Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Клімаў пра мазырскую калёнію: “Тут пекла як пекла”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Чаму лісты ад палітвязьня Андрэя Клімава надзвычай кароткія? Зьміцер Дашкевіч стаміўся ад судовых турбот. Два месяцы няма лістоў ад Аляксандра Казуліна. Справа Артура Фінькевіча ў суд яшчэ не патрапіла.

Адразу чатыры лісты ад мужа з калёніі атрымала днямі Тацяна Клімава. Жанчына нагадвае, што да таго маўчаньне цягнулася болей за тры тыдні, што не ўласьціва для Андрэя. І вось лісты прыйшлі, але надзіва кароткія: амаль нічога пра ўмовы ўтрыманьня, нічога пра тое, ці далі працу, мінімум зьвестак пра харчаваньне і ўсе тыя праблемы, якія звычайна складаюць турэмнае жыцьцё. Чаму? Тацяна Клімава згадала ранейшую інфармацыю з калёніі, паводле якой з Андрэя Клімава ўзялі падпіску, што ён ня мае прэтэнзій да адміністрацыі калёніі. Вось як пракамэнтавала гэты факт Тацяна Клімава.

“Ёсьць пералік дакумэнтаў, якія складаюць падчас працы з асуджанымі. Зь іх бяруць розныя расьпіскі, складаюць розныя справаздачы і гэтак далей. Я адмыслова прагледзела гэты пералік, ці ёсьць там такая форма, каб асуджаны падпісваўся, што ў яго няма прэтэнзій да адміністрацыі. І не знайшла такога дакумэнта. Гэта, відаць, нейкая мясцовая самадзейнасьць”.

Тацяна Клімава нагадала просьбу мужа, выказаную ў адным зь лістоў: дасылаць на ягонае імя ў Мазырскую калёнію DVD-дыскі, а таксама кнігі і пазнавальныя часопісы. Таксама Адрэй Клімаў мае вострую патрэбу ў перапісцы зь людзьмі.

Нагадаем, палітык асуджаны на два гады зьняволеньня ў калёніі строгага рэжыму за артыкул, у якім, паводле суду, ёсьць заклік да зьвяржэньня ўлады. Праваабаронцы кажуць, што гэта першае за болей як 50 гадоў выкарыстоўваньне нормы закону пра антыўрадавыя заклікі.

З.Дашкевіч: “За мяне не турбуйцеся, усё добра"

Зьміцер Дашкевіч даслаў дамоў ліст, якога таксама вельмі чакалі ягоныя бацькі. Маці Вольга Васільеўна кажа:

«Піша, што ўсё добра, трымаецца, дзякуй Богу. Толькі што замучылі яго гэтыя судовыя турботы, хадзіць туды-сюды. І ўсё. У тым лісьце мо ня болёй за пятнаццаць радкоў. Не турбуйцеся, ў мяне ўсё добра».

Нагадаю, суд, пра які згадвае Зьміцер Дашкевіч, адбыўся на мінулым тыдні. Актывіста судзілі за адмову сьведчыць супроць калег з «Маладога фронту». Дашкевічу пагражала паўгоду зьняволеньня ў дадатак да года з паловай, якія ён атрымаў летась, але судзьдзя Тацяна Кашкіна абмежавалася грашовым штрафам.

Справа Артура Фінькевіча яшчэ не завершаная, паведаміў магілёўскі праваабаронца Барыс Бухель. Сьледзтва яшчэ праводзіць экспэртызы і допыты. Нагадаем, Артура Фінькевіча, якому заставаўся месяц «хіміі» абвінавацілі ў парушэньні рэжыму адбыцьця пакараньня і зьмясьцілі ў сьледчы ізалятар. У дадатак да двух гадоў «хіміі» актывіст можа атрымаць яшчэ тры гады калёніі. Першае пакараньне Фінькевіча – за палітычныя графіці.

Сваякі Аляксандра Казуліна пачалі рыхтавацца да доўгатэрміновага спатканьня зь ім ў калёніі. «Ужо зьбіраем рэчы, купляем неабходныя харчы», – кажа дачка палітыка Вольга і пералічвае.

«Малочныя вырабы: казінае малако, актымэлі, сыркі, сыры. Гарбату і каву ня трэба. А так усё, што зьвязана з дыетычным харчаваньнем. Таксама на яго просьбу рыбныя катлеты яму прыгатуем. Карацей, чаго ён ня мае ў калёніі».

Доўгатэрміновае спатканьне Аляксандра Казуліна са сваякамі пачнецца дакладна праз тыдзень. Былы кандыдат на прэзыдэнта адбывае 5,5 гадоў зьняволеньня. Яго абвінавацілі ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Летась у калёніі Аляксандр Казулін трымаў 53-дзённую галадоўку.

Андрэй Клімаў у турме ачуняў ад прастуды, але хварэе на сэрца, 16.11.2007 Апошні ліст ад сына Ала Клімава атрымала два тыдні таму, 12.11.2007 “Экспэртыза Свабоды”: ці падпадуць пад амністыю палітвязьні?, 30.10.2007
XS
SM
MD
LG