Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі літаратурнага конкурсу вандравалі па коласаўскіх мясьцінах


Радыё Свабода, Віцебск 18 ліcтапада ў вёсцы Альбуць каля Музэя паэмы "Новая зямля" віцебская філія Саюзу беларускіх пісьменьнікаў падвяла вынікі конкурсу "Апавяданьне на юбілей", прымеркаванага да 125-х угодкаў Якуба Коласа.

Паводле ўмоваў, удзельнікамі конкурсу былі маладыя празаікі ад 18-ці да 30-ці гадоў. На разгляд журы былі прадстаўленыя каля дзесятка твораў, і першае месца за нарыс "Шчырасьці да Коласа" было прысуджана Алесю Замкоўскаму, маладому літаратару з Полацка. Ён атрымаў у падарунак прыгожы нататнік, а таксама пажаданьні плёну ў далейшай творчасьці.



Пераможца конкурсу "Апавяданьне на юбілей" Алесь Замкоўскі

Дарэчы, Алесь Замкоўскі гэтаксама быў сярод пераможцаў папярэдняга – паэтычнага -- конкурсу, абвешчанага Віцебскай філіяй СБП да 125-х угодкаў Янкі Купалы, вынікі якога падводзіліся сёлета ў ліпені. Заахвочвальным прызам маладым паэтам тады стала паездка па купалаўскіх мясьцінах -- ў вёску Ляўкі на Аршаншчыне, дзе яны наведалі мэмарыяльны музэй беларускага песьняра.

Два коласаўскія музэі маладыя літаратары зь Віцебшчыны наведалі ўчора: Музэй паэмы "Новая Зямля" у Альбуці Стаўбцоўскага раёну і мэмарыяльны музэй у вёсцы Мікалаеўшчына, якая цяпер уваходзіць у склад райцэнтру Стоўбцы. Экскурсію для іх правяла Соф’я Міцкевіч – загадчыца Стаўбцоўскага філіялу літаратурнага музэю Якуба Коласа, жонка ўнука славутага пісьменьніка.



Соф’я Міцкевіч( у цэнтры) праводзіць экскурсію ў Мікалаеўшчыне на падворку хаты, дзе нарадзіўся Якуб Колас

• У Ляўкі, да Купалы, 30.07.2007
XS
SM
MD
LG