Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клімавічы: крымінал плюс мядок ад “Залатой пчолкі” ды новае Адраджэньне


Віталь Сямашка, Клімавічы Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Імідж Клімавічаў у краіне апошнімі гадамі сапсавала кепская гарэлка. У менскіх крамах ад клімавіцкай адварочваюцца нават тыя, каму відавочна “гарыць душа”.

Пацьвярджаюць гэта й прадавачкі з Клімавічаў.

Галіна: “Я на “Дажынках” была ў мінулым годзе. Побач з нашым намётам быў менскі “Крышталь”. Чэргі ў іх і ў нас — вялікая розьніца”.

24-гадовая Галіна свайго прозьвішча не называе. На інфармацыю пра тое, што адбываецца на лікёра-гарэлачным заводзе, дзе працуе 800 чалавек, кіраўніцтва наклала табу: злапаюць — вылеціш. А праца тут дагэтуль лічыцца найбольш прэстыжнай у горадзе.

Тым ня менш, Галіна, якая працуе тут два гады, заслону над тым, што ведае, прыадчыніла.

Галіна: “У Клімавічах, каб працаваць на віна-гарэлачным, трэба вялікі блат мець. Залатога часу, калі гарэлку нашу ўсе хвалілі, не засьпела, але казалі, што з аднаго заробку можна было купіць тэлевізар і адкласьці даляры. Просты кухар у нас зарабляў больш, чым майстар на іншым прадпрыемстве.

Заробак не падымалі гадоў шэсьць. У мяне аклад 260 рублёў. Грузчык на заводзе — 800 тысяч. Усё залежыць ад дырэктара. Усе ў нас добрым словам згадваюць Белавусава, якога “сышлі”, і ён памёр.

Цяпер намі зацікавіліся палякі — будуць адчыняць дзьве новыя лініі й фінансаваць. Яны прыехалі й зьдзівіліся: завод такога маштабу, а абсталяваньне старое. Кажуць, што ў нас гарэлка ў наступным годзе будзе самая лепшая!”

Якраз калі прыйшоў дырэктар Белавусаў, на тле тых шалёных гарэлачных грошай у Клімавічах заквітнеў крымінал. Тут, як мне расказалі мясцовыя жыхары, ён цесна пераплецены з уладай і дырэктарскім корпусам.

На сёньня мясцовая вэртыкаль падзялілася на групоўкі, якія вядуць жорсткую патаемную барацьбу.

Гісторыю клімавіцкіх намэнклятурных войнаў згадвае незалежны журналіст Сяржук Аржанцаў.



Аржанцаў: “Апошнія некалькі гадоў вызначаюцца пастаяннымі ператрусамі. Кіраўнік вэртыкалі Канавалаў перайшоў дарогу моцным людзям.

Зь ягонай падачы зьнялі з пасады дырэктара лікёра-гарэлачнага Белавусава пры канцы 1990-х. Пад яго ціскам сышоў начальнік міліцыі Лук’янаў.

З боку Канавалава пачаліся гучныя заявы — маўляў, на яго ціснуць, а ён змагаецца з карупцыяй, яму прапануюць 100 тысяч даляраў, каб ён спыніўся.

Прыехалі праверкі — давай факты. Скончылася пшыкам. Але з таго часу ў Клімавічах не засталося ніводнай арганізацыі, дзе б не памяняліся начальнікі.

Самаго Канавалава арыштавалі, калі была бойка за завод. Яму адпомсьцілі — знайшлі растраты, затрымаў чужое паліва для ўборкі. Яму перад гэтым быў ордэн “Знак пашаны” ад Лукашэнкі, і ён думаў, што недатыкальны.

На выбарах 2001-га Клімавіцкі раён адзначыўся: адзіны, дзе 94% прагаласавалі за Лукашэнку. І тут раптам суд, калёнія. Кінуўся ва ўцёкі дырэктар камбінату хлебапрадуктаў Каленька — з сабой забраў тры мільярды, дагэтуль у вышуку.

У гэтым годзе начальнік АБЭЗ арыштаваны, пайшоў ва ўцёкі старшыня раённага суду Цішкін — таксама ў вышуку. І ці ёсьць ва ўладзе людзі, якія могуць сумленна працаваць, выконваць абавязкі?!”

