Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Адзін дзень палітвязьня Ўладзімера Кудзінава


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёлета ў лютым і летась у ліпені на хвалях Радыё Свабода гучэлі перадачы з цыклю “Адзін дзень у сям’і палітвязьня”. Мы працягваем гэтую тэму расповедамі пра былых палітвязьняў.

“Для мяне галоўнае, што мне не сорамна перад дочкамі”

Грузьдзіловіч: “Спадар Уладзімер, Вы на волі ўжо 6 гадоў, зьмянілі краіну. А ці зьмянілася Ваша стаўленьне да зьняволеньня?”

Кудзінаў: “Калі Вы пра крыўду, яна, безумоўна, была. На тых, хто зрабіў адносна мяне несправядлівасьць. Бо інакш не назавеш тую правакацыю з хабарам ў Барысаве, з-за якой мне давялося 4 гады адбыць ў калёніі. Тыя людзі атрымалі замову на подласьць, але не адмовіліся яе выконваць, таму былі вартыя крыўды. Але сёньня мая крыўда ўжо не такая вялікая. Калі давялося прайсьці той шлях, то няма чаго вяртацца”.

Грузьдзіловіч: “То бок, Вы даравалі гэтым людзям?”

Кудзінаў: “А ў жыцьці дзейнічае “закон бумэрангу”. Ведаю пра таго начальніка пасту ДАІ, які ўчыніў мне правакацыю. Потым яго звольнілі за службовыя парушэньні. Магчыма, неяк адгукнуцца і ўчынкі ўсім іншым, хто замовіў правакацыю. Яно само адбудзецца, а помсьціць адмыслова ня трэба. Для мяне ж галоўнае, што мне не сорамна перад дочкамі”.

Грузьдзіловіч: “Вы паставілі свой дэпутацкі подпіс пад патрабаваньнем імпічмэнту Аляксандру Лукашэнку. Але там было каля сотні подпісаў, чаму спробу хабару справакавалі толькі вам?”

Кудзінаў: “Мяне ня толькі за імпічмэнт пакаралі. Колькі разоў спрабавалі “завэрбаваць” у свой лягер, але я адмаўляўся. Людзі са мной размаўлялі, якія зараз на ўзроўні намесьнікаў міністра працуюць. Потым некалькі разоў да мяне праверкі прыяжджалі з загадам адшукаць незаконны бізнэс, але нічога не знаходзілі. А літаральна за дзень ад арышту разам з Віктарам Ганчаром мы езьдзілі па Менску, вырашалі шэраг пытаньняў адносна апазыцыйнай працы. І вось на заўтра – затрыманьне і праз дзень арышт. Гэта было 3-га лютага”.

“Цяпер я адзін з уладальнікаў дзьвюх птушкафэрмаў. На іх 130 чалавек працуе”

Зоя і Уладзімер Кудзінавы

Грузьдзіловіч: “Вядома, што Вы цяпер жывяце ўва Украіне, у Крыме, займаецеся бізнэсам. Як гэта адбылося?”

Кудзінаў: “Я выйшаў на волю ў лютым 2001-га і жыў у Беларусі яшчэ паўгода, удзельнічаў у прэзыдэнцкай кампаніі на баку апазыцыі. Але пасьля выбараў мы з жонкай прадалі наш прыгожы дом у Івацэвічах і зьехалі пад Севастопаль. Пачыналі ўсё з нуля. Цяпер у мяне ўласная справа, я адзін з уладальнікаў дзьвюх птушкафэрмаў. На іх 130 чалавек працуе. Але я застаюся грамадзянінам Беларусі. Не выключаю, што сытуацыя зьменіцца, бо для мяне Радзімай застаецца Беларусь”.

Грузьдзіловіч: “Вы і Ваша сям’я не адчуваеце наступствы той справы?”

Кудзінаў: “Не, а чаму мы мусім нешта адчуваць? Праўда, паводле маёй інфармацыі я да 2002-га году стаяў на ўліку памежнай службы Беларусі, але калі цяпер пераяжджаю мяжу, перашкодаў няма”.

Новае жыцьцё ва Ўкраіне

“Свабода” перадала, што ўсё, Валодзя, цябе мусяць сёньня вызваліць”

Грузьдзіловіч: “Які дзень з “турэмнай эпапэі” дагэтуль у памяці?”

Кудзінаў: “Самы горкі дзень, безумоўна, гэта вынясеньне прысуду. Да апошняга я лічыў, што судзьдзя мусіць кіравацца законам. Унутраны голас мне ўвесь час казаў: “За што?” І вось такі прысуд...Ажно 7 гадоў.

А самы сьветлы дзень, калі мяне вызвалілі. Праз чатыры гады дакладна дзень ў дзень. Дарэчы, пра тое, што мяне вызваляць, стала вядома найперш ад “Радыё Свабода”. У калёніі быў прымач, які слухаць маглі ня ўсе, а толькі асобная катэгорыя. І вось да мяне ад іх прыбеглі і кажуць: “Свабода” перадала, што ўсё, Валодзя, цябе мусяць сёньня вызваліць”. А адбылося, што прынялі новы кодэкс і паводле яго пакараньне за мой артыкул стала меней, чым я ўжо адбыў”.

