Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

З каналу “Беларусь-ТБ” у Маскве запатрабавалі 45 мільёнаў даляраў


Ігар Карней, Менск Кіраўніцтва Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі абвінавачвае гаспадароў маскоўскага кабэльнага апэратара “Мостелеком” у спробе спагнаць плату за рэтрансьляцыю праграмаў спадарожнікавага каналу “Беларусь-ТБ”. У расейскай кампаніі тлумачаць, што ня могуць рабіць выключэньня для Беларусі, бо тэхнічнае забесьпячэньне падачы сыгналу каштуе грошай. У падкантрольным маскоўскаму ўраду “Мостелекоме” не выключаюць, што загад “заблякаваць” Беларускае тэлебачаньне прыйшоў са структураў, не зацікаўленых у ягонай інфармацыйнай прысутнасьці ў Маскве.

“Беларусь-ТБ”: “З Масквой гандлявацца не зьбіраемся”

Галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі спадарожнікавага тэлеканалу “Беларусь-ТБ” Валеры Радуцкі кажа, што на ўсёй тэрыторыі Расейскай Фэдэрацыі праблемаў з трансьляцыяй каналу няма.

А вось Масква — іншая рэч: мясцовыя апэратары патрабуюць высокай платы. Між тым, Белтэлерадыёкампанія надзвычай зацікаўленая ў большым ахопе маскоўскай аўдыторыі, патэнцыял якой да ўжо існай колькасьці — каля 3 мільёнаў гледачоў:

“Ёсьць у Маскве такі апэратар “Мостелеком”. Дзякуючы ім мы хочам увайсьці ў кабэльныя сеткі Масквы. У нас ужо ёсьць дзьве дамовы з апэратарамі, нас глядзяць у Маскве, але мала — дзесьці каля мільёна чалавек.

А каб увайсьці ў “Мостелеком”, мы праводзілі перамовы на ўзроўні нават намесьніка мэра Масквы Валер’я Вінаградава.

А ў “Мостелекоме” нам кажуць: плаціце грошы, 15 даляраў з абанэнта. То бок, атрымліваецца 45 мільёнаў даляраў. І на ўсе нашы аргумэнты, маўляў, той жа “ТВ-Центр” ідзе ў Беларусі бясплатна, яны нам адказваюць — дык адключайце! А вас уключым толькі тады, калі заплаціце грошы”.

Карэспандэнт: “Нейкі парытэт можа быць? Вы згодныя на якуюсьці суму?”

“Калі яны пачынаюць гандлявацца, то гэта ўжо сьмешна. Гавораць: ну, давайце 43, давайце 42. Але мы гандлявацца не зьбіраемся і за грошы працаваць зь імі ня будзем. Мне здаецца, што “Мостелеком” усё ж такі гаспадарчы суб’ект, які, груба кажучы, хоча “зрубіць з нас бабкі”. Таму што, зноў жа, няма ўпэўненасьці.

Калі мы запыталі: добра, мы вам заплацім — і тады будзем пастаянна ў сетцы? Яны адказалі: ну, вы ж разумееце, да канца году — так, а далей паглядзім. То бок, няма гарантыі. Дый потым, такія грошы — гэта ўжо занадта”.

“Мостелеком”: “Нельга выключаць палітычнай замовы”

Кіраўнік фінансавага дэпартамэнту акцыянэрнага таварыства “Мостелеком” Канстанцін Старасьцін у інтэрвію Радыё Свабода пацьвердзіў, што колькасьць абанэнтаў кампаніі складае каля 3 мільёнаў чалавек.

Гэтаксама існуе і 15-даляравы тарыф за карыстаньне паслугамі, што натуральна для камэрцыйных дачыненьняў:

“Вы ж разумееце, што ў нас закладзеныя выдаткі на гэтую справу. Мы ня можам працаваць сабе ў страты нават зь меркаваньня падатковых адлічэньняў і г.д. Але тут зусім ня выключаны палітычны фактар, хоць я дакладна казаць не магу. Мы ж належым ураду Масквы часткова і ня можам асабліва штосьці прыдумляць.

Шчыра кажучы, Лукашэнку наш прэзыдэнт ня моцна любіць, па-мойму. Таму, можа быць, гэта ўвогуле непрабіўная рэч, і ў выпадку чаго нас нават пакараюць за актыўнасьць.

Каб там было ўсё, як кажуць, у шакалядзе, напэўна загадалі б — трансьлюйце, і ўсё. А калі гэтага ніхто ня робіць, значыць, альбо ня хочуць, каб гэта тут было, альбо ім проста ўсё роўна.

І тады кампаніі могуць дамаўляцца. Калі праблема толькі ў тарыфе, то напэўна ўсё можна абмяркоўваць. А калі тут палітыка замяшаная, то чаго мы туды палезем?”

Даведка. Міжнародны спадарожнікавы канал “Беларусь-ТБ” трансьлюецца на замежжа ад 1 лютага 2005 году. Ён уваходзіць у структуру Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі. Канал перадае інфармацыйныя, прапагандысцкія і забаўляльныя праграмы Першага каналу, каналаў “Лад” і СТВ.
XS
SM
MD
LG