Мая вандроўка супала з заканчэньнем судовага працэсу над навучэнцам тэхнікуму Андрэем Раманенкам.

Пачынаўся працэс як звычайная крымінальная справа. Аднак, на думку адваката (дарэчы, былога пракурора) Уладзімера Якіменкі, склалася сытуацыя, што добра адлюстроўвае, як судовае права можа падмяняцца вэртыкальным.

Але вось сутнасьць справы вуснамі Ўладзімера Міхайлавіча:

Якіменка: “Раманенка з жонкай і яе сяброўкай узялі пляшку гарэлкі — быў Дзень маці — выпілі сто пяцьдзясят кожны. Патэлефанаваў сябар Шаланкоў, вырашылі зьезьдзіць у карчму, што на трасе.

Ля карчмы да Шаланкова прычапіліся, хацелі ўсчаць бойку. Раманенка расьцягнуў. Зайшлі ў карчму, выпілі пяцьдзясят кожны. Раманенка пайшоў таньчыць. Хтосьці ззаду наносіць моцны ўдар у скронь. Чалавек траціць арыентацыю, пачынае адмахвацца, выпадкова б’е дзьвюх жанчын, што танчаць.

Удар яму быў моцны, пацьверджаны судмэдэкспэртызай, вялікая гематома, што Раманенка мог траціць арыентацыю і памяць...”



Жонка і сябар вывелі Раманенку на вуліцу. Раптам, як яны расказваюць, на іх наляцеў разьюшаны натоўп мясцовых з выламанымі з дроту каламі. Усіх пачалі зьбіваць.

У параненага нажом у руку Шаланкова экспэрты налічаць чатырнаццаць цялесных пашкоджаньняў, доўгімі палосамі. Неўзабаве зьяўляюцца міліцыянты, але драўлянай зброі не знаходзяць. Затое вераць на слова нападнікам, што Раманенка размахваў нажом, якога таксама няма.

Хлопца, аднак, як ініцыятара бойкі забіраюць у СІЗА. Да суду. Справу вядзе сьледчы Гусакоў. У кулюарах будуць гаварыць пра непрыязныя дачыненьні сем’яў Раманенак ды Гусаковых. Але гэтага, як вядома, да справы не падшыць. Зноў слова адвакату Якіменку.

Якіменка: “Маса парушэньняў — ня ўсе “пацярпелыя” былі ў судзе. Дапытваем Байкову — не супадаюць паказаньні ў судзе і на сьледзтве. У яе пытаюцца: ваш подпіс? Яна кажа: ня мой! Значыць, судзьдзя сам устанавіў фальсыфікацыю справы на папярэднім сьледзтве маёрам Гусаковым.

Жонка Раманенкі дакладна паказвае на “пацярпелых”, што яны іх зьбівалі. Раманенка не апраўдваецца: “Каб ня ўдар, нікога б не кранаў”.

Мы чакаем прысуду. Пракурор папрасіў тры гады, Галачэўскі дае пяць, бо маці Раманенкі неаднаразова пісала скаргі, што судзьдзя парушае Крымінальны кодэкс і не прыцягвае Гусакова за фальсіфікацыю доказаў.

Я пішу скаргу міністру юстыцыі й генэральнаму пракурору аб прыцягненьні Галачэўскага за хаваньне злачынстваў. І тут пачынаецца атака на мяне. Ставіцца пытаньне: забраць у мяне ліцэнзію. Кажу — а як, калі ніхто са мной не сустракаўся?!

Судзьдзі абласнога суду, калі разглядалі касацыйную скаргу, сядзелі, апусьціўшы галовы, — ім было сорамна. Яны пайшлі на парушэньне закону, загналі чалавека ў турму і з амбіцыяў падтрымліваюць Галачэўскага...”

Напярэдадні эфіру зьвязаўся з Клімавічамі. Вынік справы такі. Былы студэнт Раманенка ў калёніі. Адвакат Якіменка атрымаў вымову ад абласной калегіі адвакатаў за перавышэньне паўнамоцтваў. Сьледчага Гусакова перавялі на падвышэньне намесьнікам начальніка раённага аддзелу ўнутраных справаў у Крычаў.

