Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ці застануцца на рынках замежныя гандляры?


Радыё Свабода Згодна з пастановай Савету міністраў №1483, у Беларусі зьмяняюцца правілы гандлю на рынках для замежнікаў. Беларускія прадпрымальнікі, якія лічаць замежнікаў канкурэнтамі, ня вераць у рэальныя зьмены. А замежныя бізнэсоўцы кажуць, што застануцца на рынках, пакуль ім гэта выгадна.

Урад пастанавіў, што замежных грамадзянаў ня будуць дапускаць да працы, пакуль яны не атрымаюць дакумэнту пра выплату адзінага падатку й спэцыяльнага дазволу на прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Аднак, як сьцьвярджаюць замежнікі, якія гандлююць на гарадзенскім рынку, яны і цяпер набываюць дазвол на права гандляваць у адміністрацыі раёну, а таксама плацяць падаткі.

“Мы атрымліваем ад беларускіх уладаў спэцдазвол на права гандляваць, пры гэтым нас прапісваюць і даюць права на жыхарства. Мы толькі плацім за гэта грошы”, — кажа прадпрымальнік Усман.

Усман і ягоныя калегі пакуль ня чулі пра новую пастанову ўраду, але іх гэта ня вельмі засмучае:

“Калі выйдзе ўказ, тады й пабачым. Калі ня будуць даваць працаваць, то й ня будзем. А што мы зможам зрабіць?”

Беларускія прадпрымальнікі, для якіх замежныя гандляры заўсёды былі канкурэнтамі, ня вельмі вераць у падобныя ўказы.

Першы прадпрымальнік: “Мы ня верым у гэта. Самыя лепшыя ўмовы для працы на рынку заўсёды былі створаныя для замежных грамадзянаў: азэрбайджанцаў, армянаў… Тут няма нацыянальнага пытаньня — але так, як працуюць яны спакойна, мы ня можам працаваць”.

Прадпрымальнік апавядае, што ў замежнікаў ніколі не патрабуюць сэртыфікатаў, раптоўна не налятаюць зь іншымі праверкамі. Таму з гандлярамі з-за мяжы цяжка канкураваць.

Другі прадпрымальнік: “Вядома, яны рэальныя канкурэнты. У нас на рынку яшчэ так сабе, а на “Кароне”… Там, кажуць, нават месца нельга ўзяць, пакуль замежнікі ня зоймуць. І пра гэта ўсе ведаюць”.

А я вырашыў распытаць пакупнікоў на гарадзенскім рынку: у якіх прадпрымальнікаў яны купляюць тавары — у беларускіх ці замежных?

Спадар: “У свайго лепей”.

Карэспандэнт: “А чаму ў свайго?”

Спадар: “Свайго трэба падтрымліваць”.

Спадар: “Свой чалавек — ёсьць свой чалавек. Ва ўсякім выпадку хоць ведаеш, што грошы пойдуць у айчынную эканоміку”.

Нагадаю, што пастанова Савету міністраў №1483 пачынае дзейнічаць 10 сьнежня 2007 году.
XS
SM
MD
LG