Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкі: актывісты заклікаюць людзей да мясцовага рэфэрэндуму наконт АЭС


Радыё Свабода Горацкія грамадзкія актывісты пачалі інфармаваць жыхароў пра магчымае будаўніцтва ў Горацкім раёне атамнай электрастанцыі. Інфармацыйная кампанія рыхтуе людзей да збору подпісаў за правядзеньне мясцовага рэфэрэндуму.

Правесьці раённы рэфэрэндум прапанавала мясцовая пратэстанцкая нефармальная суполка “Свабода ў Госпаду”. Пратэстанты хочуць высьветліць, ці згодныя жыхары з будаўніцтвам АЭС у Горацкім раёне.

Паводле кіраўніка суполкі Пятра Маланачкіна, ужо распаўсюдзілі больш як дзьве сотні ўлётак з такім тэкстам: “Дарагія землякі, заклікаем вас сказаць сваё “не” атамным плянам, “не” — другому Чарнобылю. “Так” — будучыні без радыяцыі, хваробаў ды сьмерцяў. Абаронім наш горад. Разам мы сіла”.

“Улёткі рэгулярна даводзіцца наклейваць, бо нехта рэгулярна зрывае іх”, — зазначае Пётар Маланачкін.

Да ініцыятывы пратэстантаў далучылася мясцовыя грамадзкія актывісты.

“Мы не чакаем, што ўлады стануць на “зважай” і будуць нас падтрымліваць. Гэта адна з магчымасьцяў неяк узрушыць грамадзтва. Даць людзям зразумець — каб нешта адбылося на тваю карысьць, трэба нешта рабіць. Грамадзкая апатыя паціху зрушваецца.

Сытуацыя тычыцца ўсіх. Большасьць людзей, пасіўныя яны ці актыўныя, яны разумеюць, што гэта небясьпечна й з гэтым нешта трэба рабіць. Калі зь імі размаўляеш, то яны кажуць — я ня толькі падпішу, але і дапамагу са зборам подпісаў”, — зазначыў горацкі журналіст Эдуард Брокараў.

Ініцыятары рэфэрэндуму мяркуюць, што ім удасца сабраць неабходныя галасы. Паводле Канстытуцыі, для мясцовага рэфэрэндуму неабходна, каб за яго выказаліся ня менш за 10% грамадзянаў, якія маюць права выбіраць і жывуць на гэтай тэрыторыі. У Горацкім раёне каля трыццаці тысяч выбарцаў.

Адна зь меркаваных пляцовак на будаўніцтва АЭС знаходзіцца блізу вёскі Кукшынава Горацкага раёну — за пятнаццаць кілямэтраў ад Горак. Другая, Краснапалянскага пляцоўка, знаходзіцца таксама на Магілёўшчыне — у Чавускім раёне.

• У Горацкім раёне зьбіраюцца правесьці мясцовы рэфэрэндум, 29.10.2007
XS
SM
MD
LG