Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскі мітынг : ці пачутыя прадпрымальнікі?


Віталь Цыганкоў, Менск У панядзелак у Менску на плошчы Бангалор адбыўся мітынг прадпрымальнікаў, які ладзіла рэспубліканскае грамадзкае аб’яднаньне “Пэрспэктыва”. Ці ўдасца прадпрымальнікам абараніць свае правы шляхам акцыяў пратэсту? Наколькі моцная салідарнасьць прадстаўнікоў малога бізнэсу? Гэтыя пытаньні мы задалі актывісту прадпрымальніцкага руху, юрысту Сяргею Балыкіну.

Цыганкоў: “Наколькі, па-вашаму эфэктыўная такая форма пратэсту, як прадпрымальніцкі мітынг? Зь іншага боку, што яшчэ застаецца дробным гандлярам?”

Балыкін: «Самая эфэктыўная форма пратэсту ў нашай краіне – гэта маўклівы пратэст. Беларусы заўсёды проста не выконвалі тыя законы і ўказы, якія ім не падабаюцца. І гэта было эфэктыўна. Бо ўлада мусіла адмяняць ці зьмяняць гэтыя нарматыўныя акты».

Цыганкоў: “У гэтым сэнсе можна сказаць, што маўклівы пратэст адбываецца, бо большасьць прадпрымальнікаў не пажадалі перарэгістроўвацца ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы.

Балыкін: «Ну так. Яны непажадалі скарыстацца гэтай магчымасьцю, і хутчэй за ўсё, ня будуць утвараць юрыдычныя асобы. Таму можна сказаць, што ідзе маўклівы пратэст, «італьянскі страйк». Што да масавых акцыяў пратэсту – на жаль, ня ўсе прадпрымальнікі выўляюць грамадзкую актыўнасьць. Але магчыма, гэта зьвязана з тым, што яны не давяраюць тым грамадзкім лідэрам, якія спрабуюць іх вывесьці».

Цыганкоў: «Якім можа быць далейшае разьвіцьцё падзеяў вакол прэзыдэнцкага ўказу №760, які дазваляе ад пачатку новага году наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў?»

Балыкін: «Прадпрымальнікі зараз рэгіструюць сваіх наёмных супрацоўнікаў у якасьці індывідуальных прадпрымальнікаў, і на іх афармляюць свае гандлёвыя кропкі. Яле гэта часовае вырашэньне праблемы, таму што з 1 студзеня 2009 году ад іх усіх будуць запатрабаваныя дакумэнты на тавар.

Зарэгістраваўшы сваіх супрацоўнікаў у якасьці ІП, яны толькі адкладаюць гэтую праблему на год».

Цыганкоў: «Можа прадпрымальнікі не даспелі да больш рэзкіх формаў – перастаць гандляваць і пляціць падаткі, напрыклад? Ці гэта тыя формы, якія ім прынясуць больш шкоды, чым уладам?»

Балыкін: «Па-першае, прадпрымальнікаў каля 200 тысячаў, а наёмную працу выкарыстоўвае толькі палова зь іх.

Па-другое, трэба разумець, што яны разробненыя і паміж імі існуе канкурэнцыя. Даводзілася назіраць такія «карцінкі», калі да аднаго з прадпрымальнікаў прыходзяць кантралёры і накладаюць штраф, а іншыя задаволеныя, што зьнішчаны іхні канкурэнт. Але ж яны не разумеюць, што праз тыдзень-месяц такая ж самая праверка прыйдзе да іх, і зьнішчаныя будуць яны самі. У прадпрымальнікаў вельмі нізкі ўзровень салідарнасьці”.

XS
SM
MD
LG