Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Джаз — пасланьне свабоды


Зьміцер Падбярэскі, Менск Сёньня ў канцэртнай залі Беларускай філярмоніі выступіць джазавы калектыў з Францыі “Ozma” (на здымку). Канцэрты замежных джазавых музыкаў у Беларусі — рэдкасьць. Якое ж месца займае джаз у культуры, жыцьці грамадзтва?

Гісторыя ўсясьветнага джазу налічвае больш за сто гадоў. Цікава тое, што першы гукавы кінафільм называўся “Сьпявак джазу” і быў датаваны 1927 годам.

Што да гісторыі беларускага джазу, дык яе адлік можна весьці ад 1939 году, калі ўцякач з Польшчы Юры (Ежы) Бяльзацкі стаў на чале створанага Дзяржаўнага джаз-аркестру БССР. Літаральна праз тры месяцы ў склад аркестру ўвайшоў іншы эмігрант — трубач Эдзі Рознэр.

Цягам многіх гадоў практычна кожны калектыў, які выконваў так званую “лёгкую музыку”, называўся джазам, хоць насамрэч з сапраўдным джазам ня меў амаль нічога агульнага. Тым ня менш, сама джазавая музыка зрабіла ў сьвеце сапраўдную рэвалюцыю, і ня толькі ў галіне культуры.

Музычнае эспэранта

Галоўны рэдактар польскага часопісу “Jazz Forum” Павал Брадоўскі гэтак тлумачыць фэномэн джазу:

“Джазавая музыка была ў Польшчы пасланьнем свабоды ў часах вайны, але й пасьля яе, калі Польшча была пазбаўлена той свабоды. І, напэўна, была музыкай надзеі. І адначасова — музыкай мары аб вялікім сьвеце. І менавіта ад гэтага да нас прыйшло вызваленьне. Як казаў вялікі гуру польскага джазу Леапольд Тырманд, джаз быў для нас зброяй у змаганьні за свабоду, бранёй.

У нашы дні джаз — гэта глябальная музыка, што таксама істотна. Гэта музычнае эспэранта, мова, дзякуючы якой гутараць і разумеюць адзін аднаго людзі ва ўсім сьвеце”.

Другой пасьля стварэньня Дзяржаўнага джаз-аркестру БССР вяхой у гісторыі беларускага джазу варта лічыць заснаваньне ўвесну 1977 году Менскага клюбу аматараў джазу.

На пачатку 1980-х цэнтрам джазавага жыцьця зрабіўся Віцебск, дзе двойчы на год адбываліся вялікія фэстывалі, у тым ліку Міжнародны парад дыксілэндаў. На жаль, вытрымаць канкурэнцыі са “Славянскім базарам” не атрымалася...

Нягледзячы на тое, што джаз у цяперашняй Беларусі не зьяўляецца запатрабаванай з боку ўлады музыкай, тут маюцца музыкі і калектывы, якімі Беларусь можа ганарыцца. Гэта ансамбль традыцыйнага джазу “Рэнэсанс”, які, дарэчы, 22 лістапада будзе адзначаць 30-годзьдзе існаваньня. Гэта, на жаль, памерлы ўжо піяніст Аркадзь Эскін, трубач Валерый Шчэрыца, які зьехаў працаваць у Кіеў, знакамітая вакальная група “Камэрата”, нарэшце, джазавая “візытоўка” Беларусі — гурт “Apple Tea”.

“Нефарматная” музыка

Музыка гэтага калектыву Алесь Сапега гэтак тлумачыць прычыны таго, чаму замежныя джазавыя выканаўцы рэдкія госьці ў Беларусі:

“Таму што ў нас увогуле не існуе такога шоў-бізнэсу ў кантэксьце джазу. Нізкі ўзровень слухача. Калі параўнаць зь Літвой ці Ўкраінай, дык там у сталіцах нашмат больш слухачоў джаза, чым у Менску. Таму ўсе маршрутныя гастролі зроблены так, што яны абмінаюць Беларусь. Хутчэй за ўсё, гэта зьвязана з палітычнымі матывамі. Нас абмінаюць артысты, ведаючы, што тут, відаць, нешта ня тое...”

За ўвесь пасьляваенны час у Беларусі толькі аднойчы, у 1971 годзе, выступала сапраўдная джазавая легенда — біг-бэнд Д’юка Элінгтана. Зь ліку французскіх музыкаў мне памятаецца канцэрт квартэту Крысьціяна Эскуда.

У апошнія гады дзякуючы Польскаму інстытуту мы маглі слухаць знакамітых польскіх зорак: Зьбігнева Намыслоўскага, Томаша Станьку, Лешка Можджэра, Яраслава Сьмятану. Беларускіх жа джазмэнаў лягчэй пачуць, бадай, за мяжой — на фэстывалях у Літве, Украіне, Нарвэгіі, Расеі.

Сапега: “Ніхто не працуе з нашых канцэртных агенцтваў, не шукае артыстаў. Добра, што апошні канцэрт нам зрабілі спэцыяльна. І гэта было ўпершыню! Падышлі хлопцы, Супрановіч Віталь, і спытаўся: “Хлопцы, можна вам зрабіць канцэрт?” Гэта было неяк нечакана...”

Заўтра ў менскай "Rock House Cafe" музыкі французскай групы “Ozma” сустрэнуцца зь беларускай групай “Apple Tea”.

Што можа прывезьці зь Менску зорка фартэпіяннага джазу?, 29.05.2007
XS
SM
MD
LG