Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Віктар Роўда


Радыё Свабода У ноч на нядзелю на 87-м годзе жыцьця памёр харавы дырыжор, народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, прафэсар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Віктар Роўда.

Віктар Роўда нарадзіўся 10 лістапада 1921 году ў Смаргоні. У 1939-м закончыў Віленскую духоўную сэмінарыю, а ў 1951-м — Літоўскую кансэрваторыю. Ад пачатку 1950-х гадоў Віктар Роўда выкладаў у Маскоўскай кансэрваторыі, быў хармайстрам Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору імя Сьвешнікава. У 1956 годзе вяртаецца ў Беларусь, дзе спачатку працуе як дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы Беларусі, а ад пачатку 1960-х яшчэ і загадчыкам катэдры ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.

У 1965 годзе Віктар Роўда прызначаны мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам акадэмічнага хору Беларускага тэлебачаньня і радыё.

Вучні і калегі Віктара Роўды не хаваюць, што наўрад ці ў Беларусі ёсьць чалавек, які маштабам мог бы параўнацца з майстрам. Вось меркаваньне мастацкага кіраўніка “Беларускай капэлы”, заслужанага артыста Беларусі Віктара Скарабагатава:

“Праз дзейнасьць Віктара Ўладзімеравіча па-сутнасьці склалася цэлая харавая культура ў Беларусі, школа. Мы можам назіраць гэта на харавых сьвятах, на рознага кшталту фэстывалях. Адзін з яскравых прыкладаў -- “Магутны Божа”, дзе ён ад пачатку існаваньня гэтага фэстывалю і да скону фактычна ўзначальваў журы. Таму вельмі цяжкая навіна для музыкаў усёй Беларусі. Гэта сапраўды калясальная страта. Творцы такога маштабу дзейнасьці нараджаюцца занадта рэдка. Канечне, смуткуе і Акадэмія музыкі, і калектывы радыё смуткуюць усе мы смуткуем”.
XS
SM
MD
LG