Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёў: калегія абласнога суду не задаволіла скаргі актывістаў


Радыё Свабода Сёньня калегія Магілёўскага абласнога суду не задаволіла касацыйнай скаргі грамадзкіх актывістаў Аляксандра Каралёва, Аляксея Паўлоўскага ды Юр’я Дарашэнкі. Яны спрабавалі адмяніць пастанову Ленінскага суду Магілёва, які раней не задаволіў іхнага пазову пра абарону гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.

Калегія абласнога суду пад старшынёўствам Сьвятланы Стэльмаковай прызнала пастанову Ленінскага суду законнай і правамоцнай.

Юрыст незалежнага Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасьці Аляксандар Каралёў адразу пасьля суду паведаміў “Свабодзе”, што іншага выраку ад калегіі абласнога суду не чакаў.

“Мы працягнем абараняць свае гонар, годнасьць ды дзелавую рэпутацыю ў судах вышэйшай інстанцыі — і дойдзем, калі спатрэбіцца, да камітэту ААН у правах чалавека.

Мы аднак упэўненыя, што міліцыянты, якія спачатку нас незаконна затрымалі, а потым публічна ў судзе абразілі, адносна другіх людзей будуць цяпер больш абачлівымі ў выбары словаў і дзеяньняў. І гэта мы лічым нашым посьпехам”, — зазначыў Аляксандар Каралёў.

9 кастрычніка грамадзкія актывісты Аляксандар Каралёў, Аляксей Паўлоўскі ды Юры Дарашэнка праз суд спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці міліцыянтаў Яўгена Жылінскага, Аляксандра Сыраежкіна ды Тацяну Мартынаву.

Пазоўнікі вінавацілі іх у зьнявазе гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі.

6 кастрычніка міліцыянты падчас судовага разьбіральніцтва заявілі, што актывісты пагражалі ім фізычнай расправай. “Калі ўлада зьменіцца, міліцыянтаў будзем вешаць на слупах”, — такая фраза зафіксаваная ў судовым пратаколе.

Судзьдзя Ленінскага суду Валянціна Лапаціна палічыла прэтэнзіі грамадзкіх актывістаў да міліцыянтаў беспадстаўнымі й адмовілася задаволіць пазоў.

У красавіку 2007 году грамадзкія актывісты ўжо намагаліся праз суд абвінаваціць міліцыянтаў у спробе сарваць паездку на ўстаноўчую канфэрэнцыю Саюзу левых партыяў Беларусі.

Тады судзьдзя Сьвятлана Бурака прэтэнзіі актывістаў прызнала беспадстаўнымі.

• Магілёў: суд не задаволіў пазову актывістаў аб абароне гонару і годнасьці, 09.10.2007

• Магілёў: суд адхіліў прэтэнзіі актывістаў да міліцыі, 10.04.2007
XS
SM
MD
LG