Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жалудок успамінае на Тызэнгаўза


Радыё Свабода У нядзелю на касьцёле ў Жалудку Шчучынскага раёну ўрачыста адчынена памятная шыльда ў гонар заснавальніка беларускай арніталёгіі Кастуся Тызэнгаўза. Мясцовыя ўлады адмовіліся ад сумеснага ўдзелу ў імпрэзе, а тутэйшыя людзі, нават старэйшга ўзросту, амаль нічога ня ведалі пра радавод Тызэнгаўзаў.

Я слухаю імшу ў касьцёле, будаўніцтва якога некалькі стагодзьдзяў таму фундаваў знакаміты род Тызэнгаўзаў. Пераважна сталыя людзі, дзеці. Касьцёл уражвае эўрапейскай веліччу, нягледзячы на тое, што знаходзіцца ў невялікім мястэчку.

У сутарэньнях гэтага касьцёлу спачываюць рэшткі большасьці Тызэнгаўзаў, але тут няма рэшткаў Кастуся Тызэнгаўза, заснавальніка беларускай арніталёгіі, які быў народжаны й пахаваны ў Жалудку (1786-1853 г.г.).

Пытаюся ў мясцовых жыхароў: ці ведаюць яны хто такія Тызэнгаўзы.

Спадар: “Я першы раз чую”.

Спадарыня: “Я хоць тутэйшая, але ня ведаю. Нешта чула па кнігах, што быў такі важны чалавек”.

Ксёндз Ян адкрывае шыльду Кастуся Тызэнгаўза і кажа парафіянам, што да іх прыехалі людзі з усяе Беларусі, каб распавядаць мясцовым жыхарам аб вялікім вучоным, які нарадзіўся ў Жалудку. Ён з жалем заўважае, што тутэйшыя людзі ня маюць часу на тое, каб чытаць кніжкі.

Шыльда ў гонар Кастуся Тызэнгаўза выкананая на чырвоным граніце ў Польшчы паводле эскізу гарадзенца Ігара Варкулевіча на замову гарадзенскіх арнітолягаў.

Зьміцер Вінчэўскі, паведаміў, што сродкі на яе ўсталяваньне зьбіралі ня толькі аматары птушак Беларусі, але й многіх эўрапейскіх краінаў. Ён згадвае, што яе плянавалі ўсталяваць яшчэ летась да 220-годзьдзя яго нараджэньня, але не атрымалася.

Пасьля адкрыцьця шыльды ксёндз ізноў запрашае людзей у касьцёл, каб яны паслухалі лекцыю пра гісторыю рода Тызэнгаўзаў.

Пытаюся ў дзяўчыны, што яе прывяло сёньня да касьцёла ў Жалудку.

Дзяўчына: “Я прыехала сюды са Слоніма, таму што ведаю, што сёньня ў Беларусі адбываецца вельмі важная падзея. Гэты чалавек зрабіў велізарны ўнёсак у нашу гісторыю, беларускую арніталягічную навуку. Мы ня можам не ушанваць ягоную памяць. Мы абавязаны гэта зрабіць”.

Загадчык катэдры агульнай экалёгіі БДУ Васіль Грычык распавядае ў касьцёле парафіянам пра Кастуся Тызэнгаўза і значэньне ягонай асобы для беларускай навукі:

“Справа ў тым, што якраз у працах Тызэнгаўза мы знаходзім канкрэтныя зьвесткі пра тое, якой была прырода Беларусі ў першай палове ХІХ стагодзьдзя. Тое, што ён зафіксаваў у сваіх працах, цяпер як цэлы сапраўдны кладзец. Мы можам гэта супастаўляць з тым, што ёсьць цяпер і рабіць канкрэтныя навуковыя высновы”.

Адзін з арганізатараў урачыстасьці гарадзенскі арнітоляг Зьміцер Вінчэўскі распавядаў мне, што напачатку плянавалася правесьці гэтае мерапрыемства сумесна з уладамі, былі разасланыя нават запрашэньні ў сельсавет і райвыканкам, але ў апошні момант тыя адмовіліся ад удзелу.

Зьміцер Вінчэўскі распавёў парафіянам і акалічнасьці сьмерці Канстанціна Тызэнгаўза. У 1853 годзе, пасьля таго, як ён вярнуўся з Парыжа моцна хворым, яму ўдалося праз адкрытае акно яшчэ пачуць сьпевы жаўрукоў, але пасьля гэтага ён памёр. Яго пахавалі ў Жалудоцкім касьцёле.

Вінчэўскі: “Нядаўна высьветлілася, што ягоныя парэшткі з Жалудка перавёз ў Ракішкі (адзін з маёнткаў Тызэнгаўзаў цяпер на тэрыторыі Літвы) ягоны сын. І цяпер Кастусь Тызэнгаўз пахаваны ў касьцёле сьвятога Мацьвея ў Літве на мяжы з Латвіяй”.

На здымку:

Ксёндз Ян урачыста адчыняе шыльду памяці К.Тызэнгаўза.

XS
SM
MD
LG