаваных выбараў Юшчанка гаварыў на Майдане:

Юшчанка: “Фальсыфікацыі Цэнтарвыбаркаму толькі адклалі час прызнаньня рэальнага выбару народа. Гэты выбар быў абвешчаны сёньня ў парлямэнце, і я прынёс прысягу на Бібліі”.

Украіна больш дэмакратычная, Грузія больш зьмянілася эканамічна

Ніводная рэвалюцыя ня спраўджвае ўсіх надзеяў, якія спараджае. Але ў тым, якія надзеі ўсё ж спраўдзіліся, Грузія і Ўкраіна сталіся даволі рознымі. На думку экспэртаў, Украіна дасягнула большых посьпехаў ва ўсталяваньні дэмакратыі, Грузія здолела больш прасунуцца на шляху эканамічных рэформаў.

Гаворыць брытанскі экспэрт Нікалас Рэдман:

“Хто дасягнуў большага посьпеху, хто меншага? Гэта пытаньне. Украінскія дасягненьні выглядаюць больш сьціплымі, чым грузінскія, але я ня выключаю, што ўкраінскія дасягненьні больш жыцьцяздольныя”.

Парадокс палягае ў тым, што тыя ж чыньнікі, што спрыялі пасьлярэвалюцыйным дасягненьням, у значнай ступені абумовілі і няўдачы. Перамога Юшчанкі ў 52% галасоў на рэвалюцыйных выбарах 2004 была не такой пераканаўчай, як перамога Саакашвілі, за якога прагаласавала 96% выбаршчыкаў. Рэвалюцыя не скасавала культурны і мэнтальны падзел Украіны на Ўсход і Захад. Аднак гэты праклён стаў у пэўнай ступені і паратункам: палітычныя эліты абедзьвюх частак Украіны ўпэўніліся, што ня ў стане перамагчы адна адну, і што адзінае выйсьце – гэта дыялёг, іншымі словамі – дэмакратыя.

Але адваротным бокам гэтай неабходнасьці кампрамісу стала тое, што і ва ўнутранай, і ў зьнешняй палітыцы Ўкраіны зьменаў адбылося менш, чым у Грузіі.

Юшчанка і Саакашвілі – розныя тыпы лідэраў

Адрозьненьні былі ў пэўнай ступені абумоўленыя і асабістымі асаблівасьцямі двух лідэраў рэвалюцый, стаўшых прэзыдэнтамі сваіх краінаў. Гаворыць Украінскі палітоляг Іван Лазавы:

“У выпадку зь Юшчанкам – пасіўнасьць і слабасьць. У выпадку з Саакашвілі – упартасьць і, я б сказаў, вялікае жаданьне, каб усё было зроблена адразу і толькі так, як ён хоча”.

Літаральна ўсенародны мандат, атрыманы Міхаілам Саакашвілі, дазволіў яму ўзяцца за рэформы надзвычай рашуча, магчыма, занадта рашуча. Гэтая рашучасць ня вельмі спалучалася з дэмакратычнымі нормамі, што і спарадзіла лістападаўскія пратэсты і іх брутальны разгон.

Гаворыць грузінскі палітоляг Бакур Квашылава:

“У Грузіі, як паказалі апошнія падзеі, цалкам прымальна для насельніцтва, як і для апазыцыі заклікаць да адстаўкі прэзыдэнта. Большасьць удзельнікаў акцый пратэсту падтрымлівалі гэты лёзунг, і гэта сьведчыць пра тое, што дэмакратыя не была ўсталяваная ў Грузіі гэтак жа цьвёрда, як ва Ўкраіне”.
XS
SM
MD
LG