Пытаюся жонку Кудзінава Зою: “А які момант з Вашага чаканьня мужа з турмы быў для вас самы драматычны?”

Зоя Кудзінава: “Калі яго ў карцэр кінулі нібыта за тое, што паліў у нявызначаным месцы. А мне стала вядома, што ён стаяў у мэтры ад таго вызначанага месца. Уяўляеце, што я тады перадумала? Нават не выключала, што пазбавяць жыцьця. Тады ўжо зьніклі Юры Захаранка і Віктар Ганчар, ад ўлады можна было чакаць чаго заўгодна”.

Зоя Кудзінава з унучкай

“Як мяне пасадзілі ў калёнію, пачалі схіляць, каб напісаў заяву на імя Лукашэнкі, каб раскаяўся”

Кудзінаў: “Адразу, як мяне пасадзілі ў калёнію, пачалі схіляць, каб напісаў заяву на імя Лукашэнкі, каб раскаяўся. Я адмаўляўся. І вось першае спатканьне з сям’ёй. Я напісаў зварот да беларускай моладзі і спрабаваў перадаць яго на волю праз дачку. А яе абшукалі і зварот знайшлі”.

Дачка Наташа: “Тата, крыху было не так. Асабіста нас з сястрой не абшукалі, а пагражалі вобшукам. Нас спынілі ўжо на выхадзе з турмы, з торбамі. Сказалі, каб самі аддалі тое, што нясем на волю. Відаць, пэўна ведалі. Пагражалі, што распрануць. Мне было шаснаццаць, Зоя на год маладзейшая, на нас крычалі, але мы адмовіліся. Яны загадалі несьці сумкі назад, а мы ім: “Вам трэба, вы і нясіце”. Тады ператрэсьлі ўсё і ў нататніку знайшлі той ліст. І неяк супакоіліся адразу, маўляў, заданьне выканалі. Больш на нас не крычалі”.

Кудзінаў: “Карацей, за гэта мяне пакаралі, але пакуль не карцэрам, а толькі прызначылі месьці турэмны двор. Я ж сказаў, што лічу гэта асабістай зьнявагай, бо адзін буду месьці, а на мяне ўсе будуць пальцам тыкаць. Я ж не адмаўляўся месьці двор разам з іншымі асуджанымі падчас уборкі тэрыторыі, але не адзін. Вось ужо за гэта мне далі 7 сутак карцэра. Упершыню. Складанасьці былі. Прыкладам, пабачыў, як ад холаду літаральна трасуцца часткі тулава. Спаць давялося перапынкамі, па 20 хвілін. Прасыпаесься і робіш зарадку, каб сагрэцца. Бо тэмпэратура ў карцэры -- 7 градусаў цяпла. Але нічога, я ж мужчына, можна вытрымаць.

А другі раз – той, пра які згадала жонка. Дакладней, два мэтры не хапіла да пазначанага месца. Дарэчы, напярэдадні зноў схілялі пісаць заяву аб памілаваньні на імя прэзыдэнта, а ў выніку далі халодны карцэр. Гэтым разам я абвясьціў галадоўку, запатрабаваў людзкіх умоў. Дапамагло. Праз дзень мяне перавялі ў карцэр з тэмпэратурай 16 градусаў. Дактары прыходзілі кожную раніцу і замяралі тэмпэратуру”.

Грузьдзіловіч: “Ці бываюць у турме вясёлыя хвіліны?”

Кудзінаў: “Неяк дапамагаў аднаму вязьню з Воршы складаць касацыйную скаргу. Хлопец сядзеў за кватэрныя кражы. Але як мы прааналізавалі прысуд, атрымалася, што ў адзін і той жа час ён абрабаваў некалькі кватэр ў розных частках гораду. Гэткі Бэтмэн. Зразумела, навесілі на чалавека злачынстваў, каб падняць паказчыкі”.

Грузьдзіловіч: "Ці было што такое, чаму Вы ў турме навучыліся?”

Кудзінаў: “Не шкадаваць пра зробленае. Турма не даруе мітусьні туды-сюды. Дарэчы, лепш і ў вольным жыцьці гэтага не рабіць”.

“Турма забрала гады, якія б я мог аддаць добрай справе, сваёй сям’і, выхаваньню дачок”

Грузьдзіловіч: “Што дапамагала Вам вытрымаць ізаляцыю ад былога асяродзьдзя, ад палітыкі, Вашай справы?”

Кудзінаў: “Кнігі, газэты. Штогод я падпісваўся на “Народную волю”, “БДГ”, “Беларускую газэту”, “Свободные новости», нават “Свабода”, якая тады яшчэ выходзіла, ў турму трапляла без праблем. Дарэчы, ў калёніі газэты ніхто не выкідае. Там прачытаў, згарнуў і перадаў другому. Зачытваюць да дзірак.

Плюс кантакты зь людзьмі. Я быў у атрадзе, дзе пад адным дахам жыло 120 чалавек. Ложкі ў тры ярусы стаялі. Кантакты ўвесь час. Да мяне добрае стаўленьне было”.

