Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя вызначае кандыдатаў на выбары


Уладзімер Глод, Менск Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі рыхтуюць адзіны сьпіс патэнцыйных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Згодна з заканадаўствам, чарговыя выбары мусяць адбыцца ў другой палове 2008 году, але лідэры апазыцыі мяркуюць, што нельга адкідаць верагоднасьці датэрміновых выбараў.

Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Вінцук Вячорка кажа, што перамовы наконт адзінага сьпісу кандыдатаў працягваюцца:

“Трэба яшчэ працаваць, трэба працаваць. Днямі мы былі ў Магілёве, дзе праводзілася наша, фронтаўская сустрэча. Мы там абмяркоўвалі гэтыя справы. Як дасягаць, з аднаго боку, эфэктыўнасьці, а з другога — паразуменьня. Ну і, бясспрэчна, там, дзе ўсе структуры моцныя, прыкметныя, там запатрабуецца больш часу для такога паразуменьня”.

Карэспандэнт: “Бо там больш прэтэндэнтаў?”

“Так, так”.

Спадар Вячорка кажа, што на 110 дэпутацкіх месцаў утрая больш прэтэндэнтаў:

“Гэта ня ёсьць праблемай з колькасьцю. Праблема зь якасьцю цяпер. Ёсьць шэраг відавочных крытэраў, якія прэзыдыюм аб’яднаных дэмакратычных сілаў прапанаваў — як мэтадычку, як узор мясцовым структурам.

Альгарытм павінен быць такі: калі на месцах ёсьць згода, ну дык і дзякуй Богу. Калі ж згоды няма, дык кааліцыйныя структуры павінны прапанаваць мэханізм, паводле якога будзе вызначацца адзіны прэтэндэнт.

Ну і, бясспрэчна, трэба вызначацца ў прыярытэтах. Больш важна дасягнуць згоды ў тых акругах, дзе і найбольш дэмакратычна мысьляць людзі і ёсьць найбольш структураў разнастайных дэмакратычных сілаў”.

Намесьнік старшыні незарэгістраванага руху “За свабоду” Віктар Карняенка кажа, што рух ня будзе вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў:

“Чаму? Ад самага пачатку мы заяўлялі, што мы ня ёсьць палітычнай партыяй, якая будзе рабіць тое самае, што ўсе астатнія. І вядома, што ў рух уваходзіць шмат прадстаўнікоў разнастайных палітычных партыяў.

Таму мы пакідаем права за гэтымі партыямі, каб яны самі вылучалі тых людзей, каго хочуць. Калі гэта будуць прадстаўнікі руху – калі ласка. Мы абсалютна ня супраць, наадварот. А калі яны палічаць, што гэта ня трэба, гэта таксама іх права”.

Віктар Карняенка дадае, што рух будзе зноў спрабаваць афіцыйна зарэгістравацца. І будзе прыкладаць намаганьні для правядзеньня справядлівых выбараў:

“Гэта ўсё, што зьвязана з паляпшэньнем сытуацыі — выкарыстаньнем заканадаўства, яго паляпшэньнем, працэдураў выбарчых. Адпаведна з заканадаўствам няўрадавыя арганізацыі маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Вось тут будзе наша галоўная дзейнасьць”.

• А.Лябедзька пра выбары: “У нас ёсьць моцныя кандыдаты”, 25.09.2007 • Апазыцыя сьпяшаецца вызначыць кандыдатаў у дэпутаты, 19.09.2007
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG