Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: апазыцыя пачала інфармацыйную кампанію ў выбарчых акругах


Радыё Свабода Сёньня ў Гомелі рэгіянальная кааліцыя аб’яднаных дэмакратычных сілаў на супольным паседжаньні разглядала кандыдатуру 17-га агульнага прэтэндэнта на ўдзел у парлямэнцкіх выбарах 2008 году — як магчымага кандыдата ў дэпутаты. У шаснаццаці іншых выбарчых акругах Гомельскай вобласьці прэтэндэнтаў ужо ўзгаднілі.

Апавядае сябра рэгіянальнай кааліцыі аб’яднаных дэмакратычных сілаў, старшыня абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіль Палякоў:

“Самая рэальная справа — мы ўзгаднілі ўжо ў шаснаццаццаці акругах зь сямнаццаці адзіных кандыдатаў ад аб’яднаных дэмакратычных сілаў на палітычную кампанію “Парлямэнцкія выбары”. Магчыма, сёньня ўвечары ўзгоднім прэтэндэнта і ў апошняй 17-й акрузе.

Даволі пасьпяхова вядзецца й інфармацыйная кампанія. У многіх акругах распаўcюдзілі ўлёткі з прапановай даслаць свае подпісы, свае звароты дзейным дэпутатам, каб тыя перагледзелі закон, які скасоўвае многія льготы”.

У выбарчых акругах зьбіраюць подпісы выбарцаў з патрабаваньнем да дэпутатаў парлямэнту — яны просяць даць справаздачу пра чатырохгадовую дзейнасьць у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Гаворыць каардынатар аргкамітэту стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Пятро Кузьняцоў:

“Сёньня ў мяне ў межах гэтай кампаніі была сустрэча з афіцыйным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Аляксандрам Шаўком — дэпутатам ад Цэнтральнага раёну Гомелю. Я паведаміў яму, што ўжо больш за трыста выбарцаў Цэнтральнага раёну жадаюць атрымаць ад яго тлумачэньні, чаму ён галасаваў за адмену льготаў.

На словах Шаўко пагадзіўся даць такую справаздачу, але ў наступным годзе — калі ўжо, зразумела, ня будзе льготаў і калі фактычна скончыцца тэрмін ягонага дэпутацтва”.

Спадар Кузьняцоў паведаміў, што подпісы выбарцаў з патрабаваньнем даць справаздачу будуць накіраваны дэпутату Шаўку поштай.

Аналягічныя лісты атрымаюць неўзабаве дэпутаты ад Калінкавічаў і Жлобіна — Раіса Ціханская й Ніна Кабернік, а таксама ўсе парлямэнтары, абраныя ў Гомельскай вобласьці.

Кааліцыя дэмакратычных сілаў будзе дамагацца, каб улады дазволілі пікеты і мітынгі дзеля абароны льготаў і захаваньня грамадзянскіх правоў.

Пра ўзгодненыя дзеяньні рэгіянальнай дэмакратычнай кааліцыі гаворыць мясцовы каардынатар стваранага руху “За свабоду!” Ўладзімер Кацора:

“Нам, абласным лідэрам, няма тут чаго дзяліць. У нас ва ўсіх больш-менш трывалая база — і ў аргкамітэту руху “За свабоду!”, які я прадстаўляю, і ў АГП, і ў ПКБ, і ў сацыял-дэмакратаў, што зьяўляюцца асновай нашай кааліцыі. Таму мы, можа, ня так, як ў іншых абласьцях, глядзім на цэнтар, а проста робім справу, якую на сёньня лічым найбольш важнай”.

Партыі скардзяцца на праблемы з атрыманьнем юрыдычных адрасоў для суполак, 25.09.2007 Дэмакраты Магілёўшчыны застаюцца ў нязгодзе, 20.09.2007 Усіх прыхільнікаў пераменаў запрашаюць балятавацца ў дэпутаты, 12.09.2007
XS
SM
MD
LG