Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто фармуе несуцяшальную статыстыку ДТЗ – кіроўцы ці пешаходы?


Ігар Карней, Менск У мінулую нядзелю адзначаўся Ўсясьветны Дзень памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэньняў(ДТЗ), прызначаны Генэральнай Асамблеяй ААН у 2005 годзе. Паказьнік трагічных сыходаў аварый з удзелам беларускіх кіроўцаў і мінакоў – адзін з самых высокіх у Эўропе. Прадстаўнікі Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі гавораць, што такая тэндэнцыя непазьбежная ў сытуацыі, калі некалькі апошніх гадоў колькасьць транспарту расьце ў “трыганамэтрычнай прагрэсіі”, а інфраструктура і дарогі па-ранейшаму разьлічаныя на савецкія ўзоры аўтамабільнага дэфіцыту. Сёньня мы пачынаем тыднёвую сэрыю дасьледаваньняў, прысьвечаных праблеме зьніжэньня аварыйнасьці на дарогах.

Паводле Дзяржаўнай аўтамабільнай інспэкцыі МУС Беларусі, летась колькасьць загіблых у аварыях склала ў прапорцыі 17 чалавек на 100 тысяч насельніцтва. І хоць гэта нашмат меней, чым у суседняй Расеі (там – 26 чалавек на 100 тысяч) да эўрапейскіх лічбаў Беларусі яшчэ далёка. Так, у Польшчы гэта паказьнік – 14 чалавек на 100 тысяч, у Нямеччыне – 10 чалавек, у Швэцыі – меней за 6.

Найбольш распаўсюджаныя ў Беларусі ДТЗ – наезды на пешаходаў (39% ад агульнай колькасьці), сутыкненьні транспартных сродкаў (32%), перакульваньне аўто (15%).

Статыстыка суцяшальная. А рэаліі?

Кіраўніцтва Дзяржаўтаінспэкцыі запэўнівае: істотнае зьніжэньне траўматызму і сьмяротнасьці – прыярытэтная задача, акрэсьленая непасрэдна Аляксандрам Лукашэнкам. Дзеля гэтага распрацаваная праграма “мінус 100”, якая перадусім прафіляктычнымі захадамі мусіць падвысіць агульную культуру і ўзаемапавагу ўдзельнікаў дарожнага руху. Калі канкрэтна – дасягнуць за 2007 год скарачэньня загіблых на дарогах як мінімум на 100 чалавек.

Старшы інспэктар ўпраўленьня ДАІ Менскага гарвыканкаму Мікалай Васільеў кажа, што пэўны плён у гэтым ужо ёсьць:

“Праграму “мінус 100” па краіне выконваем. На сёньняшні дзень па краіне 1308 загінулых. А ўсяго улічаных аварый з пацярпелымі 6498 – то бок, мінус 222 у параўнаньні з мінулым годам. На сёньняшні дзень на 111 у нас меней загінулых і мінус 589 па краіне – параненых. Па горадзе Менску, калі дадзеныя браць, то 1078 дарожна-транспартных здарэньняў адбылося, дзе меліся загіблыя і параненыя. 80 чалавек загінулі, гэта мінус 7 у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. І на 99 меней параненых у сталіцы. З удзелам п’яных кіроўцаў ўчынена 61 ДТЗ, гэта там, дзе п’яныя кіроўцы зьбілі мінакоў і г.д. І гэтаксама ўжо паказьнік на мінус 4. Гэта калі па Менску”.

Як кажа інспэктар ДАІ Сямёнаў, які сёньня кантраляваў транспартны паток блізу плошчы Калініна ў Менску, непрыемнасьцяў на дарозе дадаюць недасьведчаныя кіроўцы, а таксама аўтааматары-пэнсыянэры, якія ня здолелі перабудавацца на больш агрэсіўны стыль язды на перапоўненых дарогах:

“Праз колькі яны машыны набываюць? Асабліва якія спачатку школы ледзьве пазаканчваюць, а потым праз два гады пачынаюць пра машыны думаць. Яны ж таксама езьдзіць ня ўмеюць...”

