Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Папулярная фігура на чале “Белай Русі” Лукашэнку не патрэбная"


Віталь Цыганкоў, Менск У суботу 17 лістапада ў Менску прайшоў устаноўчы сход грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь” – арганізацыі, якая ставіць сваёй мэтай падтрымку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніком быў абраны міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Дзеля якога варыянту разьвіцьця палітычнай сытуацыі ўлада пайшла на стварэньне прапрэзыдэнцкай структуры? Ці патрэбныя Аляксандру Лукашэнку папулярныя асобы ў "Белай Русі"? Гэтыя ды іншыя тэмы ў перадачы “Экспэртыза “Свабоды” абмяркоўваюць палітоляг Віталь Сіліцкі і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч.

Цыганкоў: "Для чаго кіраўнітву краіны спатрэбілася стварэньне "Белай Русі"? Ці азначае гэта, што ўлада мае пэўныя намеры ўнесьці нейкія істотныя зрухі ў палітычную сыстэму?"

“Лукашэнка не даслаў "Белай Русі" нават вітальнай тэлеграмы”

Сіліцкі: “Не, я ня думаю, што будуць нейкія сур’ёзныя зрухі ў палітычнай сыстэме. Мяркую, што “Белая Русь” – хутчэй доўгатэрміновы праект, і прызначэньне ягоным кіраўніком спадара Радзькова толькі даказвае тое, што гэты праект зараз ня вельмі актуальны. Але ён ствараецца пад падзеі і працэсы, якія будуць разгортвацца цягам найбліжэйшых 3-5 гадоў”.

Цыганкоў: “Гаворачы пра прызначэньне Радзькова, вы маеце на ўвазе тое, што гэта ня самы яркі лідэр?”

Сіліцкі: “Так. Гэта чыста тэхнічны чалавек, каб хтосьці займаў пасаду, але ня здолеў на гэтай пасадзе неяк “раскруціцца”.

Старыкевіч: “Я згодны са спадаром Сіліцкім, што “Белая Русь” – гэта пакуль што праект “пра запас”, “на ўсялякі выпадак”, і сама ўлада пакуль ня ведае, што з гэтага атрымаецца. Бо калі гэта будзе такі “БРСМ для дарослых”, яшчэ адзін нахлебнік, – то наўрад ці гэты праект чакае нейкая лёсавызначальная місія, яго папросту празь нейкі час адсунуць на трэці плян і забудуцца.

Між іншым, пра гэта сьведчыць і тое, што пакуль што Лукашэнка відавочна дыстанцуецца ад “Белай Русі”. Заўважце, што хаця зьезд ягоных прыхільнікаў і праходзіў у Палацы Рэспублікі, але ён усё ж быў значна менш маштабным, чым можна было чакаць, і Лукашэнка ня толькі сам не зьявіўся на ім, але нават і вітальнай тэлеграмы не даслаў”.

Цыганкоў: “Напэўна, пра гэта можа сьведчыць і абраная фігура кіраўніка “Белай Русі”, міністра адукацыі Аляксандра Радзькова – фігура чыста намэнклятурная...”

Старыкевіч: “Так, але можна ва ўсім спрабаваць знайсьці свой плюс. Цяпер, калі спадар Радзькоў будзе частку свайго працоўнага часу аддаваць “Белай Русі”, у яго адпаведна застанецца менш часу на нашу адукацыю. І гэта, безумоўна, на карысьць беларускай адукацыі”.

“Саўковы такі сельгаскультпрасьветактыў...”

Цыганкоў: “Такім чынам, нашы ўдзельнікі сьцьвярджаюць, што стварэньне “Белай Русі” – гэта нейкі запасны варыянт, на ўсялякі выпадак. А на які выпадак?”

Сіліцкі: “Першы варыянт – калі давядзецца імітаваць лібэралізацыю, і тады гэта пераўтвараецца ў партыю ўлады паводле прыкладу “Адзінай Расеі”. У прынцыпе, склад удзельнікаў устаноўчага сходу на гэта і паказвае –саўковы такі сельгаскультпрасьветактыў.

Другі магчымы варыянт – калі паўстае пытаньне пра магчымае перайманьне ўлады, то каб гэта рабілася не праз інструмэнт асабістай волі аднаго чалавека, а празь нейкую структуру. Але гэты варыянт меней верагодны.

