Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 10.11.2007 – 16.11.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Хто з нас мог спадзявацца, што такія ўрачыстасьці могуць адбывацца на гэтай зямлі? Але гэтая ўрачыстасьць і іншыя гавораць, што Бог умее пісаць проста на крывых лініях. Што Бог ставіць апошнюю кропку на іх”.

Тадэвуш Кандрусевіч – падчас цырымоніі ўрачыстага ўступленьня на пасаду арцыбіскупа мітрапаліта Менска-Магілеўскага.

“Я мяркую, трэба адмаўляцца ад барацьбы, якая нясе небясьпеку нашым сябрам. Самае каштоўнае, што мы сёньня маем – гэта цудоўныя людзі. Гэта людзі, якія вучацца ў 10-11 клясах, а разважаюць, мысьляць на ўзроўні трыццацігадовых. Нам трэба берагчы гэтых людзей. У гэтых людзей наперадзе нашмат болей важных справаў і нашмат большая місія, чым проста пасядзець у каталажцы. Трэба дзейнічаць так, каб гэта ня мела кепскіх наступстваў. Асноўная мэта – гэта зьмяніць Беларусь”.

Франак Вячорка, сябра “Моладзі БНФ” – падчас выступу на зьезьдзе арганізацыі.

“Яны больш разумныя, больш талковыя і, самае галоўнае, ня п''юць”.

Ігар Шкляр, кіраўнік мэталюргічнай кампаніі – пра жанчын на працы.

“Мне здаецца, што ўрад у цэлым – фінансавы і сілавы блёкі – пачынаюць абрастаць тваньню... Вы павінны разумець, што я не магу з году ў год паўтараць адно і тое ж. Гэта ператварае ўладу ў сьмяхоцьце”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – на нарадзе па выніках разьвіцьця эканомікі за 9 месяцаў 2007 году.

“Паведамленьне, што ў хуткім часе па льготных цэнах у Беларусі зьявяцца "Іскандэры" – гэта непрыемная навіна для краін Балтыі і Польшчы, улічваючы, што Варшава і іншыя стратэгічныя аб''екты знаходзяцца на адлегласьці якраз 180-250 кілямэтраў ад мяжы”.

Аляксандар Алесін, ваенны аглядальнік газэты “Беларусы і рынак” – пра заяву беларускіх вайскоўцаў аб плянах набыцьця ў Расеі ракетных комплексаў “Іскандэр”.

“Урад у нас фармуе Лукашэнка. Калі гэты ўрад ён сфармаваў дрэнны, то якія спадзевы на тое, што наступны стане лепшы?”

Міхась Залескі, эканаміст – у перадачы “Экспэртыза Свабоды”

“Нацыя, як і асобны чалавек, гэта – плён і вынік ня толькі набыткаў, але і стратаў”.

Валянцін Акудовіч, філёзаф – у перадачы “Беларуская Атлянтыда: без бар’ераў”.

"Затрыманьні адбываліся напярэдадні маршаў, улады дзейнічалі прэвэнтыўна, а ня так, як раней. Мы гэта заўважылі. Аднак нельга ставіць добрыя ацэнкі краінам за тое, што яны толькі ня робяць дрэнных рэчаў. Падчас гэтых двух маршаў рэжым паводзіў сябе так, як і павінна паводзіць сябе дзяржава. І тое, што яны не рабілі кепскага, ня ёсьць падстава, каб іх узнагароджваць.

Скасаваць дрэнныя рэчы, зробленыя ў мінулым – вызваліць палітвязьняў, вось гэта быў бы крок, які мы заўважылі б і на які б вельмі пазытыўна адрэагавалі.

У сьпісе палітвязьняў засталося 6-7 асобаў, бо тэрмін пакараньня некаторых скончыўся і яны былі вызваленыя. Сьпіс кароткі, і мы хочам, каб усе яны былі вызваленыя, і мы засяроджваем увагу на гэтым. Мы заўважылі, што былі дадзеныя дазволы на гэтыя маршы, гэта пазытыўны крок, але гэта ня той крок, які рэжым павінен зрабіць, каб убачыць паляпшэньне ў адносінах”.


Дэвід Крэмэр, намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША – пра санкцыі ЗША адносна “Белнафтахіму” і пра Эўрапейскі і Сацыяльны маршы.

“Любыя выбары – парлямэнцкія і прэзыдэнцкія – пачыналіся і заканчваліся льготамі”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – на нарадзе аб пытаньнях дзяржаўнай сацыяльнай дапамогі.

“Так, увогуле беларусы цярпімыя — бо церпяць”.

Малады менчук – у адказ на пытаньне “Свабоды” “Ці цярпімыя беларусы?”.

“Я быў шакаваны, калі ў вялікіх кніжных крамах Менску, Гомеля і Віцебску я безвынікова шукаў творы беларускай літаратуры. Там былі выключна расейскія і расейскамоўныя кнігі, і толькі ў маленькіх куточках я знайшоў такія маленькія палічкі зь беларускай літаратурай. Я пытаўся ў прадаўцоў пра аўтараў, якіх ведаю пэрсанальна. Пра Вальжыну Морт, Альгерда Бахарэвіча, Андрэя Хадановіча, Артура Клінава, Уладзімера Арлова, пра той жа пераклад на беларускую мову “Ўліса”, які зрабіў Ян Максімюк. У мяне стварылася ўражаньне, што я пытаюся пра нешта непрыстойнае. Кніг названых аўтараў вы ня ўбачыце ў беларускіх крамах”.

Марцін Полак, аўстрыйскі журналіст, выдавец і перакладчык, ляўрэат прэміі “За талерантнасьць у думках і дзеяньнях” – у інтэрвію “Свабодзе”.
XS
SM
MD
LG