Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Выстава пра голад 1932-1933 гадоў ва Ўкраіне адкрыецца ў Менску


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў Нацыянальным музэі гісторыі й культуры Беларусі адкрыецца выстава дакумэнтаў “Рассакрэчаная памяць”, прысьвечаная голаду 1932-1933 гадоў ва Ўкраіне. А ці быў свой Галадамор у беларусаў і чым адметны погляд беларускіх уладаў на падзеі, якія Ўкраіна лічыць генацыдам.

Дакумэнтальная выстава “Рассакрэчаная памяць” распавядае пра гібель да 10 мільёнаў украінцаў падчас масавага голаду ў 1932-1933 гадох. Афіцыйны Кіеў называе гэтыя падзеі генацыдам супраць украінскага народу, што ілюструе дакумэнтамі з архіваў савецкіх спэцслужбаў. Выстава “Рассакрэчаная памяць” летась вандравала па рэгіёнах Украіны, а ў Менск прыбыла са сталіцы Расеі, дзе Галадамор генацыдам гэтак і не прызналі. А як ў Беларусі ставяцца да тых трагічных падзеяў?

"Была магчымасьць выратаваць гэтых людзей ад голаду"

Паводле гісторыка Ігара Кузьняцова, улады Беларусі тэму голаду ў суседзяў абыходзяць гэтаксама, як і трагедыю беларускага народу ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя.

“Прыклад -- Курапаты. Двойчы генэральная пракуратура праводзіла сьледзтва. Вынікі тыя, што там толькі ахвяры рэпрэсій да пэрыяду Айчыннай вайны. Але ўсё роўна: калі кіраўніцтва краіны ня хоча бачыць гэтую праблему, то быццам яна не існуе”.

У 1932-м годзе на паўднёвым усходзе СССР здарылася засуха, якая мела вынікам вельмі нізкі ўраджай. Асабліва пацярпела Ўкраіна, раёны Дону і Кубані. Між тым нормы здачы харчоў з калектыўных гаспадарак не былі зьніжаныя, што прывяло да спусташэньня асабістых запасаў сялян. Ігар Кузьняцоў лічыць: дзеяньні савецкіх ўладаў сапраўды можна кваліфікаваць як генацыд.

“Так, бо была магчымасьць выратаваць гэтых людзей ад голаду. Трэба было спыніць вываз харчоў за мяжу і аддаць іх ў галадаючыя раёны Ўкраіны і Расеі. То бок выратаваць жыцьці людзей. Але для ўлады гэтыя жыцьці нічога не каштавалі”.

"Каб прызнаць Галадамор, патрабуецца вялікая праца, у тым ліку юрыдычная"

А што адбывалася ў 1932-1933 гадох у Беларусі?

Паводле Ігара Кузьняцова, голад быў і тут, хаця ня меў тых маштабаў, як ва Ўкраіне. Беларусаў выратавалі бульба і жыта, але што да ўладаў, іх дзеяньні мала чым адрозьніваліся. “Гэта былі сапраўдныя рэпрэсіі, бо зь сялян забіралі амаль ўсё, і гэта прыводзіла да сьмерці шмат людзей ды да зьдзекаў над асобай”.

У міністэрстве замежных спраў Беларусі не адмовіліся пракамэнтаваць прыезд у краіну выставы “Рассакрэчаная памяць”. Аднак супрацоўнік, які выказаўся на тэму Галадамору, папрасіў не называць ягонае прозьвішча.

“Мы спачуваем украінцам з нагоды ўсіх ахвяр, якія яны перанесьлі ў гэты складаны пэрыяд. Разам з тым, каб прызнаць Галадамор, любую падобную падзею генацыдам, патрабуецца вельмі вялікая праца, у тым ліку юрыдычная. І патрабуецца прызнаньне міжнароднай супольнасьці”.

Выстава “Рассакрэчаная памяць” прыехала ў Менск з дапамогай амбасады Ўкраіны ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG