Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі рэдактар тыдня – Леанід Міндлін


Аляксандар Уліцёнак, Менск Толькі што ён сьвяткаваў юбілей – 60-годзьдзе. Колькі сябе памятае, быў у журналістыцы. Працаваў у газэтах, часопісах, тэлерэдакцыях Савецкага Саюзу – на Чукотцы, Сахаліне, Камчатцы. Здымаў у Якуціі, на Калыме ГУЛАГаўскія лягеры.

У 1994 годзе на Белтэлерадыёкампаніі стварыў студыю “Палітыка”. Яна праіснавала ўсяго паўгады і фактычна стала першым значным мэдыйным праектам, закрытым за Лукашэнкам.

Пасьля гэтага заняўся кіно. Апошняя прэм’ера адбылася тыдзень таму ў Піцеры, а затым у Маскве. Гэта – дакумэнтальная стужка “Папярэджаньне”. Леанід Міндлін – сцэнарыст, а рэжысэр – Юры Хашчавацкі.

Фільм, дарэчы, другі сумесны іхні праект пасьля славутага “Звычайнага прэзыдэнта”. У першым галоўны пэрсанаж – Аляксандар Лукашэнка, а ў апошнім – Уладзімер Пуцін.

– …Каб я мог займацца ў сваёй краіне тэлежурналістыкай, з кіно мы б разьмінуліся, бо на ТБ ёсьць свой “кайф”. Кіно – працэс доўгі, а тэлебачаньне працуе па прынцыпу “сёньня на сёньня”.

– З чаго ўсё пачалося: як зьявіўся ваш першы фільм?

– З апэратарам Уладзімерам Андронавым мы працавалі як карэспандэнты WTN – агенцтва тэленавінаў. Заставалася шмат матэрыялу, і як лягічны працяг зьявіўся фільм “Страх. Рэпартажы з цэнтру Эўропы”. Дарэчы, ён адразу атрымаў гран-пры на фэстывалі ў Празе “Адзіны сьвет”, быў паказаны пасьля ў 17 краінах.

– Найбольш моцнае журналісцкае ўражаньне?

– Некалі ў вядомым на ўвесь СССР часопісе “Парус” (ён выдаваўся ў Менску) я вёў рубрыку “Дзелавыя надзеі”. Гэта быў пачатак перабудовы, і ў конкурсе на лепшую бізнэс-ідэю прынялі больш за чатыры тысячы чалавек. Вось тады я ўпершыню абсалютна дакладна ўсьвядоміў: у савецкім грамадзтве вялізны нявыкарыстаны патэнцыял актыўных, энэргічных людзей, якія шмат што могуць зьмяніць да лепшага.

Гэтая надзея не пакідае мяне й цяпер. Таму й працую…
XS
SM
MD
LG