А гэтыя словы майго клімавіцкага калегі Сержука Аржанцава — як камэнтар да ўсяго пачутага.

Аржанцаў: “Афіцыйная прэса раёну маўчыць. Ня так даўно затое з гонарам паведамілі, што колькасьць зваротаў у выканкам скарацілася на 38%. Людзі бачаць — а ці ёсьць карысьць ісьці туды?! Кланы, кланчыкі нешта дзеляць, маленькія начальнічкі, ня ведаючы, што будзе заўтра, думаюць: узбагачацца трэба зараз!”

* * *

Да Клімавіч пад’яжджаў увечары — празь цёмныя, зь перакошанымі пустымі хацінамі вёскі, што адселеныя пасьля Чарнобылю. Засталося іх у раёне пяць. Было пятнаццаць.

Да 1996-га й палова Клімавічаў лічылася зонай адсяленьня. Памянёны спадар Якіменка, між іншым, сышоў з пасады пракурора на знак пратэсту супраць сёньняшняга й будучага бяспраўя ліквідатараў. Ён і сам сярод іх. Разам з жонкай хворыя на анкалёгію.

А вось як усё было.

Якіменка: “Сем гадоў таму ў Ціманава, прыгарадзе, будаваўся чарнобыльскі пасёлак. Экс-мэр Канавалаў прызнаў яго службовым жыльлём. Але й службовае жыльлё вызваляецца, калі чалавек звольніўся.

Аднак працягваюць жыць былы пракурор раёну Катляр, супрацоўнік выканкаму Сяргееў — там маса. Гэта пры тым, што чарнобыльскае жыльлё не будуецца і, відаць, ня будзе будавацца.

А цяпер чарнобыльцаў хвалюе ўказ прэзыдэнта, які забірае ў ліквідатараў і пацярпелых ільготы на жыльлё й лекі. Чакаем 1 студзеня, калі станем бездапаможнымі”.

Затое ў Клімавічах, бадай, самая вялікая ў правінцыі суполка прапрэзыдэнцкай Камуністычнай партыі Беларусі — аж пад 65 чалавек. Днямі першы сакратар райкаму, 85-гадовы Балтоўскі, атрымаў памятны знак ад Генадзя Зюганава. За што?

Гэта стала зразумелым пасьля гутаркі з сакратаром раённай вэтэранскай арганізацыі Ўладзімерам Прэльсам.



Прэльс: “Наш саюз з Расеяй дасьць тое, што будзем мацнейшыя. У Расеі капіталізм, а ў нас — як было пры савецкай уладзе. Я думаю, у Расеі знойдуцца сілы, наперадзе выбары, якія зразумеюць тыя станоўчыя вынікі, што ёсьць у Беларусі.

Наша партыйная арганізацыя настроеная, каб быў Лукашэнка. У яго ёсьць недахопы, але ў асноўным вядзе правільным шляхам. Арганізацыя шчыльна зьвязаная з райвыканкамам, мы бярэм удзел ва ўсіх мерапрыемствах”.

Ад чарнобыльшчыны, стрэсаў ды хваробаў найлепш лекуе мёд. Гэта не мае словы — 55-гадовага Ўладзімера Кірпічэнкі, пажарніка з прафэсіі, пчаляра паводле пакліканьня. У яго пятнаццаць вульляў.

Кажа, што традыцыі пчалярства на Клімаўшчыне векавыя:

Кірпічэнка: “У кожным калгасе пасекі былі й цудоўная меданосная база — ліпнікі, маліна, лугавое разнатраўе, лясы. У Клімавічах пчолы лёталі. Джалілі. Я й сам правакаваў, бо ратуе ад радыкуліту. Любы пчаляр ад гэтага даўжэй жыве...”

Герб Клімавічаў — “Залатая пчолка”. Такі назоў мае і міжнародны фэст дзіцячай творчасьці, што ладзіцца тут пятнаццаць гадоў. У ім бяруць удзел да тысячы дзяцей з Расеі, Кітаю, Турцыі, Малдовы, Казахстану.

