Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кася Камоцкая: “Гэта дыялёг коткі з мышкай”


Іна Студзінская, Менск Як ставяцца да паходу квартэту “пакрыўджаных” рок-музыкаў да намесьніка кіраўніка прэзыдэнцкай адміністрацыі Алега Праляскоўскага іншыя музыкі, якія таксама не аблашчаныя ўладай?

Кася Камоцкая, салістка гурту “Новае неба”, неаднаразовая “Рок-князёўна”, мяркуе, што ня трэба наагул гэты ўчынак музыкаў занадта “раздзьмуваць”. Яна выказалася так:

“Канечне, стаўлюся я да гэтага кепска, вельмі-вельмі скэптычна. Але хай гэта будзе на іх сумленьні. Што тут скажаш? Дыялёг коткі з мышкай называецца.

Карэспандэнтка: “З гэтымі ўладамі размаўляць няма сэнсу?”

“Па-мойму, няма сэнсу. Магчыма, трэба размаўляць палітыкам, прадусарам, а не рок-музыкантам. У іх зусім іншыя функцыі”.

Карэспандэнтка: “А можна спадзявацца, што пасьля гэтай размовы яны сапраўды атрымаюць пляцоўкі?”

“Ну, добра, няхай атрымліваюць пляцоўкі. Будуць сьпяваць, унутрана цэнзуруючы сябе. Сьпяваць толькі тое, што падабаецца ўладам. Чаму не? Я ж кажу: дыялёг кошкі з мышкай”.

Аляксандар Ракавец, лідэр рок-гурту “IQ-48” лічыць, што паразуменьне трэба шукаць. Калі не рабіць ніякіх захадаў, нічога і не будзе:

“Калі з гэтага будзе нейкі толк, то добра. Іншых выхадаў, мне здаецца, няма. Нармальна, калі гэта выльецца ў нешта, будзе файная справа. Я б не сказаў, што ў гэтым нешта дрэннае. Малайцы”.

Карэспандэнтка: “А вы лічыце, што з гэтай уладай можна знайсьці паразуменьне?”

“Ну як паразуменьне... Трэба проста імкнуцца знаходзіць нейкае выйсьце з гэтага становішча, тады можа і будзе нейкі толк. А калі проста сядзець і нічога не рабіць – нічога і ня будзе”.

Сьвятлана Сугака, салістка гурту “Тарпач”, прадусар Свабоднага тэатру, кажа:

“Мне гэта ўсё падаецца вельмі дзіўным і ненармальным, зусім ненармальным. Таму што з майго боку няма даверу да ўладаў. І з боку Праляскоўскага, мне падаецца, тут таксама адбываецца нейкая цікавая гульня. Ня ўсё так проста, як ён кажа. Але мне непрыемна, нават сорамна за ўсіх музыкаў. Што гэта будзе? Прычасаныя тэксты? Каму яны патрэбны? У кожнага чалавека найперш павінна быць свая пазыцыя грамадзянская. Тое, што хлопцы зараз кажуць: маўляў, ня трэба ні пад якімі сьцягамі граць – дык, тады ўвогуле можа ня трэба граць? Мне насамрэч сорамна за ўсіх музыкаў".
XS
SM
MD
LG