Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: Язэп Сажыч


Іна Студзінская, Менск 19 лістапада ў Злучаных Штатах Амэрыкі на 91-м годзе жыцьця памёр Язэп Сажыч, беларускі палітычны і вайсковы дзеяч, генэрал, доктар мэдыцыны.

Язэп Сажыч нарадзіўся 5 верасьня 1917 году на Наваградчыне. Скончыў Наваградзкую гімназію й польскую падафіцэрскую школу.

Падчас нямецкай акупацыі ствараў аддзелы Беларускай самааховы. Афіцэр Беларускай Краёвай Абароны й сябра Беларускай незалежніцкай партыі. Трапіў у палон.

Пасьля вайны апынуўся ў Нямеччыне, атрымаў мэдычную адукацыю. Потым пераехаў у ЗША, жыў у Дэтройце. На эміграцыі — актыўны ўдзельнік нацыянальна-вызвольнага руху. У 1982—1997 гадах Язэп Сажыч быў старшынём Рады БНР.

Доктар мэдыцыны Ўладзімер Нагабез сябраваў зь Язэпам Сажычам зь дзяцінства. Сядзеў зь ім за адной партай спачатку ў беларускай гімназіі ў Наваградку, пасьля яе закрыцьця — у польскай гімназіі, якую яны разам скончылі ў 1938 годзе. Пазьней сяброў забралі ў польскую армію, накіравалі ў вайсковую школу.

Згадвае Ўладзімер Нагабез:

“На вайне ён трапіў у палон, і я таксама. Мы згубіліся. Пасьля вайны сустрэліся мы ў нямецкім Марбургу, дзе разам вучыліся мэдыцыне. Потым разьехаліся.

Сустрэліся ўжо пры канцы 1950-х у Амэрыцы. Ён быў у Дэтройце, я жыў у Нью-Ёрку. Сустракаліся на ўрачыстасьцях, на грамадзкіх зьездах беларусаў…

Учора я яшчэ размаўляў зь ім. Ён ужо дрэнна сябе адчуваў. Сказаў: “Братка, цяжка гаварыць... Вечная яму памяць!”

Пра Сажыча апавядае намесьнік старшыні Рады БНР, гісторык, доктар Янка Запруднік:

“З доктарам Сажычам я першы раз сустрэўся, каля вучыўся ў Лювэнскім унівэрсытэце ў Бэльгіі ўвесну 1953 году. Ён тады быў вельмі актыўны ў беларускім рэлігійным і грамадзкім жыцьці.

Наладзіў тады на ўгодкі абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, 25 сакавіка, радыёперадачу, я браў удзел у гэтай радыёперадачы.

Ён разам са сваёй мэдыцынскай практыкай шмат часу прысьвячаў жыцьцю беларускай грамады ў Злучаных Штатах. Чалавек ён быў вельмі шчыры, простых манераў, вельмі патрыятычна настроены. У такім жа духу і дзяцей сваіх выхаваў. Ён вельмі аддана працаваў на беларускай ніве ўсе свае гады жыцьця ў Злучаных Штатах”.

Язэп Сажыч у 1993 годзе прыяжджаў у Беларусь, быў на сваёй радзіме. Лінгвіст і перакладчык Зьміцер Саўка напісаў кнігу пра Беларуска-амэрыканскае задзіночаньне — “Беларуская цывілізацыя”. Кніга пакуль яшчэ ня выдадзеная. Там ёсьць асобны разьдзел і пра Язэпа Сажыча.

“Язэп Сажыч вядомы нам як былы старшыня Рады БНР. Аднак ён быў вельмі актыўны і ў Беларуска-амэрыканскім задзіночаньні, у шэрагу іншых грамадзкіх арганізацыяў беларускай эміграцыі ў штаце Мічыган”, — апавядае Зьміцер Саўка.

Пахаваюць Язэпа Сажыча на беларускіх могілках у Нью-Джэрзі, побач з жонкай.
XS
SM
MD
LG