І трэці, больш кароткатэрміновы аспэкт – гэта стварэньне яшчэ аднаго слупа “грамадзянскай супольнасьці” разам з БРСМ і прафсаюзамі. Для выступаў на міжнародных форумах, для “дыялёгу” з эўрапейскімі гасьцямі і гэтак далей”.

Цыганкоў: “Раней Лукашэнка казаў, што яму непатрэбныя такія арганізацыі, дзе будуць сьпяваць алілюя. Маўляў, ён прэзыдэнт ад народу, і нейкія пасярэднікі яму непатрэбныя. Ці ня сьведчыць зьяўленьне “Белай Русі”, што такі падыход зьмяніўся?”

Старыкевіч: “У прынцыпе, “Белая Русь” дакладна ўжо ня можа быць такім пасярэднікам. Гэта такі правобраз будучай партыі ўлады, але ці разаўецца яна ў такую партыю, ці застанецца ў сёньняшнім выглядзе, – гэта залежыць ад таго, як пойдуць у яе справы.

Кіраўніцтва краіны разьлічвае розныя варыянты падзеяў і ня выключае ў тым ліку пераходу да прапарцыйнай сыстэмы абраньня ў парлямэнт. І хаця гэта пытаньне будучыні, аднак вырашылі зрабіць гэта сёньня, і паглядзець, што з гэтага атрымаецца.

Я думаю, што варыянт “Адзінай Расеі”, якую зараз Пуцін мусіць на сваіх плячах выцягваць з балота, як таго бэгемота, наўрад ці Лукашэнку вабіць. Але як зрабіць так, каб гэтая арганізацыя была хоць крышку дзеяздольнай – баюся, такога досьведу ніхто ня мае”.

Цыганкоў: “Ці ня можа стварэньне “Белай Русі” неяк нэгатыўна паўплываць на імідж Прэзыдэнта?”

Сіліцкі: “Не, бо зараз наступае такі пэрыяд, калі яму такія сьпевакі могуць спатрэбіцца. Вы паглядзіце – Лукашэнка зьмяніўся. Ён мусіць казаць час ад часу вельмі непапулярныя рэчы. Настаў час, калі яму такую “агітбрыгаду” трэба арганізоўваць”.

"Папулярная фігура на чале “Белай Русі” Лукашэнку не патрэбная"

Цыганкоў: “Які лёс “Белай Русі”? Ці там будуць толькі чыноўнікі і вядомыя фігуры? Альбо гэта будзе як “БРСМ для дарослых”, і туды пагоняць усіх?”

Сіліцкі: “Усіх не пагоняць – стаўка будзе зроблена на нейкія знакавыя фігуры. Як я сказаў, у фармаце агітбрыгады. Гнаць нікога не патрэбна, бо ў Беларусі і так усе загнаныя ў карпаратыўную дзяржаву. А далейшы лёс – усё ў руках самі ведаеце каго”.

Старыкевіч: “Мяркую, што са знакавымі фігурамі будуць пэўныя праблемы. З аднаго боку, было б нядрэнна, каб нехта аўтарытэтны ачоліў гэтую арганізацыю. А зь іншага, якраз тады ёсьць рызыка, што такая асоба ў пэўны час можа пачаць сваю палітычную гульню. Папулярная фігура на чале “Белай Русі” Лукашэнку не патрэбная.

Таму мітусьня паміж рознымі варыянтамі наўрад ці дасьць “Белай Русі” магчымасьць разьвіцца ў нешта сур’ёзнае. Так, раздзьмуць гэта можна да любых памераў. Але сэнс гэтага будзе нулявы. Пакуль з таго, што адбываецца, ня бачна, што ва ўлады ёсьць нейкая дакладная лінія, што яна разумее, паводле якіх тэхналёгіяў разгортваць гэтую “Белую Русь”. Лёгіка пакуль такая – “давайце зробім і паглядзім, што з гэтага атрымаецца”.

“Магчыма, Радзькоў стане тварам будучай парлямэнцкай большасьці”, 19.11.2007 Міністар адукацыі А.Радзькоў будзе кіраваць аб’яднаньнем “Белая Русь”, 17.11.2007
XS
SM
MD
LG