Грузьдзіловіч:--Відаць, улада зрабіла з Вашага досьведу пэўныя высновы. Зараз кантакты “палітычных” абмяжоўваюць. Прыкладам, многіх, хто кантактаваў з Аляксандрам Казуліным альбо пакаралі карцэрам, альбо перавялі ў іншыя атрады. Тое ж адбываецца і вакол Зьмітра Дашкевіча”.

Кудзінаў: “Магчыма. Са мной ўжо пачалі такое адпрацоўваць. Ведаеце, ў турме ёсьць паняцьце “сям’я”. Гэта тыя людзі вакол цябе, зь кім ты сябруеш, харчуесься разам, трываеш усе цяжкасьці. Дык вось ніхто з маіх “сямейнікаў” не адышоў у бок, хаця ім пагражалі рэпрэсіямі і нават каралі за тое, што сябравалі са мной. Людзі былі з гонарам”.

Грузьдзіловіч: “А што б вы параілі тым, хто за свае меркаваньні можа патрапіць за краты?”

Кудзінаў: “У турме спакойна сябе адчуваеш толькі калі ўпэўнены, што твае сваякі не апынуліся без дапамогі, калі іх падтрымаюць. Але і ад саміх вязьняў шмат што залежыць: трэба не губляць мужнасьці, не баяцца адстойваць свае правы перад адміністрацыяй. Так, цябе могуць пакараць, але пасьля паважаць будуць. Мой начальнік атраду, калі зьвяртаўся да мяне, заўсёды называў маё імя і імя па бацьку. І ніколі не лаяўся у мой бок. Хто быў у турме ведае, наколькі гэта важны паказчык”.

Грузьдзіловіч: “Чым Вас узбагацілі гэтыя чатыры гады, а што забралі назаўсёды?”

Кудзінаў: “Загартавалі, гэта безумоўна. А што забралі? Галава стала сівой. Як ў песьні Разенбаўма: “Волос был чернее смоли, стал седым”. Турма забрала гады, якія б я мог аддаць добрай справе, сваёй сям’і, выхаваньню дачок. Гэтага не вернеш, нічым не кампэнсуеш”.

Грузьдзіловіч: “Ці ёсьць ў Вас нейкая ўнівэрсальная парада тым, хто ў Беларусі змагаецца за дэмакратыю?”

Кудзінаў: “Па-першае, я захапляюся іх мужнасьцю. Людзі ідуць на той жа мітынг, рызыкуючы, што іх разгоняць, паб’юць, зьняважаць, не кажучы ўжо пра тое, што могуць кінуць на нары да хуліганаў. А той, хто займаецца апазыцыйнай барацьбой больш трывала, той ўвесь час рызыкуе. Гэта вельмі моцныя людзі! Якія ім патрэбны парады? Толькі пажаданьне, каб хутчэй прыйшла перамога. Веры ў тое, што міне яшчэ год, два, можа больш, але сытуацыя зьменіцца абавязкова і ў гісторыі яны застануцца змагарамі, хто не сядзеў, склаўшы рукі, а змагаўся за лепшую будучыню народа Беларусі”.

Уся сям’я разам

Уладзімер Кудзінаў нарадзіўся ў 1959-м годзе ў Слуцкім раёне Менскай вобласьці, беларус. Мае жонку Зою, двух дачок Натальлю і Зою, а таксама ўнучку.

У 1981 годзе закончыў Менскі палітэхнічны інстытут ( цяпер Беларускі нацыянальны тэхнічны ўнівэрсытэт) па спэцыяльнасьці інжэнэр-эканаміст. Пачаў працаваць бугальтарам у калёніі ў Івацэвічах, потым працаваў у падатковай службе Івацэвіцкага раёну. З 1992-га году займаецца бізнэсам. У Івацэвічах заснаваў фірму, якая займалася жывёлагадоўляй і мясаперапрацоўкай. Шмат грошай выдаткоўваў на дабрачыннасьць, у тым ліку дапамагаў мясцоваму дзіцячаму дому. У 1995-м годзе быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савету, увайшоў у фракцыю “Грамадзянская дзеяньне”, быў сярод дэпутатаў, якія ў 1996 годзе паставілі свой подпіс пад імпічмэнтам Аляксандру Лукашэнку. Быў арыштаваны ў лютым 1997 году і асуджаны на 7 гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў дачы хабару. Выйшаў на волю датэрмінова ў лютым 2001-га году. У 2001-м годзе зьехаў з сям’ёй у Крым.


• Адзін дзень палітвязьня Паўла Мажэйкі, 19.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Аляксандра Васільева, 12.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Ўладзімера Плешчанкі, 6.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Валер’я Леванеўскага, 5.11.2007 • Адзін дзень палітвязьня Івана Крука, 25.10.2007 • Адзін дзень палітвязьня Васіля Лявонава, 24.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня Валер’я Шчукіна, 23.10.2007 • Адзін дзень у сям’і палітвязьня (усе перадачы), 7.03.2007
XS
SM
MD
LG