Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штогод у сьвеце больш мільёну чалавек гіне ў аўтааварыях


Радыё Свабода Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя і Ўсясьветнага банку, яшчэ прыкладна 50 мільёнаў штогод атрымліваюць на аўтатрасах цяжкія траўмы і становяцца інвалідамі. Экспэрты засьцерагаюць, што калі сытуацыя будзе разьвівацца такім чынам і надалей, то да 2020 ахвяраў аварыяў стане болей, чым ахвяраў СНІД. Іншымі словамі, колькасьць сьмяротных выпадкаў сярод кіроўцаў павялічыцца за гэты час на 60%.

Паводле экпэртаў Усясьветнай арганізацыі здароўя, найбольшая колькасьць ахвяраў аўтакатастрофаў у сьвеце – сярод людзей ва ўзросьце ад 15 да 44 год. Што да ЗША, то выпадкі на дарогах застаюцца асноўным фактарам гібелі амэрыканцаў ва ўзросьце да 35 гадоў.

Экспэрты называюць самы небясьпечны рэгіён для аўтакіроўцаў: гэта афрыканскі кантынент – 28,3 сьмерці на 100 тысячаў чалавек. Самыя ж бясьпечныя дарогі – у Заходняй Эўропе, найперш, у Нямеччыне, дзе на 100 тысяч чалавек выпадае 11 сьмяротных выпадкаў на аўтадарогах.

Стыль кіроўцаў робіцца ўсё больш агрэсіўным і ў Нямеччыне

Нямецкі журналіст Райнгард Ляўтэрбах –аўтакіроўца з больш як 30-гадовым стажам. Паводле ягоных словаў, з кожным годам стыль аўтааматараў на нямецкіх дарогах становіцца ўсё больш агрэсіўным.

Ляўтэрбах: “Магчыма, колькасьць аварыяў апошнім часам і не павялічылася, паколькі машыны тэхнічна ўдасканальваюцца, але ж сытуацыя стала куды больш стрэсавай. Усё больш кіроўцаў, якія набываюць вельмі хуткія аўтамабілі і езьдзяць як сапраўдныя вар’яты.

Такі стыль – вельмі блізка пад’ехаць да іншай машыны – стаў сапраўднай чумой нашых дарог. Дзесьці год таму ў нас, у раёне Франкфурту, адбылося здарэньне, пра якое шмат гаварылі і працягваюць гаварыць дагэтуль. Маладая маці ехала раніцай зь дзіцём, каб адвезьці яго ў школу. І той жа раніцай адзін мужчына на новым “Мэрсе” імчаўся на вар’яцкай хуткасьці. Ён пратараніў аўтамабіль з гэтай жанчынай. Яна ў выніку загінула, а кіроўца атрымаў дзесьці два гады зьняволеньня. Вось гэтая манэра занадта агрэсіўнай язды апошнім часам вельмі ў нас адчувальная”.

Выйсьце – перакінуць грузавы паток з аўтадарог на чыгунку?

Пытаюся ў суразмоўца, з чым зьвязаная падобная сытуацыя, бо Нямеччына, немцы заўсёды адрозьніваліся высокай культурай язды і заўсёды саступалі месца ня надта дасьведчаным кіроўцам...

Ляўтэрбах: “З аднаго боку, у людзей становіцца ўсё меней часу. Колькасьць аўтастрадаў і дарог ня надта павялічылася, нягледзячы на тое, што машын усё болей. Пасьля таго, як пашырылі Эўразьвяз, зьявілася шмат машын з балканскімі нумарамі, таксама польскія машыны, расейскія, прыбалтыйскія, беларускія. Яны і раней былі. А цяпер іх вельмі шмат. Дарогі не прыстасаваныя да такой колькасьці машынаў, тым больш грузавых.

Вядома ж, аўтааматары імкнуцца да гэтага неяк прыстасавацца. Магчыма, трэба перакінуць грузавы паток, які штодня ідзе зь Берасьця на Галяндыю, на чыгунку. Я асабіста іншага рашэньня ня бачу. Бо будаўніцтва дарог не адпавядае росту нашых патрэбаў.

Ватыкан выпусьціў 10 прыказаньняў для кіроўцаў, 20.06.2007 Кардыналы заклікаюць не грашыць за рулём, 20.06.2007
XS
SM
MD
LG