Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольная перамога над Галяндыяй стала слабым суцяшэньнем


Уладзімер Глод, Менск Сёньня футбалісты нацыянальнай каманды Беларусі правялі сваю апошнюю гульню ў рамках адбору да фіналу чэмпіянату Эўропы і нечакана перамаглі на сваім полі зборную Галяндыі. Аднак вынік гэтага матчу ўжо ні на што не ўплываў – галяндцы разам з румынамі датэрмінова выйшлі ў фінал, а беларусы чарговым разам засталіся за бортам галоўнага турніру. Чаму так скончылася чарговая спроба беларускіх футбалістаў пераадолець кола кваліфікацыі?

Маімі суразмоўцамі – Сяргей Бароўскі і Анатоль Байдачны. Абодва яны ў свой час ачольвалі нацыянальную каманду. Але пасьля ня вельмі ўдалых гульняў мусілі пакінуць свае пасады. У абодвух быў час, каб паназіраць за гульнямі збоку і даць сваю ацэнку цяперашняму стану беларускай каманды.

Анатоль Байдачны бачыць у выступе нацыянальнай зборнай рэгрэс:

“Я лічу, што зроблены крок не наперад, а назад”.

Карэспандэнт: “А ў чым гэта выражаецца? У выніках?”

Байдачны: “Я думаю, у самой гульні. “Прессбол” правільна напісаў, што вярнуліся да маёй каманды, да гульні двухгадовай даўніны. І перамаглі Альбанію”.

Сяргей Бароўскі акцэнтуе ўвагу на тым, што пасьля Анатоля Байдачнага і Юрыя Пунтуса нацыянальную каманду ўпершыню ўзначаліў замежны спэцыяліст – Бэрнд Штанге зь Нямеччыны. Спадар Бароўскі адзначае: ёсьць даволі шмат прыкладаў пасьпяховай працы замежных спэцыялістаў:

“І Рэхагель у Грэцыі, і цяпер Бэргакер у Польшчы, і той жа Гідынг у Карэі ды Аўстраліі... А колькі францускіх трэнэраў выводзілі афрыканскія каманды ў фінал першынства сьвету! У любым выпадку паўсюдна галоўным застаецца кантакт трэнэра з калектывам і разуменьне адзін аднога. І тады толькі прыходзіць добры вынік”.

А.Байдачны: “У трэнэра няма нацыянальнасьці”

Анатоль Байдачны да запрашэньня замежных спэцыялістаў ставіцца даволі скептычна, хаця і сам мае досьвед замежнай працы:

“У нас нейкае такое дзіўнае перакананьне, што за мяжой заўжды ўсё лепшае. Вядома ж, няма прарокаў у сваёй Айчыне. У трэнэра няма нацыянальнасьці. Ён альбо добры, альбо дрэнны”.

А якую ацэнку можна даць сёньня трэнэрскай працы нямецкага спэцыяліста? Сяргей Бароўскі разважае:

“Дакладней можна казаць, калі ты зь ім непасрэдна кантактуеш, ведаеш ягоныя погляды. Але калі зыходзіць зь якасьці гульні, з трэніровачнага працэсу, дык, мне падаецца, што гэта не сучасны трэнэр. Яго погляды засталіся на ўзроўні трэнэра мінулага стагодзьдзя”.

А Анатоль Байдачны робіць наступнае рэзюмэ:

“Ацэньваць трэнэра Штанге, я думаю, можна будзе пасьля наступнага цыклю”.

Беларускаму футбольнаму золату – чвэрць стагодзьдзя, 19.11.2007
XS
SM
MD
LG