Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казуліну перадалі віншавальныя паштоўкі ад жыхароў Віцебску


Радыё Свабода, Віцебск Група жыхароў Віцебску адвезла ў калёнію віншаваньні для палітвязьня, які 25 лістапада адзначыць дзень народзінаў. Каля трох дзясяткаў віцебчукоў падпісалі паштоўкі для Аляксандра Казуліна — з пажаданьнямі здароўя й хуткага вызваленьня. Паштоўкі начальнік калёніі “Віцьба-3” прыняць пагадзіўся, аднак перадаць чырвоныя ружы зьняволенаму катэгарычна адмовіўся.

Віншавальныя паштоўкі да дня народзінаў ад віцебчукоў Аляксандар Казулін можа атрымаць ужо сёньня. Але толькі ў тым выпадку, калі цэнзура ня знойдзе ў іх нічога забароненага.

Прынамсі, так сказаў начальнік калёніі “Віцьба-3” Віталь Агнісьцікаў аднаму з ініцыятараў віншавальнай акцыі Леаніду Сьвеціку.

Паводле спадара Сьвеціка, які прывез паштоўкі ў калёнію, у сваіх віншавальных допісах людзі шчыра жадаюць палітвязьню моцнага здароўя і найхутчэйшага вызваленьня:

“Былі й вершы. А некаторыя запрашалі палітвязьня да сябе ў госьці — маўляў, калі вы вызваліцеся, Аляксандар, то прыходзьце да нас на каву, на гарбату, бо мы з вамі аднадумцы, і мы абавязкова пераможам.

Жадалі мужнасьці, здароўя, каб трымаўся... Сярод тых, хто напісаў віншаваньні, былі, прыкладам, такія вядомыя асобы, як праваабаронца Валер Шчукін, віцебскі сябар Беларускага Хэльсынскага камітэту Павал Левінаў”.

Віншаваньні для Аляксандра Казуліна каля так званага Сіняга дому — дому №28 па вуліцы Леніна — зьбіраў вядомы віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда.

Напісаць палітвязьню мог кожны мінак, бо віншавальная акцыя, паводле ейных ініцыятараў, задумвалася як грамадзкая і пазапартыйная.

Але начальнік калёніі “Віцьба-3” Віталь Агнісьцікаў найперш пацікавіўся, ці прадстаўляюць тыя, хто прыехаў зь віншаваньнямі, нейкую палітычную структуру.

Дэлегаты прывезьлі чырвоныя ружы, бо ружа — сымбаль сацыял-дэмакратаў. Гэты букет спадар Агнісьцікаў перадаць адмовіўся. Начальнік калёніі сказаў, што дазволіць перадаць кветкі толькі Ірыне Казулінай, жонцы палітвязьня.

“Ну, куды ў калёнію кветкі? Гэта няправільна, абсалютна няправільна! Ірыне Іванаўне я дазволю, да гэтага я маральна гатовы. І тут я пярэчыць ня буду. Так што букет ён атрымае ад Ірыны Іванаўны”, — заявіў спадар Агнісьцікаў.

Ірына Казуліна мае прыехаць на спатканьне да мужа ў наступныя выходныя. 25 лістапада, у дзень народзінаў Аляксандра Казуліна, у калёнію “Віцьба-3” мяркуюць прыехаць і ягоныя паплечнікі і сябры.

Ружы, якія прызначаліся Аляксандру Казуліну, дэлегаты ад віцебскай грамадзкасьці вырашылі пакінуць каля праваслаўнага крыжа, што недалёка ад калёніі — на знак пашаны да ўсіх пакутнікаў за Беларусь.

Менскія ўлады не дазволілі пікетаў у абарону А.Казуліна, 21.11.2007 У Віцебску зьбіраюць віншаваньні Аляксандру Казуліну, 17.11.2007
XS
SM
MD
LG