Тут атрымала сваю першую перамогу Ксюша Сітнік, уладальніца Гран-пры дзіцячага “Эўрабачаньня”. Але ў будучым колькасьць непасрэдна клімавіцкіх музыкаў можа зьменшыцца.

Кажа выкладчык дзіцячай мастацкай школы Ўладзімер Казырэнка.

Казырэнка: “Конкурс быў дзесяць чалавек. Цяпер на некаторыя інструмэнты абвяшчаем дадатковы набор. Школа платная — 10 тысяч рублёў у месяц. Дарагія інструмэнты — за фартэпіяна ня менш як 500 даляраў”.

Спадар Уладзімер кажа, што няпэўна адчуваюць сябе і выкладчыкі.

Казрэнка: “Кантракты — дубіна ў руках адміністрацыі. Калі ня так сказаў, ня тое зрабіў… І пагрозы былі. Пра палітыку дык і не кажу, а ў калгас ня хочаш ехаць — ага!”

У 40-гадовага прадпрымальніка-гандляра Ўладзімера Лявоненкі праблемы тыя ж, што і ў іншых дробных бізнэсоўцаў — пасьля прэзыдэнцкага ўказу.

Лявоненка: “З-за немагчымасьці наймаць рабочых людзі будуць выкінутыя на вуліцу. Плюс бухгальтар, прадавачка. А каму езьдзіць за пакупкамі ў банк? Плюс праверкі з выканкаму. Пайшоў здаваць грошы — няма на працоўным месцы. Адбяруць ліцэнзіі — вось што нас чакае”.

Хвіліны адхланьня атрымаў, зайшоўшы ў мясцовую бібліятэку. Тут паўтара дзесяцігодзьдзя дзейнічае літаратурна-краязнаўчае аб’яднаньне. Самі выпусьцілі шаснаццаць краязнаўчых зборнікаў і дзесяць паэтычных.

Гутару з той, на кім, кажуць, усё трымаецца — дырэктаркай Клімавіцкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сыстэмы, спадарыняй Антанінай Сіліверставай.



Сіліверстава: “Першае, што выдалі, — “Зямля, дзе пачаўся мой лёс” — легенды, паданьні Клімавіцкага раёну. Мне вельмі дарагія і мясьціны, якія ведаю зь дзяцінства, і мова, на якой мы размаўляем. У нас расейска-беларускае маўленьне.

А вось дыялектныя словы, якія ўжываюцца толькі на Клімаўшчыне. Курчым — скруціўшыся. Кухвайка. Жамкі — пернікі. Дзядземка — жонка дзядзькі. Галень — венік безь лісьця. Густое малако — тварог. Густая бульба — пюрэ ў нас. Верьх — сьмятанка”.

Вяртаемся разам зь вядомым ужо незалежным журналістам, дарэчы, адзіным мужчынам-бібліятэкарам на Магілёўшчыне, Сяргеем Аржанцавым.

Вуліца Камуністычная пераходзіць у Сацыялістычную. Нашы ж думкі — у працяг тэмы.

Аржанцаў: “Пра Магілёўшчыну пагардліва казалі, што на мяжы з Расеяй, людзі згубленыя нібыта для адраджэньня. Але апошнім часам тут многія жадаюць, каб Беларусь была Беларусьсю. Моладзь з зайздрасьцю глядзіць на тых, хто добра гаворыць па-беларуску.

На выбарах-2001 за Лукашэнку сабралі 1200 подпісаў. Прымусова ў часе атрыманьня пэнсіі казалі падпісацца “тут”. А за Пазьняка сабралі 800 подпісаў тады. Для ўлады быў шок!

Электарат ёсьць нацыянальна арыентаваны. На “Наша слова” ў Клімавічах больш падпісалася, чым у Магілёве. Газэта Івашкевіча “Рабочы” па падпісцы тут была на другім месцы ў краіне. Цяпер нават лягчэй — зьмена пакаленьняў адбылася. Лукашэнка сваю “магічную” сілу згубіў — абяцанкі прыеліся.

Сам рускі, лічу, што дачакаемся лепшага часу. Беларусь стане эўрапейскай не тэрытарыяльна, а па духу. Гэта ідзе і тут, у Клімавічах”.
XS
SM
MD
LG