Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вянок памяці: народны артыст Віктар Роўда


Ігар Карней, Менск У ноч на нядзелю на 87-м годзе жыцьця памёр славуты харавы дырыгент, народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, прафэсар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Віктар Роўда. Сёньня ўвечары труна зь целам артыста будзе выстаўленая ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы, заўтра адбудзецца разьвітаньне ў канцэртнай залі Беларускай Акадэміі музыкі. Пра чалавека, які запачаткаваў вялікі пласт беларускай сьпеўнай культуры, згадваюць ягоныя паплечнікі і сябры.

Шырокай аўдыторыі Віктар Роўда вядомы перадусім як нязьменны мастацкі кіраўнік і галоўны дырыгент Акадэмічнага хору Белтэлерадыёкампаніі: за дырыгенцкім пультам ён правёў больш за сорак гадоў.

Г.Бураўкін: “Роўда вывеў беларускае харавое мастацтва ў сьвет”

Віктар Роўда нарадзіўся 10 лістапада 1921 году ў Смаргоні ў сям’і сьвятара. У 1939-м закончыў Віленскую духоўную сэмінарыю. Там жа ў 15-гадовым узросьце паспрабаваў сябе ў якасьці дырыгента хору.

У 1951-м скончыў Літоўскую кансэрваторыю, працаваў у Маскоўскай кансэрваторыі, быў дырыгентам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлі Беларусі. У 1965-м прызначаны галоўным дырыгентам акадэмічнага хору Беларускага тэлебачаньня і радыё.

Успамінае былы кіраўнік Дзяржтэлерадыё, паэт Генадзь Бураўкін:

“Гэта сапраўды выдатная постаць. І гэта бліскучы этап у гісторыі нашага музычнага мастацтва і майстэрства. Ён вывеў харавое мастацтва на міжнародную арэну. Калі ён выяжджаў з калектывам ці ў Італію, ці ў іншыя краіны Эўропы, практычна заўсёды браў галоўныя прызы ці першыя прэміі.

Мы зь ім працавалі больш за дзесяцігодзьдзе разам: я ўзначальваў Камітэт тэлебачаньня і радыёвяшчаньня, а ён быў мастацкім кіраўніком і дырыгентам нашага выдатнага Акадэмічнага хору.

Зь ім было ня проста працаваць, таму што ён быў бязьлітасны да тых, хто хоць неяк быў непрафэсіяналам, да тых, хто не любіў працу, у якую прыйшоў. Многія за гэтую патрабавальнасьць крыўдавалі.

Шмат хто з кіроўнага асяродку лічыў яго залішне ўпэўненым. Але справа ў тым, што гэта была не самаўпэўненасьць. Гэта было веданьне таго, што ён можа, што ён хоча аддаць свайму народу, і для чаго яму павінны дапамагаць, а яму не дапамагалі”.

В.Скарабагатаў: “Такія страты незваротныя”

Віктар Роўда быў ініцыятарам правядзеньня, нязьменным кіраўніком і сябрам журы конкурсаў духоўных сьпеваў “Магутны Божа” ў Магілёве і менскага Міжнароднага фэстывалю праваслаўных сьпеваў.

Кіраўнік “Беларускай капэлі”, заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў больш за дзесяць гадоў быў намесьнікам у спадара Роўды на фэстывалі “Магутны Божа”:

“Гэта, канечне, музыка калясальнага маштабу, і такія страты папросту незваротныя. Я памятаю яго з часу, калі паступіў у кансэрваторыю, гадоў трыццаць пяць.

Ужо ў студэнцкую пару ён мяне запрашаў у свае праекты; з таго часу я быў зьвязаны зь яго калектывам шмат у якіх варыянтах. Альбо ён мяне запрашаў, калі запісваў збор беларускіх народных песень Шырмы.

Альбо я яго — як, прыкладам, у выпадку з запісам “Фаўста” Антонія Радзівіла. Ён з задавальненьнем гэтую працу выканаў. Шмат што запісалі для фондаў радыё.

Празь дзейнасьць Віктара Ўладзімеравіча па сутнасьці склалася цэлая харавая культура ў Беларусі. Мы можам назіраць гэта на харавых сьвятах, на розных фэстывалях. Адзін зь яскравых прыкладаў — “Магутны Божа”, дзе ён ад пачатку існаваньня і да скону фактычна ўзначальваў журы.

Таму ягоная сьмерць — вельмі цяжкая навіна для музыкаў Беларусі. Гэта сапраўды калясальная страта. Творцы такога маштабу нараджаюцца занадта рэдка. Канечне, смуткуе і Акадэмія музыкі, і калектывы радыё смуткуюць. Усе мы смуткуем”.

Г.Каржанеўская: “Музычная школа Майстра працягнецца ў вучнях”

Дзясяткі музыкаў называюць сябе вучнямі Віктара Роўды. Адна зь іх — прафэсар Беларускай Акадэміі музыкі, канцэртмайстар хору Белтэлерадыёкампаніі Ганна Каржанеўская:

“Усё маё жыцьцё прайшло з прафэсарам Роўдам. Бо я яшчэ дзяўчынкай, у васямнаццаць гадоў, прыйшла працаваць ў ягоную клясу Акадэміі музыкі, была ягонай вучаніцай амаль усё жыцьцё.

А потым працавала разам зь ім у хоры радыё канцэртмайстрам. Таксама была побач, назірала, вучылася, усмоктвала ўсё, што мог даць прафэсар, найвыдатнейшы музыка. І здаецца, што ня хутка яшчэ беларуская зямля народзіць такога маштабу музыку, такога маштабу Маэстра.

Я адчувала яго сьмерць напярэдадні нядзелі, калі ён памёр, смутна было на сэрцы, цяжка было на душы. Нават сябры запытвалі: што з табой такое? Кажу, прафэсар у цяжкім стане, памірае. І ўначы пры яго думалася.

І вось гэтыя нітачкі, якія зьвязваюць многіх яго вучняў зь ім, яны неразрыўныя. І мне здаецца, яны будуць яшчэ доўга. Бо такая выдатная школа харавога сьпяваньня, школа музычная будзе мець свой працяг у яго вучнях, якіх за пяцьдзясят гадоў працы ў Акадэміі музыкі ў яго вельмі шмат”.

Разьвітаньне зь Віктарам Роўдам адбудзецца заўтра. Апоўдні жалобная цырымонія пачнецца ў менскім Сьвята-Духавым катэдральным саборы, пасьля чаго ў Беларускай Акадэміі музыкі адбудзецца грамадзянскай паніхіда.

Пахаваюць Майстра на Ўсходніх могілках Менску.

Памёр Віктар Роўда, 19.11.2007 Фэстываль “Магутны божа” пакуль ня стаў мерапрыемствам улады, 21.07.2007 На фэстывалі “Магутны Божа”, магчыма, прагучыць і беларуская мова, 11.07.2007
XS
SM
MD
LG