Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Пінску бесперашкодна ходзіць лісток “Чорнага перадзелу”


Іна Студзінская, Менск У Пінску па паштовых скрынях распаўсюджваецца самвыдатаўская газэта “Пинский листокъ.” На старонках лістка зьмяшчаюцца фота мясцовых грамадзкіх актывістаў, студэнтаў з абразамі ў іх адрас. Загаловак абвяшчае : “Яны супраць цябе.”

Як пазначана, “Пинскій листокъ” зьяўляецца органам гарадзкога саюзу «Чорны перадзел». Мэты і задачы арганізацыі таксама названыя , гэта “аб’яднаньне славянскага сьвету, пабудова незалежнай славянскай дзяржавы ад уплыву Захаду, ідэалягічны тэрор супраць арганізацыяў, саюзаў, партыяў, якія супраць стварэньня моцнай, незалежнай славянскай дзяржавы”. На другой старонцы лістка артыкул, які называецца “Яны супраць цябе” і фатаграфіі васьмярых грамадзянаў Пінску.

На здымках старшыня мясцовай філіі БНФ Аляксандар Рамановіч, некалькі маладых людзей, якія зараз вучацца за мяжой, лідэр прадпрымальнікаў Аляксандар Васільеў, краязнаўца Эдвард Злобін. Яны названыя “народнымі дзеячамі, якія вядуць ўсялякую прапагандысцкую работу, што падрывае стабільнае і пасьпяховае разьвіцьцё славянскай краіны”. У тэксьце – прамыя абразы, зьнявагі людзей, якія паўтараць ня варта. Стыль таксама своеасаблівы --пасьля кожны другога сказу – клічнік. Дарэчы, у газэце пазначаны і рэдактар – Глеб Леантовіч. Некаторыя людзі, пра якіх ідзе гаворка ў артыкуле, маюць сур’ёзны намер зьвярнуцца ў пракуратуру з пазовам аб абароне гонару і годнасьці.

У прававым цэнтры Беларускай асацыяцыі журналістаў уважліва азнаёміліся з выданьнем. Меркаваньне юрыста Андрэя Бастунца:

(Бастунец : ) “Па-першае, тут ідзе гаворка аб дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Па-другое, аб нерэгістрацыі сродка масавай інфармацыі накладам 3 тысячы асобнікаў. Тут мы бачым ня тое што некарэктныя, а на мой погляд, правапарушальныя выпады супраць вялікай колькасьці пінскіх грамадзянаў, нават ня толькі тых, чые фотаздымкі зьмешчаныя ў лістку, але і тых, пра каго ў ім дзе гаворка. Таму, на мой погляд, і пракуратура, і міліцыя павінны прыняць захады супраць распаўсюду гэтага “Листка” і па выяўленьні асобаў, якія яго выпускаюць”.



Ці ведаюць пра орган “Чорнага перадзелу” праваахоўныя органы Пінска? Выканаўца абавязкаў пракурора горада Алег Лаўрухін кажа, што газэты “Пинский листокъ” ён ня бачыў. Але калі будуць скаргі грамадзянаў, пракуратура абавязкова адрэагуе:

(Лаўрухін:) “Мы на любыя скаргі, нават калі гэта лаянка сабакі, абавязаныя рэагаваць. Ну а калі ў друкаваным выданьні непраўдзівыя зьвесткі, абражаючыя грамадзянаў – мы абавязаныя рэагаваць. Калі там абразы, хлусьня – абавязкова будзе праверка”.

Газэту распаўсюджваюць у Пінску ўжо тыдзень. Кампэтэнтныя органы -- пракуратура, міліцыя, КДБ пра яе нічога ня чулі і ня бачылі. У той жа час зарэгістраваныя выданьні (да прыкладу, газэты “Народная Воля”, “Товарищ”, мясцовыя газэты, што выходзяць накладам 299 экзэмпляраў (крычаўскі “Вольны горад”, да прыкладу) рэгулярна затрымліваюць.
XS
SM
MD
LG