Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леанід Міндлін: “Беларускае відэасамвыдавецтва тармозіцца гледачамі”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Працягваем сэрыю ранішніх інтэрвію з грамадзкім рэдактарам тыдня з публіцыстам, сцэнарыстам, рэжысэрам Леанідам Міндліным. Журналіст Аляксандар Уліцёнак гутарыць зь ім пра сёньняшні беларускі самвідэавыдат.

Уліцёнак: “Што такое відэасамвыдавецтва ў беларускіх умовах?”

Міндлін: “Упершыню мы сутыкнуліся зь ім, калі зрабілі з Юрыем Хашчавацкім фільм “Звычайны прэзыдэнт”. 10 год таму ў Беларусі было прыблізна 800 тысяч магнітафонаў”.

Уліцёнак: “Цяпер увогуле такой статыстыкі не знайсьці…”

Міндлін: “Цяпер дадаліся кампутары, спадарожнікавае тэлебачаньне, DVD – усяго навалам проста!”

Уліцёнак: “А самвыдавецкай прадукцыі?”

Міндлін: “Ну, мала хто займаецца ёй… Хоць паводле нашага заканадаўства тут крыміналу няма – адмысловыя дазволы на тыражаваньне, нейкія ліцэнзіі не патрабуюцца. Магчыма, няма жаданьня, магчыма – рэсурсаў…”

Уліцёнак: “…кваліфікацыі…”

Міндлін: “Так, хоць сустракаюцца вельмі ўдалыя прыклады. Скажам, кінавытворчасьць хлопцаў з газэты “Навінкі”. Яна рабілі па форме абсурдысцкія фільмы, але пазнавальныя – краіна бачыла сваё адлюстраваньне. Але, паўтару, ня ўсе гатовыя рызыкнуць пайсьці такім вось шляхам”.

Уліцёнак: “Мне падаецца, больш удала разьвіваюцца малыя формы: маю на ўвазе досьвед стварэньня вельмі калючых беларускіх мультфільмаў…”

Міндлін: “Іх вядомасьць была проста велізарная. Калі не памыляюся, было 50 000 заходаў на гэты сайт”.

Уліцёнак: “Мы зараз гаворым пра менскі досьвед. А ці ёсьць самвідэавыдат у рэгіёнах?”

Міндлін: “У Магілёве добрая каманда працуе – над мультсайтам. Простым. Але ж гэтая форма надзвычай зручная для моладзі: лёгкая, дынамічная. Ёсьць адпаведныя людзі і ў Гомелі, Берасьці”.

Уліцёнак: “Хто мусіць падтрымліваць відэасамвыдавецкі рух?”

Міндлін: “Адзін палітык казаў: “Мы будзем хадзіць ад дзьвярэй да дзьвярэй!” Ды ў вас ног ня хопіць! Несучасны палітык той, хто ня ведае, як карыстацца сучаснымі сродкамі інфармаваньня”.

Уліцёнак: “Бясконцыя, бясконцыя сайты – вашая ацэнка беларускага нэту?”

Міндлін: “Добрая самадзейнасьць”.

Уліцёнак: “Мы гаварылі з вамі аб праблемах вытворцаў інфармацыі, а якім чынам можна характыразаваць яе спажыўца?”

Міндлін: “Магчыма, у спажываньні інфармацыі і ёсьць галоўная праблема. Бо калі кваліфікаваны спажывец, то і вытворца будзе падымаць планку. Нашыя гледачы, на жаль, пакуль да гэтага не штурхаюць”.

Найцікавейшыя матэрыялы аўторка на сайце svaboda.org паводле Леаніда Міндліна

• З каналу “Беларусь-ТБ” у Маскве запатрабавалі 45 мільёнаў даляраў • Менскі мітынг: ці пачутыя прадпрымальнікі • Клімавічы: крымінал плюс мядок ад “Залатой пчолкі” ды новае Адраджэньне • Гомель: апазыцыя рыхтуецца да вулічных акцый • У Патстдаме рэстарацыя «Мінск» стане басэйнам
XS
SM
MD
LG