Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Францішак Аляхновіч: “Цяпер ужо ня толькі ў вёсцы пачуеш беларускую мову”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 20 лістапада ў розныя гады мінулага.

“Гоман” у 1917 годзе дае слова Францішку Аляхновічу: “Людзі! Не стыдайцеся сваей беларускай мовы, бо яна — пекная мова! Прыежджаюць з чужых краёў вучоныя людзі, едуць на вёску, каб навучыцца гэтай мовы... Ды цяпер ужо ня толькі ў вёсцы пачуеш беларускую мову: пачуеш яе і ў месьці, а гавораць ею не сярмяжныя селяне-хлебаробы, а паны ў чорных сурдутах і духавенства. Беларусы! Памятайце, што вы належыце да незалежнага калісь і сільнаго народу і не стыдайцеся мовы бацькоў сваіх, бо гэта сорам і грэх — так сама, як грэх стыдацца беднай радні сваей!..”

“Рабочий” у 1927 годзе паведамляе: “Наркамунутрспраў БССР унёс у Саўнаркам праект аб устанаўленьні новай формы для міліцыянтаў. Праект прадугледжвае набліжэньне гэтай формы да нацыянальных колераў. Галаўны значок будзе ўтрымліваць некалькі дэталяў беларускага дзяржаўнага гербу, у прыватнасьці — прадугледжана ўключыць галіну дубу; шапка праектуецца белага колеру з чырвоным кантам; шынэль, паводле праекту, — чорны з жоўтым кантам”.

“Вечерний Минск”, год 1967. Газэта піша: “Алё...” — Масква і Кіеў, Ленінград і Тбілісі адказваюць галасамі родных, блізкіх, сяброў. І ня толькі адказваюць, але і ўсьміхаюцца, усхвалявана ўглядаючыся ў адбітак на экране, жэстыкулююць. Тэхнічная навінка зрабіла, здавалася б, неверагоднае — дазволіла бачыць суразмоўцу, зь якім вы гутарыце па тэлефоне. Відэатэлефонную сувязь у хуткім часе атрымае беларуская сталіца. Пра гэта паклапаціліся працаўнікі міжгародняй тэлефоннай станцыі: яны ўжо здалі ў эксплюатацыю відэатэлефонны пункт”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG