Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск асуджае рэзалюцыю Трэцяга камітэту ААН


Уладзімер Глод, Менск Прыняцьце рэзалюцыі, якая асуджае Беларусь за парушэньні правоў чалавека, “ня мае ні прававых, ні палітычных падставаў”, — заявіў сёньня на брыфінгу ў Міністэрстве замежных справаў Беларусі прэсавы сакратар міністэрства Андрэй Папоў.

Афіцыйны прадстаўнік МЗС заўважыў, што за прыняцьце рэзалюцыі прагаласавала меншасьць краінаў, якія ўваходзяць у ААН. “Гэта сьведчыць пра нежаданьне большасьці сябраў ААН удзельнічаць у высьвятленьні адносінаў з нашай краінай, што прапіхваюць некаторыя краіны, выкарыстоўваючы, сярод іншага, і праваабарончую тэматыку”, — адзначыў Андрэй Папоў.

Рэзалюцыю, якая асуджае Беларусь за парушэньне правоў чалавека, прынялі ў рамках Трэцяга камітэту ААН. У яе падтрымку прагаласавалі 68 дзяржаваў, 32 выступілі супраць, а 76 краінаў пры галасаваньні ўстрымаліся. Дакумэнт, аднак, лічыцца прынятым, паколькі за яго падалі больш галасоў, чым супраць.

У віну Беларусі пастаўлена зьнікненьне трох палітычных апанэнтаў прэзыдэнта Лукашэнкі ў 1999 годзе і журналіста ў 2000 годзе, а таксама ўціск і закрыцьцё няўрадавых арганізацый, незалежных сродкаў масавай інфармацыі, арганізацый нацыянальных меншасьцяў, рэлігійных групаў, апазыцыйных палітычных партый, незалежных прафсаюзаў і студэнцкіх арганізацый.

Рэзалюцыю ўнесьлі 33 дзяржавы, сярод якіх ЗША, Японія, краіны Эўразьвязу.

• ААН асудзіла Беларусь за сытуацыю з правамі чалавека, 21.11.2007
XS
SM
MD
LG