Карэспандэнт: “Ці былі сёньня нейкія аварыйныя сытуацыі, дарожна-транспартныя здарэньні?”

“Апроч таго, што самі па сабе аварыйныя сытуацыі, дык тут дзеду аднаму давялося выклікаць хуткую дапамогу. Ён пачаў на паласе вырульваць, яго машыны сталі аб’яжджаюць, пачалі іншыя кіроўцы на яго крычаць. А яму дрэнна стала, давялося хуткую выклікаць. А потым аказалася, што ў таго акуляры – зь лінзамі ў мой палец. Куды едзе? Трэба якіясьці абмежаваньні па ўзросьце ўводзіць, мэдкамісію “да пазногця” ціснуць. Куды яны такога выпусьцілі да руля? Не за руль у такім стане, няхай вунь з унукамі гуляе”.

Кіроўцы і пешаходы: адвечныя апанэнты

Мікалай Васільеў зьвяртае ўвагу на тое, што колькасьць транспарту ў Беларусі насамрэч расьце ў “трыганамэтрычнай прагрэсіі”, асабліва што тычыцца вялікіх гарадоў. Шэраг службаў, перадусім дарожных, з улікам такога росту не пасьпявае забясьпечваць камфортныя ўмовы для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху.

Наўпроставай прычынай у 199 ДТЗ (4% ад агульнай колькасьці) стаў нездавальняючы стан дарогаў. Прыкладам, тэхнічная няспраўнасьць транспартных сродкаў, якая стала прычынай ДТЗ, адзначаная толькі ў 1% выпадкаў (52 ДТЗ). Апроч таго, на досыць нізкім узроўні застаецца агульная культура паводзінаў на дарозе:

“Недысцыплінаванасьць кіроўцаў і мінакоў у прыватнасьці. Непавага адзін да аднаго, якая прыводзіць да таго, што на пешаходных пераходах людзей зьбіваюць. Альбо іншая крайнасьць – мінак выбягае дзесьці ў неабсталяваным месцы, трапляе пад колы. А затармазіць мамэнтальна нельга, асабліва ў такіх умовах надвор’я, як зараз – галалёдзіца, сьнегапад і г.д. Адбываюцца заносы, машына праяжджае болей, чым звычайна.

Тут цэлы комплекс фактараў. Таму для горада найбольш характэрны наезд на пешаходаў. У зімовы пэрыяд, калі вялікі сьнег, дык наадварот хуткасьць зьніжаецца, таму гаворка больш пра “жалеза”: толькі ў Менску 129 дарожных аварый было за адзін дзень сьнегападу. Па траўмах пешаходаў тады паказьнікі зьніжаюцца”.

ДАІ адзначае тэндэнцыю да значнага падвышэньня колькасьці ДТЗ у зоне нерэгуляваных пешаходных пераходаў. Найбольш распаўсюджаныя прычыны ў іх агульнай колькасьці – перавышэньне вызначанай хуткасьці (17%), парушэньне правілаў манэўраваньня (11%), парушэньне правілаў праезду пераходаў (9%), невыкананьне чаргі праезду скрыжаваньняў (7%), выезд на паласу сустрэчнага руху (6%), парушэньне правілаў абгону (3%). Зафіксавана нават 7 выпадкаў сутыкненьняў транспарту зь цягнікамі на чыгуначных пераездах.

Найбольш аварыйныя месяцы бягучага году: студзень (653 ДТЗ), чэрвень (686), ліпень (752), жнівень (721). А найбольш аварыйныя дні тыдня – субота і нядзеля, адпаведна 16% і 17% ДТЗ. Тут статыстыку фармуюць п’яныя кіроўцы, якія разьяжджаюцца па хатах пасьля гулянак.

Штогод у сьвеце больш мільёну чалавек гіне ў аўтааварыях, 19.11.2007
XS
SM
MD
LG