Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Магчыма, Радзькоў стане тварам будучай парлямэнцкай большасьці”


Віталь Цыганкоў, Менск У суботу 17 лістапада ў Менску прайшоў устаноўчы сход грамадзкага аб’яднаньня “Белая Русь” -- арганізацыі, якая ставіць сваёй мэтай падтрымку палітыкі Аляксандра Лукашэнкі. Кіраўніком “Белай Русі” абраны міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Чаму ўлада пайшла на стварэньне прапрэзыдэнцкай структуры? Ці можа гэта азначаць пэўныя зьмены ў выбарчай сыстэме? На гэтыя пытаньні нашага аглядальніка Віталя Цыганкова адказвае публіцыст Аляксандар Фядута

Цыганкоў: “Ці азначае стварэньне “Белай Русі” нейкі істотны зрух у палітычных жыцьці Беларусі? Ці азначае гэта, што ўлада ўжо вызначылася, якім шляхам будзе ісьці ў палітычных працэсах?”

Фядута: “Не, улада яшчэ не прыняла ніякіх рашэньняў. Бо рашэньні прымае адзін чалавек, а ён яшчэ ня вызначыўся - ці сыходзіць пасьля сканчэньня свайго трэцяга тэрміну, ці будзе балятавацца на чацьвёрты. І паколькі гэтага рашэньня яшчэ няма, то ўсё, што робіцца цяпер – робіцца на ўсялякі выпадак”.

Цыганкоў: “Такім чынам, “Белая Русь” – гэта запасны варыянт. Але ці азначае гэта, што калі ён будзе ўведзены, то Аляксандра Лукашэнкі стане менш, а стане больш нейкага “калектыўнага кіраўніцтва?”

Фядута: “Вы лічыце, што ў “Адзінай Расеі” ёсьць калектыўнае кіраўніцтва?...”

Цыганкоў: “Я разумею вашу аналёгію, але пытаюся пра “Белую Русь”.

Фядута: “Я правёў такую аналёгію менавіта таму, што лічу яе адказам на вашае пытаньне. Я ня думаю, што ў аўтарытарных урадах і аўтарытарна пабудаваных партыях наагул магчыма нейкае падабенства калектыўнага кіраўніцтва альбо плюралізму”.

Цыганкоў: “Паводле яшчэ адной вэрсіі, зьяўленьне “Белай Русі” азначае, што на парлямэнцкіх выбарах у наступным годзе можа быць уведзеная прапарцыйная сыстэма, калі галасаваць будуць і па партыйных сьпісах…”

Фядута: “Ведаеце, атрымаць большасьць у парлямэнце магчыма і не мяняючы выбарчую сыстэму. Будзе, напрыклад, 107 прадстаўнікоў “Белай Русі” і кампартыі і 3 прадстаўнікі апазыцыі..”.

Цыганкоў: “Дык задача ня толькі ў тым, каб выйграць, а каб намаляваць “карцінку” справядлівых выбараў для Захаду...”

Фядута: “Гэта і будзе “карцінкай”. Чаму не?”

Цыганкоў: “Ці мае нейкае значэньне асоба, якая ўзначаліла “Белую Русь” – міністар адукацыі Радзькоў?”

Фядута: “Калісьці Ганс-Георг Вік быў вельмі зьдзіўлены, калі я сказаў яму, што Ўладзімер Канаплёў ня будзе сьпікерам Палаты прадстаўнікоў другога скліканьня – а ім будзе Папоў. Я тады сказаў, што лідэр і твар той ці іншай структуры не заўжды супадаюць у нашых умовах. Цяпер той самы выпадак. Тварам будучай парлямэнцкай большасьці, магчыма, будзе Радзькоў, і ён будзе кандыдатам на пасаду сьпікера Палаты, а сапраўдным лідэрам будзе іншы чалавек, хутчэй за ўсё з прозьвішчам Лукашэнка”.

• Міністар адукацыі А.Радзькоў будзе кіраваць аб’яднаньнем “Белая Русь”, 17.11.2007
XS
SM
MD
LG