Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускаму футбольнаму золату – чвэрць стагодзьдзя


Уладзімер Глод, Менск Роўна 25 гадоў таму, 19 лістапада 1982 году, уся Беларусь жыла выключна футболам. Усе – ад дзяцей да пэнсіянэраў – чакалі, чым жа скончыцца матч у Маскве зь мясцовым “Спартаком”. Перамога дынамаўцаў рабіла іх упершыню ў гісторыі чэмпіёнамі Савецкага Саюзу. І беларусы дамагліся жаданай перамогі. Зь некаторымі ўдзельнікамі тых падзеяў сёньня размаўляў наш карэспандэнт.

Галоўным трэнэрам менскіх дынамаўцаў тады быў Эдуард Малафееў:

“Калі перамагаеш, заўсёды перапаўняюць адчуваньні радасьці. Радасьці! І ў гэты момант згадваеш, што радасьць не даецца проста так. Яна абавязкова патрабуе выкупу – поту, а часам і крыві патрабуе. Вось і ўсё пытаньне”.

Галоўным бамбардзірам мянчан стаў форвард Ігар Гурыновіч (на здымку - ягоны гол у матчы з маскоўскім "Спартаком"). Што яму запомнілася тады найбольш?

“Самы апошні матч і калі мэдалі ўручылі”.

Ігар Гурыновіч сёньня кажа, што на апошнюю гульню каманда выходзіла са спадзяваньнямі на перамогу. Абсалютнай упэўненасьці ў двух неабходных ачках, аднак, ня было. А калі ж паверыў, што перамога будзе?

“Калі фінальны сьвісток прагучаў”.

Пасьля завяршэньня таго чэмпіянату некаторыя саюзныя выданьні, для якіх звыклымі былі перамогі маскоўскіх альбо кіеўскага клюбаў пісалі, што “Спартак” і кіеўскае “Дынама” ня вельмі сур’ёзна паставіліся да барацьбы за “золата”. Ці сапраўды было так? Цікаўлюся ў Ігара Гурыновіча:

“Тут шмат размоў вядзецца пра тое, што Кіеў быў стомлены пасьля чэмпіянату сьвету. На той дадзены момант, я скажу, трэба было казаць не пра тых, хто быў слабейшымі, а хто быў мацнейшымі. Я ведаю, што мы былі мацнейшымі. І – усё!”

Хто быў лепшымі гульцамі менскага “Дынама” у тым памятным чэмпіянаце? На гэтае пытаньне былы менскі нападнік адказвае так:

“Мабыць, паўабаронцы: Пракоп, Гоца, Алень і Пудзік”.

Мне застаецца толькі расшыфраваць гэтыя імёны: Аляксандар Пракапенка, Сяргей Гоцманаў, Сяргей Алейнікаў і Юры Пудышаў.

Начальнікам каманды (была і такая пасада ў той час) зьяўляўся Леанід Гарай. Ён гаворыць, што яму найбольш памятаецца вяртаньне ў Менск:

“Прыяжджаем а 6-й раніцы. І ўся Прывакзальная плошча забіта народам. Нас сустракаюць. Са сьцягамі. Гэта сапраўды незабыўнае ўражаньне”.
XS
SM
MD
LG