Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І. Сурвіла: “Быў Сажыч вялікім патрыётам і сумленным чалавекам”


Сяргей Навумчык, Прага У Амэрыцы памёр Язэп Сажыч, які да 1997 году займаў пасаду Старшыні Рады БНР.

У сакавіку 1993 году Язэп Сажыч наведаў Менск і браў удзел у сьвяткаваньні 75-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. На ўрачыстай вечарыне ў будынку фільгармоніі побач зь ім у прэзыдыюме былі тагачасны кіраўнік дзяржавы -- старшыня Вярхоўнага Савету Станіслаў Шушкевіч. З боку ўраду Вячаслава Кебіча ў той час рабіліся энэргічныя крокі, каб Рада БНР склала свае паўнамоцтвы, як гэта зрабіў украінскі ўрад у выгнаньні. Аднак Язэп Сажыч устрымаўся ад гэтага кроку, палічыўшы, што незалежнасьць і дэмакратычныя зьмены ў Беларусі не набылі незваротнага характару.

Пра Язэпа Сажыча гаворыць Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла:

Сурвіла: “Зь вялікімі сумам атрымала весту пра сьмерць доктара Сажыча, якога яшчэ зусім нядаўна віншавала з 90-гадовым юбілеем і жадала яму дачакацца волі і дабрабыту для нашага народу. Быў доктар Сажыч вялікім патрыётам і сумленным чалавекам. Нёс адказнасьць за старшынства Рады цягам 15-ці гадоў. Было гэта ў часы вялікіх зьменаў, і ён меў надзею, што дачакаецца часу, калі Рада БНР зможа перадаць свой мандат незалежнай і дэмакратычнай Рэспубліцы Беларусь. На жаль, так яно не адбылося. Але Рада мае магчымасьць працягваць змаганьне і сёньня, дзякуючы, у вялікай ступені, вытрываласьці і ахвярнасьці доктара Сажыча. За гэта яму - удзячнасьць усіх нас. Цешыць мяне, што доктар Сажыч змог адведаць Беларусь у якасьці Старшыні Рады БНР. Былі гэта часы вялікай надзеі, а для доктара Сажыча -- вялікай радасьці. Вечная памяць!"
XS
SM
MD
LG