Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сідорскі: спроба атрымаць доступ да туркмэнскіх радовішчаў ня мела посьпеху


Радыё Свабода Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі вёў учора перамовы з прэзыдэнтам Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамедавым пра магчымасьць удзелу Беларусі ў здабычы туркмэнскага газу. Сустрэча адбылася пасьля паседжаньня Савета кіраўнікоў урадаў краін СНД, якая адбылася ў Ашгабаце.

Пасьля перамоваў з туркмэнскім лідэрам С.Сідорскі паведаміў, што “Белтрансгаз” і іншыя беларускія кампаніі спрабавалі атрымаць доступ да туркмэнскіх радовішчаў, аднак беспасьпяхова.

Кіраўнік беларускага ўраду прапанаваў туркмэнскаму боку дапамогу беларускіх адмыслоўцаў у сэрвісным абслугоўваньні радовішчаў. Плянуецца адкрыцьцё ў Туркмэністане прадстаўніцтва адпаведнай беларускай кампаніі.

Беларусь таксама прапанавала пабудаваць у Туркмэністане завод па вытворчасьці мэтанолу. Адказ Ашгабада на гэтую прапанову невядомы.

Больш плённымі былі перамовы Сяргея Сідорскага з прэзыдэнтам Туркмэністану наконт паставак тэхнікі. Паводле прэм’ера Беларусі сёлета Беларусь паставіць у Туркмэністан каля 3 тысяч трактараў, у наступным годзе мяркуецца павялічыць пастаўкі МАЗаў і камбайнаў.

Аднак у цэлым эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і Туркмэністану знаходзіцца на даволі нізкім узроўні, таваразварот паміж дзьвюма краінамі складае ўсяго 70 мільёнаў даляраў.

Перамовы Сідорскага ў Ашгабадзе – цалкам у рэчышчы спробаў афіцыйнага Менску знайсьці альтэрнатыўныя расейскім крыніцы забесьпячэньня краіны энэргносьбітамі, ці па меншай меры заняць месца ў здабычы рэсурсаў у краінах, багатых імі. З адпаведнымі прапановамі Беларусь зьвярталася да Вэнэсуэлы, Азэрбайджану і Ірану.

Я.Раманчук: “Да канца году падаражэе прадукцыя з паліўным складнікам”, 15.11.2007 Ці паўплываюць санкцыі ЗША на праекты афіцыйнага Менску ў Вэнэсуэле?, 15.11.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG