Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Два ў адным” на “Лістападзе” ня будзе


Алесь Дашчынскі, Менск 17 лістапада ў Менску пачынаецца Міжнародны кінафэстываль “Лістапад-2007”. Ад 2000 году ён праводзіцца пад патранажам Аляксандра Лукашэнкі.

Напярэдадні разгарэўся скандал вакол удзелу ў фэстывалі стужкі “Два ў адным” вядомай кінарэжысэркі з Адэскай кінастудыі Кіры Муратавай. Кожны новы фільм Кіры Муратавай дэманстраваўся на папярэдніх “Лістападах”. "Два ў адным " таксама быў заплянаваны да паказу. Але прадстаўніца дырэкцыі фэсту Валянціна Сьцяпанава заявіла, што стужкі Муратавай ня будзе, яе зьнялі з праграмы фэстывалю.

У кінафільме на сэкундаў трынаццаць зьяўляецца кіраўнік Беларусі, які віншуе народ з Новым годам. Пэрсанажы глядзяць тэлевізар, і герой вядомага ўкраінскага артыста Багдана Ступкі кажа: “В-в-видный мужчина”. Паводле неафіцыйнай вэрсіі, менавіта з-за гэтага эпізоду і было вырашана зьняць фільм.

Прадусар фільму Алег Кохан патлумачыў:

“Я ў двух словах ведаю сытуацыю вакол гэтага фэстывалю. Там нейкія ёсьць спэкуляцыі наконт удзелу Лукашэнкі ў фільме. Фільм ня быў заяўлены і ня быў падпісаны ні кантракт, ні дамова. Больш за тое, не было запрашэньня. На гэтым як бы пытаньне закрытае. Фільм ня зьняты, бо ён ня быў у конкурсе, ня быў пастаўлены, ня быў заяўлены і не было запрашэньня.

У нас ва Ўкраіне ўжо разьдзьмулі гісторыю, што зьняты па палітычных матывах. Няма ніякіх палітычных падстаў, і сэнс у тым, што фільм ня быў запрошаны. Вось, ён ня мог быць зьняты”.

Я пацікавіўся ў спадара Кохана, чаму менавіта Аляксандар Лукашэнка трапіў у кінафільм?

“Гэта пытаньне да рэжысэра. Вы павінны самі пабачыць карціну і потым самі зразумець, што гэта ня мае ніякіх адносін. Гэта проста як прэзыдэнт, як віншаваньне прэзыдэнта з Новым годам”.

Карэспандэнт: “Маглі б узяць іншага прэзыдэнта...”

“Маглі, не было відэаматэрыялаў. Гэта не сьвядомы, а выпадковы варыянт”.

Спадар Кохан сказаў, што Кіра Муратава цяпер на здымках і ня можа паразмаўляць з прэсай.

Дырэктар здымачнай групы Марына Жыдзецкая зьдзіўленая. Яна кажа, што кадр не змантаваны, дакумэнтальны.

“Бяскрыўдны кадр. Проста прэзыдэнт віншуе народ. Вельмі добры як бы кадр. Не было нават ніякага адмоўнага намёку. І ўсе вельмі зьдзіўлены гэтым фактам.

Паводле сюжэту гэта пераднавагодні вечар, і ўлучаюць героі тэлевізар. І там ідзе віншаваньне прэзыдэнта”.

Карціну Кіры Муратавай “Два ў адным” замянілі на карэйскі кінафільм “Патаемнае зьзяньне”.
XS
SM
MD
LG