Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Закон аб рэкляме: тытунь — на сьметніцу, піва — у рэзэрвацыю


Ігар Карней, Менск Заўтра пачне дзейнічаць новы закон “Аб рэкляме”. Тэлевізійны эфір моцна зьменіцца, і гэта можа парадаваць гледачоў.

Цяпер у прайм-тайме (18.00—20.00) рэклямы будзе ня больш як дваццаць хвілінаў на гадзіну. Пры гэтым гук рэклямных ролікаў паменшаць, каб не палохаць людзей у паўзах. А вось вытворцаў піва, мэдыкамэнтаў, тытуню чакае ня лепшы час: іх рэкляма будзе істотна абмежаваная. Трапіць у тэлеэфір і нават на старонкі газэт здолеюць нямногія.

Гэтаксама ўпарадкавалі ўдзел беларускіх грамадзянаў у рэкляме беларускіх тавараў. Гэта водгук колішняй крытыкі Аляксандра Лукашэнкі, якога абурылі “замызганыя францужанкі” на рэклямных бігбордах. Беларускія вытворцы прадукцыі падчас стварэньня рэклямнага роліка мусяць карыстацца выключна паслугамі беларускіх рэжысэраў, апэратараў і артыстаў. Нельга замовіць такі ролік за межамі краіны.

Як мяркуюць спэцыялісты, найбольш адчувальна новы закон “Аб рэкляме” ўдарыць па вытворцах тытунёвых вырабаў, слабаалькагольных напояў (моцны алькаголь яшчэ раней вывелі за межы электронных і друкаваных СМІ), а таксама мэдыкамэнтаў, якія прадаюць паводле рэцэптаў.

М.Дудко: “Закон ударыць, але не заб’е”

Калі цыгарэтныя брэнды дажываюць на экране даслоўна апошнія месяцы (ад 1 студзеня 2008 году рэкляма тытуню забараняецца ўвогуле), то піўным броварам альтэрнатыву ўсё ж пакінулі.

Слабаалькагольныя напоі нельга будзе рэклямаваць ад сёмай раніцы да восьмай вечара на тэлебачаньні. Забарона закране і рэкляму піва ў мэтро, на вакзалах і ў аэрапортах.

Як дагрукацца да спажыўца ў новых умовах? Вось меркаваньне генэральнага дырэктара менскага бровару “Аліварыя” Мікалая Дудка:

“Канечне, абмежаваньні па нас удараць, але ж рэклямны час, калі казаць пра тэлебачаньне, усё ж застаўся, таму будзем працаваць у адведзеных рамках.

Што тычыцца іншых пытаньняў — зьнешняй рэклямы і гэтак далей — то будзем яшчэ разглядаць эфэкт, прыкладам, ад спонсарства, зьбіраць інфармацыю.

І ўжо тады спрабаваць зноў вяртацца да гэтага пытаньня на фактах: што ў выніку атрымалі мы, што атрымала дзяржава і што атрымалі тыя, хто мог на штосьці разьлічваць ад гэтага закону. Але натуральна, асноўнае тут — забарона калі і працуе, то працуе ня ўсюды.

І хоць тое, што прынята, зьмяніць складана, але мы пакуль не выключаем на 100% якіхсьці магчымых варыянтаў на будучыню. Пакуль жа ўсю інфармацыю, натуральна, будзем аналізаваць, рыхтаваць яе да разгляду”.

Новы закон забараняе бясплатна распаўсюджваць у рэклямных мэтах алькагольныя напоі і выдаваць як прызы напоі аб’ёмам больш за пяць літраў.

П.Папялушка: “Закон скапіявалі мэханічна”

Ці чакаюць рэклямісты, што пасьля новаўводзінаў ахвочых прасоўваць свой прадукт паменее?

На гэтае пытаньне адказвае генэральны дырэктар рэклямнага агенцтва “Starcom MediaVest Group Belarus” Пятро Папялушка:

“На сёньняшні дзень у гэтым законе рэклямістаў не задавальняюць пэўныя абмежаваньні, зьвязаныя з рэклямай піва, абмежаваньні трансьляцыяў — то бок, рэкляма на тэлебачаньні. Абмежаваньні ў пэўных сэгмэнтах, перадусім што да мэдычных прэпаратаў і г.д.

Мы не задаволеныя цяперашняй рэдакцыяй закону, бо многія абмежавальныя нормы ўвялі паводле аналёгіі з суседнімі рынкамі, але пры гэтым яны ніяк ня ўлічваюць нюансаў разьвіцьця нашага рынку.

Калі мы выказваем занепакоенасьць наконт алькагалізму, то, прабачце, у нас спажываньне таго ж піва на душу насельніцтва прыкладна 30 літраў. У Расеі — 70—80, у Прыбалтыцы — 100 зь лішкам літраў, а ў Нямеччыне ўвогуле 150.

Але — у іх жа алькагалізм не разьвіваецца ад піва! Таму што працуюць іншыя сацыяльныя фактары стрымліваньня, якія не дазваляюць моладзі п’янай хадзіць па вуліцы ці расьпіваць яго каля школаў, што адбываецца ў нас. І ў гэтым сэнсе абмежаваньне на рэкляму не разьвязвае праблемы”.

Што да станоўчых момантаў новага закону “Аб рэкляме”, то могуць усьцешыцца спартовыя заўзятары, якіх у часе ня толькі жывых трансьляцыяў, але і падчас перадачы ў запісе пазбавяць ад рэклямных паўзаў — уся рэкляма пераносіцца ў перапынак.

Нельга перапыняць рэклямай паседжаньні дзяржаўнай важнасьці, а чыноўнікам забаранілі ўпрыгожваць сьцены плякатамі з рэклямнымі выявамі.
XS
SM
MD
LG